COVID-19: агляд сусветнай прэсы
Спартовым арганізацыям дапамагаюць пагасіць запазычанасці. Прыклад В’етнама варта пераймання ў будучыні. Пра што сёння напісала сусветная прэса?
Даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:
– Пакуль еўрапейцы прыглядаюцца да шведскага досведу, праз страх смяюцца з Лукашэнкі і ягонага параду ў Беларусі, прыкладам насамрэч выглядае далёкі ад Еўропы В’етнам. Нягледзячы на доўгую мяжу з Кітаем і насельніцтва 97 мільёнаў чалавек, В’етнаму ўдалося справіцца з каронавірусам. Толькі цяпер колькасць інфікаваных перавысіла 300 чалавек, пры гэтым не зафіксавана ніводнае смерці. Як гэта ўдалося? Пра прычыны піша ў пятніцу ВВС. Цяпер В’етнам пачынае паступова адчыняць межы. Эксперты адзначаюць працаёмкі падыход да сітуацыі з боку ўладаў, праўда, многім краінам ужо позна пераймаць в’етнамскі досвед. Прызнаючы, што яго медыцынская сістэма ў хуткім часе можа быць перапоўнена нават з-за мяккага распаўсюду віруса, В’етнам абраў шлях ранняй прафілактыкі. Урад краіны ініцыяваў „радыкальныя дзеянні” па падрыхтоўцы да гэтай загадкавай новай пнеўманіі, у якой у той час у кітайскім Ухані ўжо загінулі два чалавекі. Прычым у самім В’етнаме, як адзначае доктар Тод Полак з кампаніі Гарвардскага партнёрства медычнага развіцця ў Ханоі, на той момант не было яшчэ ніводнага зарэгістраванага заражэння. 23 студзеня ўдалося аператыўна ізаляваць двух чалавек, якія прыехалі акурат з Уханя адведаць сына ў Хо Шы Міне. Калі многім краінам спатрэбіўся месяц, каб зачыніць межы і пачаць праверкі людзей, В’етнам адразу блакаваў мяжу з Кітаем і пачаў строгі кантроль. З канца студзеня былі зачыненыя мясцовыя школы, і да сярэдзіны траўня іх ніхто не адчыняў. Прафесар Гай Твэйтс тлумачыць такое абазнанае абыходжанне з сітуацыяй гісторыяй. Прафесар праграмы Оксфардскага ўніверсітэта па клінічных даследаваннях у Хо Шы Міне кажа, што ў мінулыя гады В’етнам часта сутыкаўся з эпідэміямі, гэта і птушыны грып, і адзёр, і дэнге. Таму ў сітуацыі з новым штамам каронавірусу в’етнамскія ўлады ўжо ведалі, як спраўляцца. Усе выдаткі на арганізацыю 14-дзённага каранціну ўсіх, хто прыехаў напярэдадні, пакрыў урад. Умовы ў палатах не вылучаліся камфортам, аднак, як сказала в’етнамка, якая апынулася ў каранціне, прыляцеўшы з Аўстраліі, „усё адно В’етнам на сёння самае бяспечнае месца на планеце”.
А вось цяпер пагаворым пра Швецыю. Як вядома, яе ўрад стаў унікальным для Еўропы, і абвясціў пра давер да грамадзян, не паставіўшы краіну ў складаныя ўмовы каранціну. Партал Wirtualna Polska запытаў палякаў, што яны думаюць пра сіутацыю ў Швецыі і як яны бачаць жыццё наўкол. Моніка Міхна, якая больш за год жыве ў Стакгольме, адзначыла Андэрса Тэгнэла, галоўнага эпідэміёлага Швецыі, які адразу заявіў, што жорсткая замарозка гаспадаркі, эканомікі пры каранціне, не дазволіць перамагчы вірус. Таму Тэгнел замест рэкамендацый па каранціне сказаў, што надзеі варта ўскладаць на здаровы сэнс і сацыяльную дыстанцыю. На вуліцах і ў крамах шмат налепак, якія нагадваюць пра яе. Яшчэ адна з прычынаў, чаму шведам лягчэй падчас пандэміі і сітуацыя сапраўды не вымагала строгага каранціну — менталітэт. Як кажа Моніка Міхна, шведам значна прасцей трымаць сацыяльную дыстанцыю, чым італьянцам і іспанцам, якія маюць звычку абдымацца і цалавацца пры сустрэчах. Трэнер Павал Крупа, які таксама жыве ў Стакгольме, кажа, што станоўча ўспрымае такія захады ўраду. Крытыка Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ніяк не замінае шведам. Не трэба трымаць людзей па дамах і тэрарызаваць іх штрафамі. Шведы маюць усведамленне, што ў выпадку парушэння існуючых правілаў яны шкодзяць сабе і іншым. Хто можа, той працуе з дому, але людзей на вуліцах стала заўважна менш.
Сусветны звяз рэгбі сабраў 160 мільёнаў даляраў на барацьбу з наступствамі каронавіруса. Грошы са спецыяльнага фонду будуць выдзяляцца рэгбійным саюзам, асабліва пацярпелым ад наступстваў эпідэміі. Першай з топ-краін свету ў гэтай папулярнай гульні дапамогу запрасіла Аўстралія. Яна атрымае звыш 14 млн. даляраў. «Мы вельмі ўдзячныя World Rugby за падтрымку і аддаем належнае таму, што яны ўзначалілі барацьбу з наступствамі эпідэміі для рэгбі ў глабальным маштабе. Рэгбі Аўстраліі панёс значныя фінансавыя страты і экстраная дапамога дазволіць нам жыць на працягу бліжэйшага года і закрыць нашы рахункі за 2019 год», – сказаў з гэтай нагоды часовы генеральны дырэктар Rugby Australia Роб Кларк. Улічваючы, што мінулы год рэгбійны звяз Аўстраліі завяршыў са стратамі у 9 млн. 400 тыс. даляраў, ільвіная доля атрыманай дапамогі сыдзе на пагашэнне запазачынасцяў арганізацыі. Аб стварэнні фонду дапамогі рэгбійным саюзам, якія пацярпелі ад каронавіруса, Сусветны звяз рэгбі афіцыйна абвясціў 16 красавіка. Тады меркавалася, што ў ім будуць акумуляваныя 100 млн. даляраў, аднак маштабы эпідэміі, па ўсёй бачнасці, прымусілі выканкам перагледзець першапачатковыя планы і павялічыць маштабы дапамогі. Раней паведамлялася, што на мяжы банкруцтва апынуўся рэгбійны звяз Злучаных Штатаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: VnExpress