Cледства па справе Паліенкі працягнута да канца чэрвеня
Расследаванне крымінальнай справы актывіста анархісцкага руху Дзмітрыя Паліенкі працягнутае да канца чэрвеня. Гэтую інфармацыю БелаПАН пацвердзіў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч.
„Следства працягваецца. Тэрміны расследавання прадоўжаныя, — сказаў ён. — Новых падрабязнасцяў, якія можна данесці да грамадскасці, пакуль няма”.
Дзмітрый Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка гэтага года па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства.
„Паводле дадзеных следства, 13 сакавіка прыблізна ў 20 гадзін на лесвічнай пляцоўцы аднаго з дамоў па вуліцы Гурскага ў Менску неўстаноўленая асоба ў адказ на заўвагу мужчыны пра курэнне ў пад’ездзе пырснула яму ў твар газ з газавага балончыка, — раней паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова. — Супрацоўнікамі міліцыі падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства 20 сакавіка быў затрыманы Дзмітрый Паліенка. Ён дапытаны, па месцы яго жыхарства праведзены вобыск. Цяпер з затрыманым праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні, накіраваныя на высвятленне абставінаў таго, што адбылося. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца”.
5 красавіка Паліенку было выстаўленае абвінавачанне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса.
„Выстаўленае абвінавачанне ў здзяйсненні некалькіх злачынстваў. Гэта асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339), распальванне іншай сацыяльнай варожасці (арт. 130), а таксама апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці (арт. 341), — паведаміла Ганчарова. — Усе эпізоды супрацьпраўнай дзейнасці, якія цяпер устаноўлены ў дачыненні да яго, злучаныя ў адным справаводстве. Працягваецца расследаванне”.
Абвінавачанне па арт. 341 выстаўленае Паліенку за нанясенне графіці на адзін з будынкаў на вуліцы Ахоцкай у Заводскім раёне Менска. 23 студзеня 2019 года СК распачаў крымінальную справу за нанясенне графіці. Фігурантамі гэтай справы, акрамя Паліенкі, з’яўляюцца Яўген Чуліцкі і Анастасія Гусева.
Меру стрымання Паліенку не змянялі — з сакавіка ён знаходзіцца пад вартай.
Раней, каментуючы сайту spring96.org абвінавачанні, праваабаронца Валянцін Стэфановіч сказаў: „Існуе дзве версіі падзей. Паводле версіі Дзмітрыя, ён быў вымушаны прымяніць газавы балончык у мэтах самаабароны супраць нецвярозага і агрэсіўнага грамадзяніна, які абражаў і ўдарыў яго. Згодна з афіцыйна выстаўленым абвінавачаннем, Дзмітрый нібыта ў адказ на заўвагу жыхара дома аб забароне курэння ў пад’ездзе прымяніў у дачыненні да апошняга газавы балончык, здзейсніўшы такім чынам асабліва злоснае хуліганства. Такім чынам, маем два варыянты паводзін Дзмітрыя — дапушчальная самаабарона і злоснае хуліганства з прымяненнем газавага балончыка. Але для таго, каб мы паверылі ў версію, агучаную следствам, яно павінна даць нам досыць важкія доказы”.
Паводле слоў Стэфановіча, асаблівую цікавасць у праваабаронцаў выклікаюць абвінавачанні па іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса, у прыватнасці па арт. 130. Паводле інфармацыі праваабаронцы, распальваннем іншай сацыяльнай варожасці следства лічыць распальванне варожасці ў дачыненні да такой сацыяльнай групы, як міліцыя. Па выніках экспертызы відэароліка, на якім невядомая асоба наносіць графіці на будынак, прызнана, што яна распальвае варожасць у дачыненні да сацыяльнай групы — міліцыі.
„Міліцыя не з’яўляецца сацыяльнай групай, як не з’яўляюцца сацыяльнай групай прадстаўнікі іншых дзяржаўных органаў і ўлада ў цэлым, — падкрэсліў Стэфановіч. — Адпаведна, нельга казаць пра распальванне ў дачыненні да іх варожасці. Такога роду кваліфікацыя з’яўляецца непісьменнай і акрамя таго сведчыць аб жаданні ўладаў надаць палітычны кантэкст гэтай крымінальнай справе”.
Стэфановіч таксама не выключыў, што суд над Паліенкам могуць правесці ў закрытым рэжыме, каб прадстаўнікі праваабарончай супольнасці не змаглі ацаніць сутнасць крымінальнай справы.