COVID 19: агляд сусветнай прэсы
Італьянцам дазволілі наведванне сваякоў, бразільскія жанчыны больш за суайчыннікаў—мужчын занепакоеныя пандэміяй. Сербы чакаюць матэрыяльнай дапамогі падчас каранцін. Пра гэта — у аглядзе прэсы ад Кастуся Багушэвіча.
ПС: Ва Украіне збіраюцца палегчыць умовы каранціну. З 5 траўня будзе дазволена правядзенне планавых аперацый. Пра гэта паведаміў міністр аховы здароўя Максім Сцяпанаў, які спаслаўся на адпаведнае рашэнне ўраду. Піша Уніан. Сцяпанаў адзначыў, што падчас каранціну ва Украіне планавыя аперацыі і шпіталізацыі былі адмененыя, але каранцін трывае каля 50 дзён, і ўжо ёсць неабходнасць у правядзенні планавых аперацый, уключна з жыццёва важнымі. „Я таксама адчуў гэта пасля размовы з нашымі спецыялістамі на месцах, з нашымі лекарамі, у тым ліку падчас паездкі ў Чаркаскую вобласць 1 траўня”, – сказаў ён. У той жа час ён адзначыў, што для таго, каб пазбегнуць заражэння медыцынскіх работнікаў, аперацыі будуць праводзіцца толькі пасля тэставання пацыентаў на каронавірус. „Такім чынам, мы знізім рызыку заражэння медыцынскіх работнікаў да нуля”, – сказаў Сцяпанаў.
Праблема каронавірусу спрычынілася да рэзкага скачку колькасці выпадкаў хатняга гвалту ў Бразіліі, пра гэта піша Folha de Sao Paulo. Найбольш ад каронавірусу церпяць жанчыны. Але хатні гвалт — не адзіная прычына іх хваляванняў. Шмат хто з іх баіцца далейшага заражэння ўсё большай колькасці людзей з-за таго, што прэзідэнт краіны Жаір Балсанару адмаўляе сур’ёзнасць каронавірусу. Апублікаваныя вынікі апытання бразільцаў, якое праводзілася па тэлефоне, каб пазбегнуць асабістага кантакту падчас пандэміі. 1503 дарослыя бразільцы з усіх штатаў краіны адказвалі на пытанні пра асноўныя страхі і занепакоенасці ў гэты час. Сярод апытаных 60% кажуць, што яны выходзяць з дому толькі тады, калі гэта непазбежна, а 20% — наогул не выходзяць. 61% апытаных жанчын лічыць, што бразільцы перажываюць з-за каронавірусу меней, чым павінны, сярод мужчын адсотак меншы — 51. Для 71% жанчын зараз самае галоўнае — трымаць людзей дома, рабіць важныя каранцінныя захады, каб пазбегнуць распаўсюду каронавірусу, нават калі гэта шкодзіць эканоміцы і выклікае беспрацоўе. Сярод мужчын колькасць людзей, якія так лічаць, складае 63%.
У Сербіі дапамогуць людзям, якія апынуліся ў цяжкой псіхалагічнай ці эканамічнай сітуацыі. Выплаты ў памеры 100 еўра ў рамках пакета захадаў пачнуцца 15 траўня і працягнуцца да 5 чэрвеня. Каля 5,5 мільёнаў грамадзян Сербіі маюць права на 100 еўра дапамогі. Міністэрства фінансаў дазволіць усім грамадзянам, якія маюць права на гэтую суму і жадаюць атрымаць грошы, звярнуцца па іх у электронным выглядзе праз партал Міністэрства фінансаў альбо па тэлефоне. Нумар тэлефона будзе аб’яўлены 15 траўня, калі кантакт-цэнтр пачне працаваць. „Падчас званка ці звароту ў Інтэрнэце грамадзянам неабходна будзе паведаміць сваё імя і прозвішча, пасведчанне асобы, а таксама імя банка, у якім у іх ужо ёсць рахунак, альбо ў якім яны хочуць адкрыць свой спецыяльны рахунак”, – нагадалі ў Міністэрстве фінансаў. Як было абвешчана раней, праграма на 100 еўра для ўсіх грамадзян Сербіі накіравана на стымуляванне нармальнай жыццядзейнасці і лепшы псіхалагічны стан людзей, піша сербская прэса. Прэм’ер-міністр Сербіі Ана Брнабіч і члены яе кабінета не будуць карыстацца дапамогай у 100 еўра, пра гэта было заяўлена раней.
У Італіі абмежавальныя захады, якія былі ўведзены 55 дзён таму для барацьбы з каронавірусам, пачынаюць слабець. Пра гэта паведамляе ANSA. Каля чатырох мільёнаў грамадзян сёння вяртаюцца на працу пасля амаль двухмесячнага прымусовага перапынку. Пры гэтым працадаўцы абавязаны дэзінфікаваць працоўнае месца, а работнікі павінны мець магчымасць рабіць на сацыяльнай дыстанцыі. Людзям таксама дазваляецца наведваць сваякоў. У той жа час ад іх патрабуецца насіць маскі. Вялікія сямейныя сходы па-ранейшаму забароненыя. Трэніроўкі могуць аднавіць асобныя спартоўцы. Да 18 траўня крамы будуць заставацца зачыненымі, за выключэннем крамаў прадуктовых і асноўных тавараў…
Беларускае Радыё Рацыя