Cлонімцы фіксуюць дзясяткі парушэнняў
У Слоніме падчас датэрміновых выбараў кандыдаты ў дэпутаты зафіксавалі шэраг парушэнняў. Напрыклад, кандыдат у дэпутаты Слонімскага раённага Савета дэпутатаў па Заходняй выбарчай акрузе № 15 Алесь Масюк напісаў дзве скаргі ў Цэнтральную камісію па выбарах, а таксама ў Слонімскую раённую выбарчую акругу. У скарзе кандыдат у дэпутаты паведаміў, што на Незалежным выбарчым участку для галасавання № 10, які знаходзіцца ў сярэдняй школе № 8 г. Слоніма адбываецца галасаванне адначасова па трох выбарчых акругах. Дзве акругі па выбарах у мясцовы Савет (Незалежная выбарчая акруга № 14 і Заходняя выбарчая акруга № 15) і адна акруга па выбарах у абласны Савет (Фабрычная выбарчая акруга №54).
З першага дня датэрміновага галасавання на выбарчым участку пастаянна знаходзяцца давераныя асобы Алеся Масюка Іван Бедка і Уладзімір Караткоў у якасці назіральнікаў. У першы ж дзень датэрміновага галасавання давераныя асобы Алеся Масюка запыталі ў старшыні выбарчай камісіі Юнго Т.В. пра колькасць выбаршчыкаў зарэгістраваных па Заходняй выбарчай акрузе №15. Але адказу на яго пытанне яны не атрымалі. У сувязі с чым, наглядальнікі былі вымушаны напісаць скаргу. Напрыканцы першага дня датэрміновага галасавання выбарчая камісія вывесіла копію пратакола з указаннем колькасці грамадзян, якія атрымалі бюлетэні для галасавання ў гэты дзень. Але ў пратаколе, чамусьці была ўказана агульная колькасць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі на гэтым участку. А інфармацыі пра тое, колькі прагаласавала датэрмінова па кожнай выбарчай акрузе, у прыватнасці па Заходняй выбарчай акрузе №15 Алеся Масюка, чамусьці не было.
Давераная асоба кандыдата звярнулася да старшыні выбарчай камісіі с просьбай назваць хаця б вусна колькасць выбаршчыкаў па Заходняй выбарчай акрузе №15, якія прагаласавалі датэрмінова ў гэты дзень. Але старшыня камісіі адмовілася даць такія звесткі. Таму давераныя асобы Алеся Масюка былі вымушаны напісаць некалькі скаргаў на імя старшыні ўчастковай камісіі і старшыні Слонімскай раённай выбарчай камісіі. Але і пасля гэтага, сітуацыя не змянілася. У чацвер, 15 лютага, давераным асобам Алеся Масюка было зноў адмоўлена ў прадастаўленні інфармацыі пра колькасць выбаршчыкаў, зарэгістраваных па Заходняй выбарчай акрузе №15, а таксама пра колькасць тых, хто прагаласаваў датэрмінова па гэтай жа акрузе. Алесь Масюк лічыць, што названыя парушэнні з’яўляюцца наўмыснымі і грубымі парушэннямі выбарчага заканадаўства і робяцца з мэтай маніпуляцыі колькасці выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні.
Назіральнікі і іншыя дэмакратычныя кандыдаты ў дэпутаты ў Слоніме таксама зафіксавалі безліч парушэнняў і напісалі шэраг скаргаў. Пакуль адказаў на скаргі ніхто з назіральнікаў і кандыдатаў у дэпутаты не атрымаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім