COVID-19: агляд сусветнай прэсы



Названы час аднаўлення працы кіеўскага метро, у Бельгіі медыкі пашыхтаваліся ў калідор ганьбы для прэм’ер-міністра. У Індыі звыш 120 мільёнаў чалавек страцілі працу за час каронакрызісу. Падрабязнасці даведаемся ў аглядзе сусветнай прэсы.

Улады горада плануюць запусціць грамадскі транспарт у пятніцу, 22 траўня. Пра гэта дарадца мэра Кіева Уладзімір Бандарэнка распавёў у эфіры тэлеканала «Украіна 24». «Мы спадзяемся, што транспарт будзе адноўлены 22 траўня. Хоць ён будзе паўнавартасна працаваць з 25 траўня. Мы гаворым пра грамадскі транспарт, а не пра прыватны – маршруткі. З таго, што мы ведаем, маршруткі «Кійпастранс» адправіліся ў дарогу, і туды людзей пускаюць з пропускамі. Прадпрыемствы наймаюць асобна транспартныя сродкі для перавозкі супрацоўнікаў», – сказаў ён. Бандарэнка таксама назваў умовы для працы кіеўскага метрапалітэна. «Мы гатовы адкрыць метро, але з абмежаваннямі. Гэта маскі, дэзsнфекцыя, абмежаванне колькасці людзей у метро. Для забеспячэння гэтага ёсць дастаткова персаналу. Але мы наўрад ці зможам пусціць у вагон 10 чалавек, як у Кітаі», – сказаў ён. Раней Міністэрства аховы здароўя Украіны папярэдзіла, што гандлёвыя цэнтры адновяць працу толькі пасля запуску метро.

У Бельгіі медыкі паказалі сваё крытычнае стаўленне да рашэнняў ураду адносна каронавірусу. Падчас прыезду прэмʼер-міністаркі краіны Сафі Вільмэ ў шпіталь святога Пятра ў Бруселі медычныя супрацоўнікі сталі ў калідор, павярнуўшыся спінамі да картэжу. Гэты брусельскі шпіталь займае вядучае месца ў Бельгіі ў змаганні з каронавірусам, тут лячылі першага бельгійца, які захварэў на каронавірус, Філіпа Сабры, які прыляцеў у Бельгію з Уханя. Сафі Вільмэ ўпершыню з пачатку крызісу наведала медычныя ўстановы, за адзін дзень яна прыехала не толькі ў шпіталь святога Пятра, але і ў шпіталь Дэльта ў Аўдэргеме. У сваім твітэры бельгійская прэмʼер напісала, што абмяркоўвала са штатам медыкаў пытанні аховы здароўя, псіхічныя хваробы, якія развіваюцца ў людзей пасля лячэння або з-за самаізаляцыі, фінансавую падтрымку медыкаў. Выданне The Brussels Times патлумачыла прычыны калідора ганьбы ў выкананні санітараў і лекараў сталічнага шпіталя. Яны незадаволеныя тым, як урад паводзіць сябе падчас крызісу, абураны нядаўнім скарачэннем бюджэту на ахову здароўя, нізкімі заробкамі і скарачэннем штатаў. Акрамя таго, медыкі крытыкуюць прэмʼер-міністра і яе каманду за прыцягненне да працы з хворымі людзей без належнага досведу замест таго, каб заплаціць і запрасіць у шпіталі абазнаных у справе спецыялістаў. Генеральны дырэктар шпіталя святога Пятра Філіп Леру сказаў, што за гэты час работнікам давялося прайсці праз увесь спектр эмоцый. Таму яны не маглі спакойна рэагаваць на праблемы і сустрэлі прэмʼер-міністра менавіта такім чынам.

На Тайвані атрымаўся вялікі поспех у барацьбе з каронавірусам. Там зафіксавана толькі 440 выпадкаў і сем смерцяў на 23 мільёны насельніцтва, у асноўным гэта звязана з загадзя ўведзеным памежным кантролем, забаронай на замежных наведвальнікаў і абавязковым каранцінам для ўсіх жыхароў Тайваня, якія вяртаюцца дадому. Краіна адзначана назіральнікам на Сусветнай асамблеі аховы здароўя – штогадовым пасяджэнні органа Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Тайвань таксама атрымаў падтрымку з боку буйных дзяржаў, уключаючы ЗША, краіны Еўразвязу, Японію і Аўстралію. Але Кітай, які лічыць, што Тайвань зʼяўляецца часткай яго тэрыторыі, заблакаваў наведванне Тайваня з 2016 года. Тайваньская спрэчка працягваецца, але Шэлі Рыгер, прафесарка паліталогіі Дэвідсанскага каледжа і даследчыца Тайваня, кажа, што ў некаторых краінах зараз можа быць «паменшаная цярплівасць» у дачыненні Кітаю, які, на думку многіх, не перашкодзіў развіццю глабальнай катастрофы.

А вось у Індыі паказчыкі зусім кепскія. Толькі за апошнія 24 гадзіны, паводле інфармацыі ўрада, на якую спасылаецца ВВС, зафіксавана 5242 выпадкі. Гэта найвышэйшы рост захворванняў за суткі. Зусім нядаўна індыйскі ўрад пачаў палёгкі ў каранцінных абмежаваннях. Агульная колькасць хворых перавысіла 96 тысяч, каля 40 тысяч ужо адужалі. Прадуктовыя крамы і некаторыя прадпрыемствы будуць працаваць з 31 траўня, таксама адновіцца рух аўтобусаў, у тым ліку паміж рознымі штатамі, калі будуць мець адпаведны пропуск. Крызіс з «каронай» вельмі паўплываў на Індыю – працу на дадзены момант ужо страцілі звыш 120 мільёнаў чалавек.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч