COVID-19: агляд сусветнай прэсы



Швейцарыя асцерагаецца адчыняць мяжу з Італіяй. Ва ўкраінскім войску працягваюць выяўляць заражэнні каронавірусам.

Змест артыкулаў сусветнай прэсы сёння, у чацвер, мы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

– За апошнія 24 гадзіны ва Узброеных Сілах Украіны зарэгістравана ажно 16 новых выпадкаў COVID-19. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні камандавання Медыцынскіх сіл Узброеных Сіл Украіны. „Усяго 69 чалавек ва Узброеных сілах Украіны пакутуюць на каронавірус. Усяго падчас пандэміі адужалі 106 чалавек, смяротных выпадкаў — 3. У ізаляцыі (уключаючы самаізаляцыю) знаходзяцца 300 чалавек. Колькасць вайскоўцаў, ізаляцыя якіх заканчваецца ў бліжэйшыя тры дні, складае 45 чалавек”, – гаворыцца ў паведамленні.

Нігерыйскае таварыства медыкаў апелюе да сусветнай супольнасці пра трывожны стан з хваробай у краіне. Афіцыйная лічба заражэнняў — 8733 чалавекі, аднак медыкі сцвярджаюць, што насамрэч гэтая колькасць можа быць большай у чатыры разы. Кіраўнік таварыства Фрэнсіс Фадуіле заявіў, што ў лекараў няма вялікага даверу таму, што кажуць улады. Ён падкрэсліў, што ад трох да пяці дзён чакаюцца вынікі тэстаў, а наплыў пацыентаў, у якіх праяўляюцца сімптомы каранавірусу, не змяншаецца. Пакуль чакаюцца вынікі тэстаў, людзі працягваюць хадзіць па вуліцах, стасавацца са сваякамі і заражаць іншых. Таксама ў нігерыйскіх медыкаў ёсць страх перад маладаследаванай хваробай, якая вельмі распаўсюдзілася на поўначы краіны, у рэгіёне Кана. Пакуль няма дакладных звестак, ці звязаная тая хвароба з каронавірусам. Але, як піша ВВС, магільшчыкі азначанага рэгіёна Нігерыі пацвердзілі інфармацыю аб тым, што капаюць значна больш магілаў, чым гэта было ва ўсе папярэднія гады.

А цяпер інфармацыя, якая цікавіць тысячы беларусаў, якія працуюць, вучацца ці плануюць паездку ў Польшчу ці праз Польшчу з іншай мэтай. 15 чэрвеня, па словах намесніка кіраўніка Міністэрства дзяржаўных актываў Польшчы Артура Собаня, магчымая дата адкрыцця межаў. У эфіры 1-й праграмы „Польскага радыё” на пытанне, калі будуць адчыненыя межы, намеснік міністра падкрэсліў, што гэта найперш пытанне да прэм’ер-міністра Маравецкага, якое будзе вырашана „пасля ацэнкі пагрозаў, якія могуць вынікаць з гэтага рашэння”. Артур Собань заявіў, верагоднай датай можа быць 15 чэрвеня. Намеснік міністра падкрэсліў, што з-за эпідэміі, эканамічнага шоку, у прыватнасці, авіякампаніі сказалі, што неабходна перабудаваць сетку сувязяў і мець упэўненасць пасажыраў у выкарыстанні паветраных злучэнняў, а таксама „правесці адпаведныя працэдуры як у авіякампаніях, так і ў аэрапортах”. Яшчэ 15 сакавіка ўрад закрыў межы Польшчы для большасці замежнікаў. Памежны кантроль быў адноўлены.

З 15 чэрвеня Швейцарыя скасуе ўвесь кантроль на межах з Аўстрыяй, Нямеччынай і Францыяй, і грамадзянам больш не давядзецца апраўдваць паездкі ў гэтыя раёны і сваё вяртанне з іх. „Для адкрыцця мяжы з Італіяй яшчэ рана”, – сказала міністарка замежных спраў Швейцарыі Карын Келлер-Сатэр. Сітуацыя ў Ламбардыі выклікае асаблівую занепакоенасць у швейцарцаў, не дазваляецца ўезд у Швейцарыю больш чым 60 000 працаўнікоў. Такім чынам, не будзе ўзаемнасці з Рымскім рашэннем, згодна з якім мяжа адкрыецца 3 чэрвеня, і грамадзяне Швейцарыі змогуць ўехаць у Італію, піша Corriere della sera. „Пакуль мы не рэкамендуем ехаць у Італію”, – дадала міністарка замежных спраў. Урад Швейцарыі таксама паведамляе пра паслабленне шэрагу абмежаванняў: не пазней за 6 ліпеня свабода перамяшчэння вернецца ва ўсе краіны Шэнгенскай зоны, у той час як кампаніі змогуць вярнуцца да найму супрацоўнікаў з трэціх краін. Замежныя студэнты, якія навучаюцца ў швейцарскіх установах, таксама змогуць вярнуцца ў краіну.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Keystone / Anthony Anex