COVID-19: агляд сусветнай прэсы



Ірландцы дапамагаюць індзейцам. Знакаміты нью-ёркскі рэстаран можа зачыніцца з-за адсутнасці грошай і персаналу. Да чаго яшчэ прыводзіць каронавірус? Пра гэта — ў аглядзе сусветнай прэсы ад Кастуся Багушэвіча.

Помнік дапамозе племені Чокта ірландскім сем’ям падчас голаду. Горад Корк, Рэспубліка Ірландыя. Фота www.choctawnation.com

ПС: Улады сталіцы Бельгіі пачалі змаганне з загазаванасцю свайго горада. Да каранціну Брусель займаў адно з першых месцаў па забруджанасці паветра. Цяпер гарадскія ўлады спрабуюць даць больш прасторы роварам за кошт аўтамабіляў. Шэраг людзей з-за крызісу перасеў на бюджэтны сродак перасоўвання. Такую тэндэнцыю мэрыя хоча замацаваць, тым больш выдатныя роварныя традыцыі маюць, напрыклад, суседнія Нідэрланды. Пад роварныя дарожкі на цэнтральных брусельскіх вуліцах будуць аддадзеныя 40 кіламетраў. Гэта ўжо сустрэла станоўчыя водгукі ў жыхароў бельгійскага горада, піша Deutsche Welle. Ад каронавірусу ў Бельгіі памерлі ўжо амаль 8 тысяч чалавек. Але краіна пачынае паступова выходзіць з каранціну.

Рэстаран Eleven Madison Park, што месціцца на Манхэтэне ў Нью-Ёрку, можа не адкрыцца пасля каронакрызісу. На аднаўленне пасля доўгага прастою патрэбныя мільёны даляраў. Рэстаран класу „люкс” на 80 пасадачных месцаў зачыніўся ў сакавіку з-за пандэміі. Адна з праблем для перазапуску — не толькі ў грошах, але і ў персанале. Каля 30% супрацоўнікаў да нядаўняга часу складалі замежнікі, якія працавалі ў ЗША, афармляючы працоўную візу. Усе яны былі вымушаныя адляцець дадому. Пакуль рэстаран удзельнічае ў праграме харчавання для галодных Нью-Ёрку, але будучыня вядомай установы пад вялікім пытаннем. Eleven Madison Park неаднаразова ўваходзіў у прэстыжныя рэйтынгі рэстаранаў, займаючы там высокія месцы. Мае 3 зоркі Мішлен і 5 зорак даведніка Forbes, піша амерыканская прэса.

У многіх еўрапейскіх краінах эпідэмія каронавірусу пайшла на зніжэнне. Але радавацца рана, лічыць Лотар Уілер, кіраўнік Інстытута вірусалогіі Роберта Коха ў Берліне. Паводле Уілера, нават пасля таго, як чалавецтва справіцца з пандэміяй, нам трэба быць гатовымі да другой і нават трэцяй хваль COVID-19. „Я мяркую, што будзе другая і трэцяя хваля заражэння. І гэта пацвердзілі эксперты”, – сказаў Уілер, паведамляе Medikforum. Вірусолаг падкрэсліў, што нямецкая сістэма аховы здароўя ўжо гатовая да новых праблем. Ён таксама дадаў, што ўлады маюць намер павялічыць колькасць выпрабаванняў, праведзеных на COVID-19. На 6 траўня ў Нямеччыне дыягнаставана 166 706 выпадкаў захворвання, 135 100 пацыентаў ужо вылечыліся, а 6 993 памерлі. Першы выпадак хваробы ў краіне быў выяўлены 27 студзеня.

Больш за 170 гадоў таму адзін з карэнных народаў Амерыкі — чокта — накіраваў 170 даляраў галадаючым ірландскім сем’ям падчас так званага бульбянога голаду, адмыслова арганізаванага ірландцам англійскімі ўладамі за непадначаленне. Скульптура ў графстве Корк успамінае шчодрасць племені, якое жыло ў беднасці й тады, але дапамагло іншым. У апошнія дзесяцігоддзі сувязі паміж Ірландыяй і народам чокта ўзмацніліся. Зараз сотні ірландцаў аддаюць належнае той старой акцыі дапамагаючы плямёнам індзейцаў, якія пакутуюць на каранавірус. Па стане на аўторак, збор сродкаў сабраў больш за 1 мільён 800 тысяч даляраў. Гэтыя грошы пойдуць на тое, каб дапамагчы паставіць індзейцам чыстую ваду, прадукты харчавання і медыцынскія тавары для племені Наваха і рэзервацыі Хопі, і сотні тысяч даляраў паступаюць менавіта ад ірландскіх донараў, паведамляюць арганізатары збору. Многія ахвярадаўцы памятаюць шчодрасць чота, адзначаючы, што падарунак ірландцам 170 гадоў таму прыйшоў неўзабаве пасля таго, як тагачасны ўрад Злучаных Штатаў гвалтоўна перасяліў племя і некалькі іншых амерыканскіх індзейскіх групаў з Паўднёва-Усходняй Амерыкі, праводзячы іх пешшу па тысячы міль, дарогай, вядомай цяпер як „Шлях слёз”. На ім памерлі тысячы людзей. 43-гадовы Шон Кэлахан, адміністратар кампаніі Apple у горадзе Корк паведаміў у інтэрв’ю New York Times, што вырашыў ахвяраваць грошы менавіта індзейцам, бо памятае, як яны дапамаглі выжыць многім ірландскім сем’ям. Таму Шон вырашыў, што надыйшоў час адплаціць індзейцам за іх дабрыню. У нядзелю арганізатары пісалі тэкст аб „дабразычлівых дзеяннях продкаў, якія ўзаемна вяліся амаль праз 200 гадоў праз памяць крыві і ўзаемасувязь”. „Дзякуй, Ірландыя, што выявіла салідарнасць і тое, што прыйшла за нас”, – напісана ў адным каментары на старонцы GoFundMe.

Беларускае Радыё Рацыя