COVID-19: агляд сусветнай прэсы



Які лёс чакае знакаміты кінафестываль у Канах? Якія каранцінныя абмежаванні здымаюцца з сённяшняга дня ва Украіне? Важныя артыкулы сусветнай прэсы — ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

– Канскі кінафестываль прадставіць падборку фільмаў у пачатку чэрвеня і будзе супрацоўнічаць з некалькімі фестывалямі, уключаючы Венецыю, каб прэзентаваць свае фільмы.

Арганізатары фактычна выключылі магчымасць правядзення фестывалю восенню сёлета ў звыклай форме. Пра гэта дырэктар Канскага фестывалю Цьеры Фрымо заявіў у нядзелю ў інтэрв’ю Screen Daily. Замест таго, каб выбраць віртуальны фестываль, Каны арганізуюць «перапланіроўку» ў супрацоўніцтве з іншымі восеньскімі кінафестывалямі. Сюды ўваходзіць Венецыя, якая першай адмовілася ад звыклага фармату з-за пандэміі. Менавіта з венецыянцаў пачаліся перамовы. Таксама ў паказы будуць залучаныя і канскія кінатэатры. «Кіно і яго прамысловасць знаходзяцца пад пагрозай зрыву. Мы павінны будзем аднавіць, зноў пацвердзіць яго значэнне энергіяй, адзінствам і салідарнасцю”, – сказаў Фрымо. Замест таго, каб раскрыць усё тое, што павінна было быць на афіцыйным пракаце фестывалю сёлета, ён абвесціць толькі спіс фільмаў, якія ўваходзілі туды, іх плануецца паказаць у кінатэатрах сёлета і наступнай вясной. Гэтыя фільмы будуць ісці пад аднолькавым цэтлікам „Каны 2020”. Тым часам працэс адбору на фестываль наступнага года пачнецца бліжэйшай восенню. Некаторыя фільмы, якія былі адабраны для гэтага мерапрыемства, адтэрмінавалі выхад на год і будуць паказаныя, верагодна, на фестывалі 2021 года. Каны будуць дэманстраваць свае фільмы з уласнай маркіроўкай на такіх фестывалях, як Таронта, Давіль, Ангулем, Сан-Себасцьян, Нью-Ёрк, Пусан і фестываль Люм’ер у Ліёне. Фрымо дадаў, што з Венецыяй ідэя заключаецца ў тым, каб ісці далей і сумесна прадстаўляць фільмы.

Падобныя праблемы паўсталі і перад арганізатарамі шматлікіх фестываляў у Харватыі. Міністэрства культуры краіны пацвердзіла, што самыя буйныя нацыянальныя фестывалі, такія як Дуброўніцкія летнія гульні, Спліцкі летні фестываль і Вараждзінскія барочныя вечары, адбудуцца, але пытанне, у якім выглядзе. Адно дакладна — праграмы неабходна будзе змяніць пад сітуацыю. Хоць некаторыя фестывалі абвясцілі сваю праграму ў канцы мінулага года, і анлайн-продажы білетаў павінны былі пачацца ў гэтыя дні, цалкам зразумела, што харваты з-за эпідэміялагічных захадаў не змогуць глядзець вялікія відовішчы на сцэнах. „Аўдыторыя будзе на паважнай сацыяльнай дыстанцыі, замест 500 чалавек іх будзе 100, але мы будзем выконваць фестывальны графік тры вечары запар, – сказаў прадстаўнік „Спліцкага лета” Срэчка Шэстан для праграмы „Дневнік” Харвацкай радыётэлевізіі. Тэатральная праграма зменіцца і ў Дубраўніку. „Амбітны тэатр” – найбуйнейшая пляцоўка 71-га па ліку фестывалю. „Што тычыцца канцэртаў, яны, безумоўна, будуць праводзіцца з улікам сацыяльнай дыстанцыі, і што важна, мы хочам заняць у выступах як мага больш харвацкіх артыстаў, якія не мелі прыбытку падчас гэтага крызісу”, – сказала журналістам Дора Руждак-Падольская, кіраўніца летняга фестывалю ў Дубраўніку.

Ва Украіне ад сёння, 11 траўня, будуць знятыя некаторыя каранцінныя абмежаванні. У прыватнасці, адкрыюцца паркі і скверы, запрацуюць летнія пляцоўкі рэстаранаў і кавярняў, цырульні, стаматалагічныя кабінеты і г.д. Пра паслабленне захадаў каранціну паведаміў тэлеграм-канал Міністэрства аховы здароўя Украіны, які ў апошнія тыдні амаль цалкам прысвечаны сітуацыі з каронавірусам. Аднак медыкі таксама нагадалі, што небяспека не прайшла. „Гэты дзень настаў, таму што большасць з нас выконвалі правілы. Аднак, гэта не значыць, што мы можам грэбаваць захадамі бяспекі… Каля 500 новых выпадкаў заражэння каронавірусам выяўляюцца ва Украіне кожны дзень”, – гаворыцца ў паведамленні. Частка каранцінных захадаў будзе дзейнічаць яшчэ да 22 траўня.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: EPA/Vostock-photo