COVID 19: агляд сусветнай прэсы
Румынская праваслаўная царква заклікала прыхаджанаў заставацца дома на Вербніцу. Гішпанія паволі змякчае карантын. Гэтыя і іншыя навіны ў аглядзе прэсы ад Кастуся Багушэвіча.
ПС: Гішпанія павольна змякчае меры карантыну. Працаўнікі некаторых будаўнічых і прамысловых установаў з панядзелка выйшлі на працу, пры гэтым захоўваецца ўмова, што імі будуць выконвацца правілы бяспекі, піша газета El Pais. Больш за 10 мільёнаў масак будуць раздадзены працаўнікам грамадскага транспарту. У Гішпаніі зафіксавана 166 000 заражаных, краіна з’яўляецца адной з найбольш пацярпелых у свеце. Але колькасць новых заражэнняў у апошнія дні пастаянна падае. Напрыклад, Новая Зеландыя і Аўстралія, вядомыя раннімі прыкметамі поспеху ў барацьбе з распаўсюдам каранавірусу, абвясцілі, што пачынаць змякчаць правілы сацыяльнай дыстанцыі альбо запускаць эканоміку пакуль рана. У Новай Зеландыі ад каранавірусу памерлі пяцёра, у Аўстраліі — 61 чалавек. А вось у Гішпаніі адважыліся на паступовае вяртанне да старога жыцця. Аднак не ўсе згодныя з такім рашэннем ураду. Калі ў Мадрыдзе вырашылі, што частку работнікаў ужо можна вяртаць на працу, тады ў Каталоніі ў большасці дэпутатаў і грамадзян такое рашэнне цэнтральнай улады выклікала супраціў. Як піша El Pais, каталонскія палітыкі заяўляюць, што Мадрыд не ацаніў усіх рызык такога кроку.
Белы халат і стэтаскоп на шыі. Рукі як абдымкі да ўсяго свету. Такі новы вобраз славутай статуі Хрыста-Адкупіцеля ў бразільскім Рыа-жэ-Жанэйра. Фатограф Getty Images Буда Мэндэс стаў аўтарам унікальных здымкаў велікоднага свята ў адным з найбуйнейшых гарадоў свету. Яно было зладжана дзеля падтрымкі медыкаў па ўсім свеце, якія ратуюць чалавечыя жыцці ад каранавірусу. На статую Хрыста праектаваліся выявы сцягоў краін, якія моцна пацярпелі ад каранавірусу, а таксама сцягі краін, якія зрабілі вялікі ўнёсак у барацьбу з хваробай. Таксама на статуі Хрыста можна было прачытаць словы падзякі медыкам усяго свету на розных мовах. Велікодную імшу правёў арцыбіскуп Рыа-дэ-Жанэйра Арані Жааа Тэмпэста. Па падліках Міністэрства аховы здароўя Бразіліі, краіна мае больш за 22 тысячы пацверджаных выпадкаў каранавірусу і па меншай меры 1223 памерлых. Бразілія найбольш пацярпелая ад каранавірусу краіна Паўднёвай Амерыкі.
Румынская праваслаўная царква, якую мы ўжо згадвалі на мінулым тыдні, у адрозненне ад Маскоўскага патрыярхату Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі, устрымалася ад шматлюдных богаслужэнняў у Вербную нядзелю. На сваіх рэсурсах, якія ў нядзелю і панядзелак цытуюць румынскія медыя, праваслаўныя герархі звярнуліся да прыхаджанаў з просьбамі сядзець дома. Гэта зроблена, каб не ствараць пагрозы здароўю і жыццю іншых. У паведамленні Румынскай праваслаўнай царквы, у прыватнасці, гаворыцца: „для Ісуса не існуе сценаў, ён з’явіўся перад апосталамі прайшоўшы зачыненыя дзверы, і ён прыйдзе ў кожны дом”.
І працягнем рэлігійную тэму, якая на выходных, безумоўна, узначальвала спіс падтэмаў, спадарожных каранавірусу. У Кіева-Пячорскай Лаўры, якая належыць Маскоўскаму патрыярхату, ужо ў 63 святароў выяўлены каранавірус. Пра гэта ў панядзелак распавялі ў ранішнім эфіры 24-га каналу. Сярод інфікаваных ужо ёсць і памерлы. Гэта 73-гадовы манах Нектарый, які пайшоў у іншы свет у Аляксандраўскай лякарні Кіева. Гэтую інфармацыю апублікавалі ўжо і на афіцыйным сайце манастыра. Манаская братыя і намеснік Лаўры здалі станоўчыя тэсты на каранавірус, ад 5 красавіка яна зачыненая для наведнікаў….
Беларускае Радыё Рацыя