COVID-19: агляд сусветнай прэсы
Румынія даслала гуманітарную дапамогу Малдове. У Ісландыі амаль перамаглі каронаврус. Брытанцы незадаволеныя якасцю турэцкіх касцюмаў для медыкаў. Асноўныя тэмы — у аглядзе сусветнай прэсы ад Кастуся Багушэвіча.
ПС: Міністр унутраных спраў Лівана Мухамед Фахмі ў сераду дазволіў мячэцям і цэрквам адкрывацца на 30% магутнасці падчас пятнічных малітваў і нядзельнай імшы, гаворыцца ў паведамленні газеты Naharnet. Аднак міністр падкрэсліў неабходнасць захавання мер засцярогі і захавання бяспечнай сацыяльнай дыстанцыі на фоне сусветнай пандэміі каронавірусу. У канцы красавіка ўрад ухваліў пяціфазны план аднаўлення. Першы этап пачаўся 27 красавіка, другі 4 траўня, трэці ўступіць у сілу 11 траўня, чацвёрты 25 траўня і пяты 8 чэрвеня. Ліван знаходзіцца ў закрытым рэжыме з 21 лютага. На сённяшні дзень у Ліване зафіксаваны 741 выпадак каронавірусу і 25 смерцяў, паведамляюць афіцыйныя дадзеныя. Жорсткі каранцін раней правакаваў у краіне сутыкненні грамадзян з паліцыяй. Фінансавы стан Лівана штомесяц пагаршаецца, растуць знешнія пазыкі. Каля 45% ліванцаў жывуць на мяжы беднасці, тысячы з пачатку каранціна страцілі працу.
У Ісландыі 97% заражаных каронавірусам ужо вылечыліся, 39 чалавек па-ранейшаму пакутуюць на Covid-19, трое з іх знаходзяцца ў больніцы. Пра гэта паведамляе прэс-служба ўраду Ісландыі. Урад дадаў, што здароўе людзей, якія яшчэ не былі цалкам вылечаны, не выклікае неспакою. „З 1799 чалавек, выпрабаваных станоўча на Covid-19, 1750 больш не заражаныя. На жаль, хвароба забрала жыццё дзесяці чалавек”, – гаворыцца ў паведамленні. Адзначаецца, што Ісландыя вяртаецца да нармальнага жыцця — за апошнія сем дзён былі зафіксаваны толькі 2 новыя выпадкі. Грамадзянаў краіны заклікалі трымацца дыстанцыі і часта мыць рукі.
На наступным тыдні ў Шанхаі будзе адчынены Дыснэеўскі парк. Амерыканская кампанія адкрывае свой першы тэматычны парк з пачатку пандэміі. Адкрыццё пасля каранціну можа даць карысную інфармацыю кампаніям, якія хочуць аднавіць дзейнасць пасля блакавання. Кітайскі тэматычны парк прапануе мноства новых захадаў бяспекі для супрацоўнікаў і гасцей, уключаючы маскі для твару, прасочванне кантактаў і праверку тэмпературы. Кіраўніцтва парку Дыснэй сказала, што віртуальныя чэргі і іншыя тэхналогіі таксама разглядаюцца, піша BBC. Шанхайскі парк быў зачынены тры месяцы таму ў разгар вірусу ў Кітаі.
Таксама BBC у чацвер піша пра якасць турэцкай дапамогі Брытаніі. Каля 400 тысяч хірургічных касцюмаў, замоўленых з Турэччыны, не былі прадстаўлены работнікам медыцыны, паколькі яны не адпавядаюць брытанскім стандартам бяспекі, гэтую інфармацыю журналістам пацвердзіў урад Вялікабрытаніі. Адгрузка сродкаў індывідуальнай абароны праходзіла ў мінулым месяцы, але затым касцюмы затрымаліся на ўрадавым складзе. Незразумела, ці будзе дзяржава дамагацца вяртання грошай у пастаўшчыкоў. На працягу апошніх некалькіх месяцаў медыцынскія работнікі Вялікабрытаніі — у тым ліку лекары і медсёстры — скардзіліся на адсутнасць адпаведнага камплекту, напрыклад, халатаў, масак і пальчатак.
Канвой з 20 грузавікоў з гуманітарнай дапамогай з Румыніі прыбыў на пункт перасячэння мяжы з Малдовай Леушэн. Пра гэта 7 траўня паведамляе сайт Newsmaker.md. Як адзначылі ў Памежнай паліцыі Малдовы, пасля прывітання румынскай дэлегацыі канвой адправіцца ў Кішынёў. Урад Румыніі яшчэ на мінулым тыдні вылучыў гуманітарную дапамогу для Малдовы ў памеры 16,5 млн лееў (гэта 3,5 млн еўра). Напярэдадні 20 грузавікоў з гуманітарнай дапамогай адправіліся ў Кішынёў з Плошчы Перамогі ў Бухарэсце ў прысутнасці прэм’ер-міністра Людовіка Орбана і іншых афіцыйных асоб.
Беларускае Радыё Рацыя