COVID-19: агляд сусветнай прэсы
Дэфолт у Аргенціне, а бразільскі прэзідэнт па-ранейшаму не прызнае каронавірус вялікай праблемай.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя папярэджвае пра другую, больш смяротную хвалю хваробы ўзімку. Артыкулы замежных газет — у аглядзе прэсы ад Кастуся Багушэвіча:
– Прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару пачынаў з правядзення акцый пратэсту супраць сусветнага каранціну і характарызаваў COVID-19 як „невялікі грып”. І нават цяпер бразільскі кіраўнік не паддаецца глабальнаму меркаванню аб барацьбе з пандэміяй каронавіруса. „Ці паміраюць людзі? О, так. Я ведаю гэта. Але памрэ больш людзей, яшчэ больш, калі эканоміка будзе знішчана гэтымі мерамі засцярогі, уведзеныя губернатарамі”, – сказаў Балсанару. Ягоныя словы і паводзіны — ў цэнтры ўвагі тэлеканала Еўраньюс. Прэзідэнт даў зразумець, што эканоміка павінна стаяць на першым месцы і жорстка змагаецца з абмежаваннямі, накладзенымі кіраўнікамі штатаў. За час крызісу ён ужо страціў двух міністраў аховы здароўя: аднаго звольніў, другі пайшоў у адстаўку. Апаненты пачалі заклікаць да імпічменту, а прыхільнікі абяцаюць асабістую вернасць. Гэта палітычны хаос, які разыгрываецца ў разгар бразільскага крызісу COVID-19. Бразільскія бальніцы знаходзяцца на пераломным моманце, і колькасць новых інфекцый працягвае расці.
„Наш сярэдні паказчык напаўняльнасці за апошнія некалькі тыдняў складаў больш за 95%, мы дасягнулі 100-адсоткавай запоўненасці ў рэанімацыйным аддзяленні, якая трымаецца на працягу некалькіх дзён”, – сказаў д-р Джэксан Мэнэзэс. Ён працуе ў паўночна-ўсходнім штаце Пернамбуку, дзе і прыватныя, і дзяржаўныя шпіталі знаходзяцца ў крызісе.
„Сістэма аховы здароўя, дзяржаўныя бальніцы … перагружаны”, – дадаў ён. Бразілія хутка абагнала краіны Еўропы і стала адной з самых пацярпелых у свеце — больш за 20 тысяч смерцяў ад каронавіруса і звыш 310 000 пацверджаных інфекцый па стане на сёння, паводле звестак універсітэта Джона Хопкінса.
Кіраўнік еўрапейскага аддзялення Сусветнай арганізацыі аховы здароўя доктар Клюге паведаміў, што кантынент чакае яшчэ больш сур’ёзная хваля каронавіруса. Другая хваля, на ягоную думку, будзе больш смяротнай. І таму тыя еўрапейскія краіны, якія добра справіліся з першай хваляй, не павінны доўга святкаваць, а павінны падрыхтавацца і зрабіць тое самае, і нават лепей пры другой хвалі, якая надыйдзе ўзімку. Пра гэта Клюге сказаў у інтэрв’ю The Telegraph. У найлепшым выпадку прышчэпкі чакаць яшчэ паўтара года, а таму еўрапейцам ужо зараз трэба ўлічыць усе памылкі, якія былі перад тым і не паўтарыць іх. У цэлым дзеянні еўрапейскіх дзяржаў ацэньваюцца станоўча, большасць з іх своечасова прыняла неабходныя захады, якія дазволілі пазбегчы большых праблем і яшчэ большых трагедый. Тэма здароўя павінна заняць ключавое месца ў працы еўрапейскіх урадаў на бліжэйшыя паўгода.
У пятніцу, другі раз у гэтым стагоддзі, Аргенціна ўпала ў дэфолт. Не выплачана 500 мільёнаў даляраў у якасці працэнтаў па аблігацыях па доўгу. Натуральна, адной з галоўных прычынаў стала запаволенне тэмпаў эканамічнага росту праз пандэмію каронавірусу. У Аргенціне дзейнічаюць абмежаванні, адпаведна, не ўвесь эканамічны сектар мае магчымасць выкарыстоўваць свой патэнцыял. Краіна імкнецца перагледзець перамовы да 2 чэрвеня. Пра гэта паведаміла агенцтву AFP афіцыйная крыніца, спасылаючыся на дэфолт па глабальных аблігацыях, прызначаных на 2021, 2026 і 2046 гг., ільготны перыяд якіх скончыўся ў гэтую пятніцу. У дзявяты раз Аргенціна, якая ўваходзіць у лік вядучых сусветных экспарцёраў прадуктаў харчавання, перажывае дэфолт у сваёй гісторыі. Апошні раз гэта адбылося ў 2001 годзе з дэфолтам у памеры больш за 100 мільёнаў даляраў, які выклікаў найгоршы сацыяльны і эканамічны крызіс у краіне. Аднак у сённяшнім выпадку левацэнтрысцкі ўрад Альберта Фернандэса імкнецца дасягнуць пагаднення з трымальнікамі аблігацый, не запускаючы працэс дэфолту, піша выданне Negocios e tendencias.
Раней, у чацвер аргенцінскі ўрад паведаміў пра падаўжэнне да 2 чэрвеня тэрміну, калі крэдыторы будуць прытрымлівацца сваёй прапановы аб абмене аблігацый на суму каля 66 мільёнаў даляраў запазычанасці, выпушчаных пад замежнай юрысдыкцыяй, першапачатковы тэрмін аплаты па якіх скончыўся 22 траўня.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Reuters