COVID 19: агляд сусветнай прэсы



Пратэст раварыстаў у Славеніі і развагі, ці вернецца Нью-Ёрк да таго стану, у якім быў да эпідэміі каранавірусу? Пра гэта і іншае ў аглядзе прэсы ад Кастуся Багушэвіча.

BBC у суботу задае пытанне, ці застанецца Нью-Ёрк тым Нью-Ёркам, які мы ведаем? Карэспандэнт Нік Браянт адзначае, што цяперашнія ўмовы ўнеслі велізарныя змены ў звыклае жыццё. Партнёрскія роды, якія раней лічыліся фактарам здаровай сям’і, больш немагчымыя. Мужоў аддзяляюць ад жонак, а жонак ад немаўлят. Горад, які ніколі не спіць ператварыўся на горад, які не можа заснуць. А машыны з моргаў з маразільнымі камерамі ніхто не бачыў на вуліцах з часу тэрактаў 11 верасня 2001. І калі дзень тэрактаў можна назваць самым жудасным днём у найноўшай гісторыі Нью-Ёрку, дык цяперашнюю сітуацыю належыць называць самым жудасным сезонам. Далей журналіст апісвае сітуацыю ў сваёй сям’і. Спачатку сімптомы праявіліся ў яго – кашаль, боль у цягліцах, затым тое самае пачалося ў жонкі, прычым стан яе пагаршаўся, асабліва па вечарах. У выніку стан нармалізаваўся, і шпіталізацыя не патрабавалася. Журналіст у сваёй калонцы піша, што Нью-Ёрк, нягледзячы на каронавірус, усё адно застаўся горадам-аптымістам, няхай ім цяпер страшна. Але амбіцыі і жаданне жыць нікуды не падзеліся. Пажарныя малююць тэкставую расцяжку і прыязджаюць на працоўнай машыне да шпіталя, каб падзякаваць лекарам, іншыя не падаюць духам пасля выгляду крамы, якую пашкодзіў не столькі каронавірус, колькі ўраган. Кожны вечар а 9-й гадзіне Эмпайр Стэйт Білдынг асвятляецца ў чырвона-белае святло, гучаць сірэны ў гонар ратавальнікаў, якія аказваюць дапамогу. Да таго часу, пакуль гэты крызіс не скончыцца, гэта рытуал, адразу ўзрушальна-прыгожы і халодна-злавесны. Але гэта не вырашае пытанне – калі Нью-Ёрк вернецца ў Нью-Ёрк.

Пакуль Еўропа паступова аднаўляе ранейшае жыццё, урад Маршалавых выспаў падоўжыў забарону для ўсіх падарожнікаў яшчэ на месяц, паколькі лічыць Кавід-19 „нацыянальнай пагрозай”. Апошнія рэкамендацыі на гэтым тыдні выдаў міністр аховы здароўя Джэк Нідэнтал. Усе турыстычныя пералёты на Маршалавы выспы забароненыя да 5 чэрвеня, таксама працягваюцца абмежаванні на выезд жыхарам Маршалавых выспаў. Яны засталіся адной з менш чым 20 краін свету без адзінага пацверджанага выпадку Covid-19. Новая кансультацыйная дапамога па паездках, ужо 12-я выдадзеная ўрадам з 24 студзеня, працягнула забарону на выезд за некалькі дзён да таго, як завяршаўся папярэдні тэрмін абмежаванняў, 5-га траўня, піша RNZ. У цяперашні час няма рэгулярных міжнародных пасажырскіх авіяперавозак на Маршалавы выспы. Апошні рэйс United Airlines, які злучаў Маджура і Кваджалэйн з Гаваямі і Гуамам, адбыўся 13-14 красавіка. Мясцовыя ўлады заявілі, што чарговы рэйс кампаніі United Island будзе папярэдне запланаваны на 20-21 траўня.

А цяпер перанясемся ў Еўропу, у адну з найбольш развітых краін. Славенія. Тут напярэдадні прайшлі пратэсты раварыстаў.

3,5 тысячы ў Любляне, каля 300 у Марыбары праехалі гарадскімі вуліцамі на знак пратэсту супраць захадаў славенскага ўраду. Падобны пратэст адбыўся і ў Коперы. У сталіцы краіны адным з арганізатараў выступіла Люблянская анархісцкая ініцыятыва, якая заклікала 1 траўня да салідарнасці, а не крызісу і запалохвання. Яны ва ўласнай заяве засцерагаюць славенцаў „ад новага эканамічнага і сацыяльнага крызісу, які будзе ісці за эпідэміяй, рэакцыя ўладаў выглядае прадказальнай: скарачэнне бюджэту, зацягванне паясоў, рабаванне людзей, каб дапамагчы выжыць банкам, знішчэнне навакольнага асяроддзя для прыбытку, рэпрэсіі, папулізм і адмаўленне свабоды.” А пачалася падрыхтоўка да пратэстаў некалькі дзён таму з закліку перабірацца з гаўбцоў на вуліцы. 3,5 тысячы раварыстаў на плошчы Рэспублікі ўвечары сталі нечаканасцю для паліцыі. Яна не затрымлівала ўдзельнікаў прабегу, але фіксавала людзей, якія прыехалі, папярэджваючы іх пра парушэнне ахоўных захадаў. Некаторыя раварысты ехалі з музыкай, некаторыя званілі ў званкі на стырне. У Цівальскім парку ў Любляне заспявалі нацыянальны гімн. Ініцыятары пратэсту, а гэта каля 20 розных грамадзянскіх групаў, напісалі ў сваёй заяве, заклікаючы прыязджаць на пратэст: „У тыя дні, калі мы як грамадства адказваем на выклікі эпідэміі, урад Янеза Яншы пад выглядам барацьбы з вірусам уводзіць надзвычайную сітуацыю і робіць штодзённае злоўжыванне нашымі свабодамі. Усё гэта не мае нічога агульнага з барацьбой з эпідэміяй, а хутчэй адлюстроўвае жаданне цяперашніх уладаў устанавіць самадзяржаўнае кіраванне, мілітарызаваць грамадства і замацаваць прывілеі нямногіх, хто трымае ўладу і багацце ў гэтым грамадстве. Мы кажам гэтаму НЕ!», – напісалі славенскія пратэстоўцы.

Агляд сусветнай прэсы прадставіў Кастусь Багушэвіч.