COVID-19: агляд сусветнай прэсы
Новая Зеландыя праходзіць другі этап зняцця абмежаванняў, Францыя падзялілася напалам паводле эпідэміялагічнай сітуацыі. Што ў чацвер піша сусветная прэса пра каронавірус?
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што яшчэ зарана казаць пра перамогу над каронавірусам, але яго краіна адназначна крочыць у слушным кірунку. Макрон выказаў такую думку ў відэаканферэнцыі з кіраўнікамі рэгіёнаў, дадаўшы, што ўсё ў цэлым ідзе добра. Наступныя этапы зняцця абмежаванняў будуць моцна залежаць ад таго, як будзе ў цэлым развівацца эпідэмія. Адпаведна, план і даты могуць карэктавацца ў адпаведнасці з колькасцю хворых і тэндэнцый. На дадзены момант Францыя мае адмысловую медычную мапу, частка краіны пад чырвоным колерам, гэта рэгіёны, дзе і надалей фіксуюцца новыя выпадкі каронавірусу, і зялёная, дзе новых заражэнняў ужо няма. У сераду, паведамляюць французскія СМІ, якія аглядаюць статыстыку па ўсёй краіне, у аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі знаходзіліся меней за 2,5 тысячы чалавек. Гэта найніжэйшы паказчык з сакавіка. Ахвярамі пандэміі ў Францыі сталі 27 тысяч чалавек.
А вось у Расеі, Мексіцы і Бразіліі ўсё не так пазітыўна. Гэтыя тры краіны маюць найбольшую колькасць новых заражэнняў за ўвесь час. Калі ж сцісла аглядаць цытаты вядомых чыноўнікаў, тады варта адзначыць словы, сказаныя напярэдадні дырэктарам Дубайскага аэрапорта Пола Грыфітса, які заявіў, што ў адноўленых на дадзены момант рэйсах звычайна занятая толькі траціна месцаў. Каб кампенсаваць вялізныя страты яго аэрапорту варта было б павысіць кошты ўтрая, але пакуль гэтага рабіць не будуць, паглядзяць за сітуацыяй далей. Авіяспалучэнне аднаўляецца не так хутка, як і прагназавалася. Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных нацый Антоніу Гутʼерыш засяродзіў сваю ўвагу на пытаннях псіхічнага здароўя, якімі займаюцца цяпер многія спецыялісты ў медыцыне і пра што актыўна пішуць медыі. «Калі мы адужаем ад пандэміі, нам трэба больш уважліва паставіцца да псіхічнага здароўя і забяспечыць яго ўключэнне ў агульнае медыцынскае страхаванне», – сказаў генеральны сакратар. Псіхолагі адзначаюць, што назіраецца павелічэнне колькасці заклапочаных і дэпрэсіўных людзей, што гвалт у семʼях павялічваецца, а медыцынскія работнікі ўсё часцей звяртаюцца па псіхалагічную дапамогу.
Новая Зеландыя, нягледзячы на тры дні запар, у якія фіксаваліся новыя выпадкі заражэнняў, у чацвер перайшла да чарговага этапу зняцця абмежаванняў. Цяпер людзям дазволена сустракацца з сябрамі і знаёмымі, але максімальная колькасць – 10 чалавек. Крамы, кавярні і грамадскія паркі адчыненыя. Пачынаюць аднаўляцца некаторыя спартовыя мерапрыемствы, адчыняюцца спартовыя залы. Усяго ў 5-мільённай Новай Зеландыі было зафіксавана 1497 выпадкаў заражэння, памерла 21 асоба, а ў лякарнях з хваробай застаецца меней за 90 чалавек. Іншыя – акрыялі. Людзям, дзе гэта магчыма, рэкамендавана яшчэ працаваць з дому. Бары адчыняцца 21 траўня. Першапачаткова планавалася адчыніць іх ужо сёння, аднак прыклад Паўднёвай Карэі, дзе другая хваля заражэнняў пайшла пасля адкрыцця начных клубаў, пакуль стрымала ўлады Новай Зеландыі, піша ВВС.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч