COVID-19: агляд сусветнай прэсы
Лацінская Амерыка пакутуе, унутраная міграцыя пагаршае сітуацыю. Злучаныя Штаты пачалі аднаўляцца, лічбы даюць надзею.
Падрабязнасці даведаемся ў аглядзе сусветнай прэсы ад Кастуся Багушэвіча:
– Еўропа працягвае выходзіць з каранціну. Адна з найбольш заўважных сфераў — спорт, паколькі яго глядзяць мільёны. Аднаўленне чэмпіянатаў у час, калі пагроза вірусу яшчэ не сышла, больш за тое, існуе пагроза другой хвалі, выклікае неадназначную рэакцыю. Нават непасрэдныя прыхільнікі футболу — фанаты часта выказваюцца супраць. На выходных урад Нямеччыны, які ўключыў аднаўленне футбольнага першынства ў чарговы этап вяртання да нармальнага жыцця пасля каранціну, атрымаў шмат пасланняў ад фанатаў, якія палічылі матчы пры пустых трыбунах ганьбаю. Яны лічаць, што матчы павінны адбывацца толькі тады, калі пагроза мінецца, акрамя таго, гульні мусяць ісці пры гледачах на трыбунах, а не на пустых стадыёнах. Гэтая сітуацыя грае на руку варацілам ад бізнэсу, тэлекампаніям і Нямецкаму футбольнаму звязу, якія зарабляюць на трансляцыях вялікія грошы. Тым часам рызыцы заражэння падвяргаюцца футбалісты і трэнеры, а сапраўдныя прыхільнікі футболу вымушаныя глядзець матчы па тэлевізары, не чуючы духу і гуку трыбун, – пра негатыўнае стаўленне фанатаў да аднаўлення футболу без заўзятараў піша нямецкае выданне Kicker. Чэмпіянат Босніі і Герцэгавіны па сваім роўні ніжэйшы за чэмпіянат Беларусі, збірае ён не так шмат гледачоў. Але і тут людзі незадаволеныя адновай матчаў пры пустых стадыёнах. Перад штаб-кватэрай Футбольнага звязу Босніі і Герцэгавіны фанаты вывесілі транспарант „Пасланне для крэўнай эліты: футбол і заўзятары месцяцца ў адным сказе”. Гэта дакладны намёк на тое, што актыўныя футбольныя заўзятары хочуць вяртання да футболу толькі тады, калі людзям можна будзе наведваць стадыён.
У Бразіліі прайшла масавая дэманстрацыя медыцынскіх работнікаў. Яны ў масках і халатах прайшлі па горадзе Бразіліа, а на спінах былі напісаныя імёны памерлых калег. Колькасць памерлых людзей агулам у краіне амаль дасягнула 16 тысяч. А ў горадзе Манаўс, пра які мы казалі ў адным з папярэдніх выпускаў, колькасць памерлых вырасла ўтрая ў параўнані з леташнім перыядам, такую статыстыку прыводзіць New York Times. Рыа-дэ-Жанэйра ўжо цяпер называецца ў прэсе „другім Нью-Ёркам”. Адзначаецца, што калі ў амерыканскім горадзе з вірусам пачалі ўжо крыху спраўляцца, то ў найбуйнейшым бразільскім горадзе пік толькі пачынаецца. Пры гэтым прэзідэнт Жаір Балсанару працягвае сцвярджаць, што каронавірус не самая галоўная праблема краіны цяпер, значна важней захаваць эканамічныя тэмпы. Яго калега з Мексікі Лопэс Абрадор напярэдадні заявіў, што каронавірус яго краіне ўдаецца перамагаць, і колькасць хворых пайшла долу. Аднак Алехандра Масіяс, колішні галоўны вірусолаг Мексікі, лічыць, што краіна ўсё яшчэ знаходзіцца на піку і барацьба трывае. Што тычыцца эканомікі, пра якую так клапоціцца бразільскі кіраўнік Балсанару, дык уратаваць яе не ўдаецца. Страты ад прастою ўсё адно вялікія, і гэты пры тым, што ў многіх штатах кіраўнікі так і не абвясцілі каранцін. У Перу таксама становішча кепскае. Тут памірае ўдвая больш людзей, чым звычайна, а статыстыка фіксуе буйную ўнутраную міграцыю. Людзі вяртаюцца са сталіцы ў рэгіёны, бо ў сталіцы яны за гэты час страцілі прыбытак і магчымасць якасна жыць. Акрамя таго, у Ліме сітуацыя з каронавірусам найгоршая.
Актыўная ўнутраная міграцыя назіраецца і ў Злучаных Штатах. Мясцовыя газеты са спасылкай на Цэнтр кантролю і прафілактыкі захворванняў пішуць, што эканамічныя праблемы спарадзілі чарговы этап унутраных пераездаў, і цяпер вірусолагі асцерагаюцца другой хвалі каронавірусу. Да 6-га чэрвеня колькасць ахвяр можа вырасці да 120 тысяч. Але пакуль лічбы даюць падставу асцярожна радавацца. Пры агульнай колькасці заражаных 1,5 мільёна, колькасць тых, хто акрыяў ад каронавірусу, ужо дасягнула 283 тысяч, і гэтая лічба павінна вырасці ў бліжэйшыя дні. Толькі 13 штатаў паведамілі пра павелічэнне колькасці хворых на мінулым тыдні. „Толькі”, бо раней было значна больш. Па ўсіх Злучаных Штатах колькасць хворых упала адразу на 8%. Зніжэнне зафіксавана ў тым ліку і ў Нью-Ёрку і Нью-Джэрсі, самых праблемных рэгіёнах у гэтым плане. Цэнтр кантролю і прафілактыкі рэкамендуе губернатарам штатаў пакуль устрымацца ад далейшага зняцця абмежавальных захадаў і дачакацца больш станоўчых лічбаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Fox News