COVID-19: агляд сусветнай прэсы



Кембрыджскі ўніверсітэт перанёс усе лекцыі наступнага навучальнага года ў інтэрнэт. З-за каронавірусу адкладзены паказ конкурснай праграмы прэміі „Оскар”.

У Францыі выяўлены дзясяткі школьнікаў з хваробай. Падрабязнасці даведаемся ў аглядзе сусветнай прэсы ад Кастуся Багушэвіча:

– У Сінгапуры выбачыліся перад пацыентамі, якім памылкова сказалі, што іх паўторны тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік. 357 чалавек праходзілі паўторнае тэставанне пасля першага. Шпіталь, у якім рабіліся тэсты, выбачыўся перад імі за справакаваны неспакой і хваляванні, насамрэч, як аказалася, другі тэст даў адмоўны вынік, гэтыя людзі не мелі каронавірусу. На той момант дзве асобы ўжо былі выпісаныя са шпіталя і вярнуліся дадому. Там яны знаходзіліся пасля дыягнаставанага першым тэстам каронавірусу, піша Rzeczpospolita. Памылковая інфармацыя пра зноў станоўчы тэст на пэўны час дэзарыентавала іх, але высветлілася, што яны здаровыя. Міністэрства аховы здароўя патлумачыла памылку збоем у электроннай сістэме дадзеных. У Сінгапуры дзейнічае жорсткі каранцін, які падоўжаны да 1 чэрвеня.

93-й прэміі ўручэння „Оскару” не будзе да лютага 2021 года. Акадэмія кінамастацтва і навукі збіраецца перанесці „вялікую ноч”. На дадзены момант тэлепаказ прэміі на тэлеканале АВС адкладзены да 28-га лютага, паведамляюць ананімныя шматлікія крыніцы, піша Variety. Пакуль, зрэшты, запланаванага абмеркавання пераносу прэміі не адбылося. Складана сказаць і пра тое, як зменяцца ўмовы прагляду фільмаў у конкурснай праграме. Прэзідэнт Кінаакадэміі Дэвід Рубін яшчэ пасля ўвядзення часовых правілаў падачы фільмаў на „Оскар” заяўляў, што складана прадказваць далейшыя падзеі, дзеля гэтага варта паглядзець, што будзе далей. Паводле звычайных правілаў, фільм павінен паказвацца у кінатэатрах Лос-Анджэлеса тыдзень. Аднак цяпер невядома, ці будуць яны адчыненыя для вялікай колькасці людзей. Цяпер, паводле новых правілаў, прагоны былі рэкамендаваныя не толькі ў Лос-Анджэлесе, але і ў Маямі, Нью-Ёрку, Чыкага, Атланце і тэрыторыі Бэй. Ці ўдасца іх правесці і калі, Кінаакадэмія пакуль не адказвае.

Толькі тыдзень прайшоў з моманту, калі ў Францыі адчыніліся школы. А ўжо зафіксавана 70 новых выпадкаў каронавірусу ў класах па ўсёй тэрыторыі краіны. Гэта змусіла ўлады зачыніць некаторыя пачатковыя і сярэднія школы. Як паведамляе французскае радыё RTL, выпадкі ёсць як на захадзе ў Брэтані, так і на поўдні ў Ніцы. Чыноўнікі тым часам не губляюць аптымізму — міністр адукацыі Жан-Мішэль Бланкер заявіў, што новыя выпадкі каронавірусу ў школах былі непазбежнымі, аднак колькасць хворых мізэрная ў параўнанні з агульнай колькасцю. 70 хворых вучняў, а ўсяго ў школы вярнуліся 150 000 дзяцей. На радыё Бланкер заявіў, што наступствы, калі б дзеці не пайшлі ў школу, былі б страшнейшыя. Францыя стала адной з першых краін Еўропы, якая вярнула дзяцей у школы. Данія зрабіла гэта ў сярэдзіне красавіка. 1 чэрвеня аднавіць школьныя заняткі плануюць у Вялікабрытаніі.

Кембрыджскі ўніверсітэт у аўторак стаў першым брытанскім універсітэтам, які перанёс усе студэнцкія лекцыі цэлага акадэмічнага году ў Інтэрнэт, падкрэсліваючы вялікія змены, якія каронавірус прымушае ўводзіць у вышэйшых навучальных установах па ўсім свеце. У заяве Кембрыджа, на якую спасылаецца брытанская прэса, напісана: „верагодна, што сацыяльнае дыстанцыяванне па-ранейшаму спатрэбіцца” на працягу наступнага навучальнага года, які пачынаецца ў кастрычніку і завяршаецца летам 2021 года. Ва ўніверсітэце кажуць, што рашэнне можа быць перагледжана, калі зменіцца сітуацыя і захады па каронавірусе.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота studylab.ru