COVID-19: агляд сусветнай прэсы



Злучаныя Штаты вяртаюць Расеі небяспечныя апараты, Францыя вырашае праблемы заморскіх тэрыторый, выкліканыя каронавірусам, Фэйсбук паведамляе пра імклівы рост хлуслівай інфармацыі пра хваробу.

Важныя тэмы сусветнай прэсы — ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

– Ад сёння ў Брытаніі здымаюцца ўсе абмежаванні на прагулкі на свежым паветры і заняткі спортам, уведзеныя ў канцы сакавіка з-за ўспышкі каронавірусу. Гэта першы этап паслаблення каранціну, які дзейнічае ў краіне з канца сакавіка. Зараз не абмежаваны ні час прагулак, ні адлегласць ад дома, на якую можна выходзіць. Можна нават адправіцца на аўтамабілі ў іншае месца, але толькі з членамі сваёй сям’і. Таксама дазволена сустракацца з тым, з кім не жывяце разам, але толькі з адным чалавекам і з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі. Штрафы за парушэнне гэтых правілаў могуць дасягаць 3200 фунтаў. Працаваць па-ранейшаму рэкамендуецца з дома, выключэнне зроблена для работнікаў, якія занятыя ў будаўніцтве і на вытворчасці, піша ВВС. Дабірацца да месца працы людзям рэкамендавана пешшу або на ровары.

Улады амерыканскіх штатаў вяртаюць апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, прывезеныя з Расеі. Апараты не выкарыстоўваліся ў шпіталях, заявілі ў Федэральным агенцтве ЗША па ўрэгуляванні надзвычайных сітуацый (FEMA). Прадстаўнік уладаў штата Нью-Ёрк у інтэрв’ю Buzzfeed заявіў, што штат атрымаў 30 апаратаў з Расеі, але яны не спатрэбіліся. У Нью-Джэрсі атрымалі 15 апаратаў, але таксама імі не карысталіся. Гаворка можа ісці аб апаратах „Авента-М”. Прадстаўнік FEMA пацвердзіў, што яны пастаўляліся ў ЗША ў пачатку красавіка. За апошнія дні ў Расеі двойчы адбываліся пажары ў шпіталях. Пасля пажару ў аддзяленні рэанімацыі, дзе лячыліся хворыя на Covid-19, бальніца святога Георгія ў Выбаргскім раёне Пецярбурга адмовілася ад выкарыстання апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх „Авента”.

Сацыяльная сетка Фэйсбук у сваім артыкуле, складзеным незалежнымі журналістамі, якія працавалі ў інтарэсах кампаніі, падвяла вынікі красавіка і навінаў пра COVID-19. Кампанія паставіла знак папярэджання пра магчыма непраўдзівую інфармацыю на 50 мільёнаў паведамленняў. Фэйсбук заяўляе, што дзякуючы адмысловаму раздзелу пра карнавірус звыш 350 мільёнаў чалавек атрымалі праўдзівую інфармацыю пра хваробу.  З дапамогай 60 арганізацый па праверцы артыкулаў, напісаных больш чым на 50 мовах, Фэйсбук штодня выяўляе хлуслівыя паведамленні, якія імкнуцца пачаць паніку ці пераследуюць іншыя падобныя інтарэсы. Некаторыя артыкулы, якія маглі прычыніць псіхалагічную шкоду, сетка выдаліла. Прычым адзначаецца, што колькасць непраўдзівых артыкулаў павялічваецца. Калі за сакавік было выяўлена 4000 артыкулаў з сумнеўным ці адкрыта хлуслівым зместам пра каронавірус, то ў красавіку ўжо 7,5 тысяч артыкулаў, у якіх месціліся міфы і мана пра хваробу.

Францыя прапанавала пазыкі сваім заморскім тэрыторыям. Яны павінны пайсці на падтрымку існавання авіяліній. Міністарка па заморскіх тэрыторыях Францыі Анік Жарда выступіла ў Нацыянальнай Асамблеі, заявіўшы, што грашовая дапамога дазволіць авіякампаніям пазбегнуць банкруцтва. У мінулым месяцы авіякампанія „Таіці Нуі” заявіла пра 1 мільярд даляраў запазычанасці. У той жа час еўрапейскай кампаніі „Эйр Франс” прадаставілі пазыку 7 мільярдаў даляраў. Новая Каледонія і Французская Палінэзія не могуць аднавіць авіязлучэнне з метраполіяй, хаця раней рэйсы ў Парыж былі рэгулярнымі. Таіцянская ж авіякампанія з-за вялікіх пазыкаў мусіла адкласці пералёты ў Еўропу да ліпеня. „Эйр Франс” арганізавала пералёты з Парыжу на Таіці раз на 10 дзён, перадусім, каб дастаўляць у Акіянію гуманітарныя грузы, піша RNZ. На гэтым тыдні, на Таіці даставяць 20 тонаў грузаў. Раней франузскія авіялініі крытыкавалі за тое, што яшчэ ў сакавіку яны не дапамаглі ў перавозцы многім французам, якія вымушаныя былі надоўга застацца на Таіці.

Беларускае Радыё Рацыя

© Reuters