COVID-19: агляд сусветнай прэсы



Малагасійская трава для лячэння каронавірусу і павелічэнне напружанасці паміж Пекінам і Вашынгтонам на тле пандэміі. Пра гэта — у аглядзе прэсы ад Кастуся Багушэвіча:

ПС: Унутраны кітайскі даклад паведамляе, што Кітай рызыкуе сутыкнуцца са Злучанымі Штатамі ва ўзброеным канфлікце. Пра гэта агенцыі Reuters паведамілі крыніцы, знаёмыя са зместам дакладу. Ён быў прадстаўлены Міністэрствам дзяржаўнай бяспекі першым асобам Кітайскай Народнай Рэспублікі ў мінулым месяцы ўключна з генеральным сакратаром Сі Цзіньпінем. У тэксце гаворыцца, што гэта найвялікшая пагроза кітайскай уладзе з 1989 года, калі адбыліся вялікія пратэсты на плошчы Цяньаньмэнь. Стаўленне Злучаных Штатаў да Кітаю пагаршаецца, асабліва на тле пандэміі каронавірусу. Напісаны даклад Кітайскім Інстытутам сучасных міжнародных адносінаў, а менавіта яго аналітычным цэнтрам, які наўпрост звязаны з Міністэрствам дзяржаўнай бяспекі. Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Кітаю адмовіўся даваць Reuters каментар, спаслаўшыся на адсутнасць у яго патрэбнай інфармацыі. Міністэрства дзяржбяспекі наогул устрымліваецца ад кантактаў з журналістамі і з’яўляецца вельмі закрытым ведамствам. Журналісты агенцыі не бяруць на сябе смеласць ацэньваць самастойна ўсе вядомыя ім пункты дакумента, але робяць выснову, што супрацьстаянне з ЗША можа моцна адбіцца на стане бяспекі Кітаю і на далейшым развіцці яго праектаў у замежжы. Злучаныя Штаты лічаць, што на Камуністычнай партыі Кітаю ляжыць адказнасць найперш перад уласнымі грамадзянамі, а таксама перад замежнымі за тое, што яна схавала маштабы і небяспеку каронавірусу на пачатковым этапе яго развіцця. Прэс-аташэ Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Морган Ортагус заявіў, што менавіта спроба Кітаю прымусіць маўчаць жыхароў краіны, журналістаў і медыкаў выпусціла каранавірусны крызіс з кіруемай сітуацыі ў становішча сусветнай пандэміі.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя ў панядзелак заявіла, што Вашынгтон не прадставіў ніякіх доказаў у падтрымку „спекулятыўных” сцверджанняў прэзідэнта ЗША аб тым, што новы каронавірус паўстаў у кітайскай лабараторыі. „Мы не атрымалі ніякіх дадзеных і канкрэтных доказаў ад урада Злучаных Штатаў адносна меркаванага паходжання віруса, таму, з нашага пункту гледжання, гэта застаецца спекулятыўным”, – заявіў дырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Майкл Раян. Навукоўцы мяркуюць, што вірус-забойца пераскочыў з жывёл на людзей, з’явіўся ў Кітаі ў канцы мінулага года, магчыма, на рынку ва Ухані, дзе прадавалі экзатычных жывёл на мяса. Але прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, усё больш крытычна ацэньваючы паводзіны Кітаю падчас першай успышкі, сцвярджае, што гэта пачалося ў лабараторыі Ухані. А ў нядзелю дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа заявіў, што „вялікая колькасць доказаў” падмацавала гэтае абвінавачанне, якое Кітай жорстка адмаўляў. „Як і любая арганізацыя, якая базуецца на фактах, мы былі б гатовыя атрымліваць любую інфармацыю, якая адпавядае паходжанню віруса”, – сказаў Раян, падкрэсліваючы, што гэта „вельмі важная інфармацыя для аховы здароўя для далейшага кантролю”, піша ў аўторак газета South China Morning Post. „Калі гэтыя дадзеныя і доказы будуць прадстаўленыя, тады ўрад Злучаных Штатаў будзе вырашаць, ці можна імі падзяліцца. Але Сусветнай арганізацыі аховы здароўя цяжка працаваць у інфармацыйным вакууме ў гэтым плане”, – сказаў Раян.

Прэзідэнт Танзаніі Джон Магуфулі заявіў, што наборы для тэставання на каронавірус, якія прыбылі ў краіну, няякасныя, і іх адпраўляюць назад. Пра гэта ён заявіў у мястэчку Чата, дадаўшы, што Служба бяспекі праверыла тэсты, узяўшы іх у казла, авечкі і папаі. Ім адмыслова былі дадзеныя чалавечыя імёны і названы ўяўны ўзрост, каб у лабараторыі думалі, што гэта сапраўды людзі. І тэсты, згодна словаў Магуфулі, далі станоўчы вынік на каронавірус. Такім чынам, вірус быў нібыта дыягнаставаны ў людзей, хаця насамрэч гэта былі ўзоры жывёлаў і садавіны. Магуфулі раскрытыкаваў якасць такіх тэстаў і сказаў, што кожная дапамога, што прыходзіць з-за мяжы, павінна быць карыснай, піша Al Jazeera. Пры гэтым раней Магуфулі, раскрытыкаваны за слабыя захады супрацьдзеяння каронавірусу, казаў пра атрыманне важнай дапамогі з Мадагаскару. Прэзідэнт той краіны Андрэ Рахаэліна заяўляў, што Малагасійскі інстытут прыкладных даследаванняў вынайшаў сродак для лячэння каранавірусу, дзякуючы якому нібыта адужалі некаторыя малагасійцы, у тым ліку дзеці. Гэта трава арцемізія, якая вырошчваецца на Мадагаскары ў Індыйскім акіяне…

Беларускае Радыё Рацыя