CК завяршыў расследаванне крымінальнай справы пра збыт паўтоны гераіну
Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта завяршыла расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да чатырох удзельнікаў арганізаванай групы — ураджэнцаў Блізкага Усходу і Усходняй Еўропы, паведамляе прэс-служба СК.
Іх абвінавачваюць у збыце гераіну. Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, гэтыя людзі ўваходзілі ў склад міжнароднай злачыннай арганізацыі. З мая па лістапад 2019 года яны арганізавалі пастаўку наркотыку з тэрыторыі Афганістана ў краіны Еўрасаюза цераз Беларусь.
„Кіраўнік арганізаванай групы меў шырокі спектр абавязкаў: уцягванне ў злачынную дзейнасць новых асоб для павелічэння аб’ёмаў продажу і прыбытку, стварэнне ў інтарэсах злачыннай арганізацыі падначаленых арганізаваных груп, размеркаванне абавязкаў паміж удзельнікамі, навучанне розным прыёмам канспірацыі злачыннай дзейнасці, пошук спосабаў для незаконнай перавозкі наркатычных сродкаў. Астатнія ўдзельнікі арганізаванай групы няўхільна выконвалі даручаныя іх кіраўнікамі абавязкі”, — гаворыцца ў паведамленні СК.
З незаконнага абароту канфіскавана больш за 550 кг гераіну. У межах расследавання ўстаноўленае, што асабліва небяспечны наркатычны сродак увезены ў Беларусь пад выглядам садавіны з Ірана транзітам цераз Расею, пасля чаго быў размешчаны на складзе ў Заводскім раёне Менска, дзе захоўваўся ў тайніку — у сцяне бытоўкі.
Следчыя дапыталі сведак і абвінавачаных, правялі агляды месцаў здарэнняў, вобшукі, канфіскавалі мабільную і камп’ютарную тэхніку. „Яе змесціва старанна прааналізаванае з мэтай устанаўлення ўсіх абставін злачыннай дзейнасці кожнага з удзельнікаў групы. Вывучаныя і далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы экспертызы, праведзеныя спецыялістамі ДКСЭ”, — адзначылі ў СК.
Паводле вынікаў расследавання ўдзельнікам арганізаванай групы, у залежнасці ад ролі кожнага, выстаўленае абвінавачанне згодна з ч. 1 арт. 285 (стварэнне злачыннай арганізацыі альбо кіраванне ёю) і ч. 4 арт. 328 (незаконныя з мэтай збыту выраб, набыццё, захоўванне, перавозка альбо незаконны збыт наркатычных сродкаў у буйным памеры альбо ў дачыненні да асабліва небяспечных наркатычных сродкаў, учыненыя арганізаванай групай) Крымінальнага кодэкса. Да абвінавачаных прымененая мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Расследаванне завершанае, крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.