COVID-19: агляд сусветнай прэсы
Трагедыя ў Санкт-Пецярбургу, аднаўленне чыгуначнага злучэння ў Індыі, адмена Дня сонцастаяння ў Стоўнхэджы.
Загалоўкі сусветнай прэсы пра каронавірус — у аглядзе Кастуся Багушэвіча:
– Трагедыя ў расейскім Санкт-Пецярбургу. У бальніцы святога Георгія 12 траўня раніцай на шостым паверсе пачалося ўзгаранне, прычынай магла стаць перазагрузка апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Пра гэта са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамляе „Інтэрфакс”. Апошнія дні апараты працуюць на мяжы магчымасцяў. У пажары загінулі пяць чалавек, якія знаходзіліся ў рэанімацыйным аддзяленні з дыягназам COVID-19. Эвакуявана 150.
Усіх жыхароў кітайскага горада Ухань, які быў эпіцэнтрам успышкі каронавірусу, плануюць праверыць на хваробу. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на ўласныя крыніцы. Тэставанне нуклеінавай кіслаты павінна праводзіцца на працягу 10 дзён. Улады горада пакуль не каментуюць гэтую інфармацыю. Раней горад з насельніцтвам 11 мільёнаў паведаміў пра новы выпадак каронавіруснай інфекцыі, упершыню з пачатку красавіка. На паўночным усходзе Кітая была адзначана ўспышка каронавірусу сярод жыхароў правінцыі Цзілінь.
Усе мячэці ў Іране павінны быць часова адчыненыя ў аўторак у рамках плана ўрада аб зняцці абмежаванняў у сувязі з каронавірусам. Яны будуць адчыненыя на працягу трох дзён, каб адзначыць адмысловыя ночы святога месяца Рамадан. Людзей просяць выконваць строгія пратаколы аховы здароўя. Пакуль незразумела, ці будуць адчыняць мячэці пасля Рамадану, паведамляе агенцтва Fars. Вярхоўны лідар Ірану аятала Хаменеі ў панядзелак заклікаў чыноўнікаў звярнуць увагу на патрэбу людзей у малітвах у гэты крытычны час, і асабліва ў Рамадан. На мінулым тыдні мячэці ў рэгіёнах з нізкім роўнем рызыкі аднавіліся ў больш чым 160 гарадах і мястэчках, але большасць былі зачыненыя амаль два месяцы з пачатку ўспышкі ў Іране. У краіне зафіксавана 109 286 выпадкаў каронавірусу і 6 685 смерцяў.
Некаторыя чыгуначныя рэйсы аднаўляюцца сёння ў Індыі — квіткі на цягнікі былі раскупленыя за некалькі хвілін. Чыгунка прастойвала амаль два месяцы, і гэта не дзіўна, што квіткі цяпер прадаюцца хутка — каля 30 000 былі набытыя ўсяго за тры гадзіны, паведамляе газета Times of India. У аўторак цягнікі адправяцца са сталіцы Дэлі ў 15 гарадоў, уключаючы Бангалор, Мумбаі і Чэннай. Пасажыры павінны насіць маскі, не праяўляць ніякіх сімптомаў каронавірусу і захоўваць сацыяльную дыстанцыю. Раней у гэтым месяцы ўрад таксама арганізаваў спецыяльныя цягнікі для мігрантаў, якія хацелі вярнуцца дадому. Чыноўнікі распавялі мясцовым СМІ, што больш за 500 такіх цягнікоў перавезлі 600 тысяч рабочых-мігрантаў з пачатку траўня.
Урачыстыя мерапрыемствы летняга сонцастаяння ў Стоўнхэнджы афіцыйна адменены з-за забароны на масавыя сходы, выкліканай каронавірусам. Традыцыйна каля 10 000 чалавек збіраліся каля помніка неаліту ва Уілтшыры 21 чэрвеня. Арганізацыя „Англійская спадчына” заявіла, што адмяняе мерапрыемства „для бяспекі і дабрабыту наведвальнікаў, валанцёраў і супрацоўнікаў”. Замест гэтага сонцастаянне будзе транслявацца ў сацыяльных сетках дабрачыннай арганізацыі. Дырэктарка Стоўнхэнджа Нікола Таскер сказала: „Мы правялі шырокія кансультацыі адносна таго, ці можна было б дзейнічаць бяспечна, і мы б вельмі хацелі правесці мерапрыемства, як звычайна, але, на жаль, урэшце, мы адчуваем, што ў нас няма ніякага выбару, акрамя як адмяніць падзею. Мы спадзяемся, што наш прамы эфір прапануе альтэрнатыўную магчымасць для людзей, якія знаходзяцца побач і далёка, каб злучыцца з гэтым духоўным месцам у такі асаблівы час года. А на месцы мы будзем радыя вітаць усіх ужо ў 2021-м годзе”, – перадае яе словы ВВС.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота architen.com