Следчы камітэт: Грамадзянін ЗША загінуў у выніку няшчаснага выпадку (абноўлена)
Больш чым праз суткі пасля з’яўлення інфармацыі аб гібелі ў Менску маёра Нацыянальнай гвардыі ЗША Кайла Тэфела Следчы камітэт Беларусі апублікаваў афіцыйную інфармацыю з гэтай нагоды.
Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова, гэтая інфармацыя „вычарпальная і дапаўняцца не будзе”.
Паводле даных СК, мінскія следчыя праводзяць праверку па факце гібелі грамадзяніна ЗША ў Мінску. Устаноўлена, што 12 чэрвеня прыкладна апоўначы на даху бара аднаго з гасцінічных комплексаў Мінска было знойдзенае цела мужчыны з прыкметамі падзення з вышыні.
Следчыя чакаюць канчатковых вынікаў комплекснай судова-медыцынскай экспертызы для далучэння да матэрыялаў праверкі, правядзенне якой цяпер працягваецца.
На месца здарэння выбывала следча-аператыўная група. Падчас агляду і правядзення праверачных мерапрыемстваў высветлілася, што адзін з пастаяльцаў гасцініцы вылез праз акно нумара на вуліцу (балкон адсутнічаў), пасля чаго зваліўся з парапета 10-га паверха. Асоба мужчыны была ўстаноўленая. Ім аказаўся грамадзянін Злучаных Штатаў Амерыкі 1981 года нараджэння. Іншаземец прыбыў у Беларусь з дзвюма сваячкамі на чэмпіянат па паўэрліфтынгу.
Следчыя апыталі ўвесь персанал гасцінічнага комплексу, які працаваў у тыя суткі. Для працэсуальных дзеянняў са сваякамі загінулага запрашаўся перакладчык. Усе паказанні далучаныя да матэрыялаў праверкі.
Паводле папярэдніх даных эксперта ДКСЭ, смерць мужчыны наступіла ў выніку траўмаў, характэрных для падзення з вышыні, іншых пашкоджанняў не выяўлена.
„Атрыманая следствам інфармацыя дазваляе казаць аб тым, што гібель мужчыны не ўтрымлівае прыкмет крымінальнага характару і з’яўляецца няшчасным выпадкам”, — гаворыцца ў паведамленні СК.
* * *
Следчы камітэт і Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пакуль не каментуюць інфармацыю пра гібель у Менску маёра Нацыянальнай гвардыі ЗША Кайла Тэфела.
Інфармацыя аб трагедыі з’явілася ў беларускіх СМІ 6 ліпеня са спасылкай на амерыканскія масмедыя. Паведамлялася, што ў сярэдзіне чэрвеня 36-гадовы афіцэр прыехаў у Мінск са сваімі цёткамі, якія ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па паўэрліфтынгу, каб падтрымаць іх. 16 чэрвеня ў яго здарыўся канфлікт з аховай казіно ў гасцініцы „Юбілейная”, дзе жылі амерыканцы. Супрацоўнікам Службы бяспекі нібыта давялося праводзіць замежніка да яго нумара на 10-м паверсе. Праз некаторы час цела афіцэра было знойдзена на вуліцы. Бацька загінулага сцвярджае, што яго скінулі з даху. Іншая версія — амерыканец выпаў з балкона.
Паводле інфармацыі амерыканскіх СМІ, Кайла Тэфела пахавалі ў Атланце 5 ліпеня.