COVID-19: агляд сусветнай прэсы



Цяжкая дарога акрыяння, вялікая недаступнасць сродкаў абароны, новыя выпадкі заражэння.

Якімі тэмамі задаюцца газеты, інтэрнэт-сайты і радыёстанцыі ў сераду, 27-га траўня? Змест артыкулаў даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

ПС: Другая хваля ці не? У Паўднёвай Карэі за мінулыя суткі зафіксавана 40 новых выпадкаў заражэння на каронавірус. Гэта найвышэйшая лічба за апошнія 49 дзён па краіне. За гэты час у школы вярнуліся 2 мільёны дзяцей. Сярод новых выкрытых захворванняў 37 — мясцовыя, імі заразіліся менавіта на тэрыторыі Карэі, паведамляе ВВС са спасылкай на Карэйскі цэнтр кантролю і перадухілення хваробаў. Папярэднім днём, калі фіксавалася вышэйшая за 40 лічба заражэнняў, было 8 красавіка. У той дзень былі выяўлены 53 выпадкі. Пасля таго агульная лічба ўпала да 30 новых выпадкаў штодня. А ўжо на мяжы красавіка і траўня выяўляліся толькі адзінкі новых заражэнняў, пакуль не здарылася другога выбуху ў Сеуле, калі заражаны пацыент пайшоў па начных клубах горада.

Мараканская найвышэйшая камісія па планаванні прадставіла сваё даследаванне па заражэннях каронавірусам. Паводле яе высноваў, рызыка заражэнняў вышэй у буйных гарадах праз шчыльную заселенасць і вялікую колькасць насельніцтва. Пад асаблівай рызыкай бедныя раёны гэтых гарадоў, бо там праз невялікія прыбыткі жыхароў і вялікую колькасць даступнага ім жылля ўтвараецца перанаселенасць. 7 577 выпадкаў заражэння, то бок 86% ад агульнай лічбы па Марока, паходзяць менавіта з пяці найбуйнейшых гарадоў. У рэгіёне Касабланка-Сетат рэгіструецца амаль кожны трэці выпадак. Далей па статыстыцы ідуць агламерацыі Маракеш, Танжэр, Фез і Рабат, піша Moroccoworldnews. Таксама Найвышэйшая камісія па планаванні гэтай афрыканскай краіны прыйшла да высновы, што не толькі шчыльнасць насельніцтва грае ролю — праблема яшчэ і ў даступнасці сродкаў абароны, а таксама ў ігнараванні захадаў бяспекі. 33% уладальнікаў жылля ў пяці найбуйнейшых гарадах прызналіся, што масак было дастаткова, каб набыць іх у аптэках. Пры гэтым 41% паскардзіўся на недастатковасць, а 27% сказалі, што ўвогуле не ўбачылі маскі ў продажы. Але і забяспечанасць розных мясцовасцяў Марока адыгрывае сваю ролю, і тут яна акурат не на карысць правінцыі. 43% гарадскіх жыхароў сказалі, што не мелі ніякіх антысептычных і іншых сродкаў, у той момант як у сельскай мясцовасці такіх аказалася 70%.

Пасля пасяджэння Італьянскага таварыства пульманалогіі склаўся не зусім абнадзейлівы сцэнар адносна доўгатэрміновых наступстваў эпідэміі каронавірусу. На думку навукоўцаў, на самай справе пасля адужання лёгкія падвяргаюцца рызыцы яшчэ на працягу паўгода, і ў больш чым 30% пацыентаў, якія акрыялі, могуць пачацца незваротныя дыхальныя праблемы, перадае Radio 105. Гэтыя пашкоджанні непазбежна адаб’юцца на нацыянальнай сістэме аховы здароўя нават тады, калі эпідэмія скончыцца. Пнеўмалогію трэба ўзмацняць. Але гэта не адзінае доўгатэрміновае наступства пандэміі Covid-19. Навукоўцы таксама падкрэсліваюць неабходнасць забеспячэння рухальнай і дыхальнай рэабілітацыі, неабходнай пацыентам, якія шмат часу правялі ў рэанімацыі, каб пазбегнуць магчымага ўсплёску лёгачнага фіброзу. Да фізічных праблем магчымыя цяжкасці ў псіхалагічнай сферы, звязаныя з дэзарыентацыяй, трызненнем, узбуджэннем, трывожнасцю, падзеннем памяці, дэпрэсіўнымі сімптомамі і посттраўматычным стрэсам, а таксама стратай смаку і паху, якія могуць захоўвацца пасля працяглых перыядаў інтэнсіўнай тэрапіі. На думку экспертаў, аднак, усё ж спатрэбіцца час для ацэнкі ўздзеяння Covid-19 у кароткатэрміновай і доўгатэрміновай перспектывах.

Беларускае Радыё Рацыя