COVID-19: агляд сусветнай прэсы
Знакаміты Бостанскі марафон сёлета будзе віртуальным. Амерыканскія турысты замест працягу кругасветнага падарожжа захраслі на Таіці і не шкадуюць. Харватыя адчыніла межы яшчэ з 10 краінамі, у тым ліку і Польшчай. Падрабязнасці ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.
ПС: Спартовая асацыяцыя Бостана абвясціла, што 124-ы Бостанскі марафон адбудзецца толькі як віртуальнае мерапрыемства. Здарылася гэта ў выніку адмены марафону мэрам Бостана Марцінам Уолшам. Марафон нельга праводзіць з-за масавага ўдзелу людзей у час пандэміі COVID-19. Віртуальны Бостанскі марафон будзе дапаўняцца шэрагам віртуальных падзей на працягу другога тыдня верасня. „Наш галоўны прыярытэт па-ранейшаму — захаванне здароўя грамадства, а таксама нашых супрацоўнікаў, удзельнікаў, добраахвотнікаў, гледачоў і прыхільнікаў”, – сказаў Том Грылк, прадстаўнік асацыяцыі. „Паколькі не можам прывезці людзей з усяго свету ў Бостан у верасні, мы плануем прывесці Бостан у свет на гістарычны, 124-ы Бостанскі марафон”. Усім удзельнікам, якія першапачаткова зарэгістраваліся на мерапрыемства 20 красавіка 2020 года, будзе прапанавана поўнае вяртанне ўступнага ўзносу і нададзена магчымасць удзельнічаць у віртуальнай альтэрнатыве, якую можна запусціць у любы час паміж 7 і 14 верасня. Віртуальныя прапановы для ўдзельнікаў будуць уключаць эксклюзіўныя дыскусійныя форумы, інтэрв’ю з чэмпіёнамі і загружаны інструментар Бостанскага марафону, які ўключае ў сябе элементы гонкі. Больш падрабязная інфармацыя будзе накіравана ўсім удзельнікам у бліжэйшы час. Удзельнікі віртуальнага Бостанскага марафону-2020 павінны будуць прабегчы адлегласць 26,2 мілі за шэсць гадзін і прадаставіць дакумент, які пацвярджае час арганізатарам. Усе спартсмены, якія пройдуць віртуальную гонку, атрымаюць афіцыйную праграму Бостанскага марафону, футболку ўдзельніка, медаль і нагрудную пару.
Харватыя — адно з найбольш папулярных месцаў для турыстаў у Еўропе, адчыніла з сённяшняга дня межы з 10 дзяржавамі, у тым ліку з Польшчай. Таксама гэта Вугоршчына, Аўстрыя, Чэхія, Славаччына, Эстонія, Латвія, Летува і Нямеччына. Крыху раней была адчынена мяжа са Славеніяй, якая першай у Еўропе паведаміла пра перамогу над каронавірусам. Харвацкі ўрад падкрэслівае, што аднаўленне турызму як важнейшай галіны эканомікі, будзе ў прыярытэце ў бліжэйшыя месяцы, піша харвацкая прэса. Сфера моцна пацярпела ад каранціну, і цяпер урад прыкладзе ўсе намаганні па максімальным выхадзе ў крызісу.
Новая Зеландыя за цэлы тыдзень не зафіксавала ніводнага новага заражэння на каронавірус. У краіне паведамляюць, што на дадзены момант лячэнне ад каронавірусу праходзіць толькі адна асоба. Суровы каранцінны рэжым быў уведзены тут яшчэ 25 сакавіка, калі выявілі каля 100 заражэнняў. Больш за месяц дзейнічалі строгія абмежаванні, калі людзям забаранялася пакідаць дамы без дай-прычыны. З пачатку эпідэміі ў Новай Зеландыі памерлі 22 чалавекі, перахварэлі 1,5 тысячы. Пра гэта піша New Zealand Herald.
Таксама гэтае выданне апісвае гісторыю 28-гадовай Крыстэн Панкратц, якая заўжды марыла паплысці з бацькам у кругасветнае падарожжа. Пасля адмовы працаваць на рэкламную кампанію ў Даласе ў ЗША яна паплыла разам з бацькамі, каб здзейсніць мару. У сакавіку яны пачалі пераплываць Ціхі акіян, былі на Таіці. І якраз пачалася пандэмія каронавірусу, межы сталі зачыняцца. Таіці, як і ўся Французская Палінезія была месцам, дзе яшчэ можна было застацца, мяжу не паспелі зачыніць. І рашэнне было прынятае. Усё ж пакідаць сваё судна на далёкім востраве і ляцець самалётам назад не хацелася. На той момант паблізу сабраліся каля 550 яхтаў. Дзесьці было 2-3 пасажыры, а дзесьці 10. Многія маракі захраслі таксама на Фіджы, Тонзе, каля берагоў Аўстраліі, Новай Зеландыі. Крыстэн Панкратц зусім не збянтэжыла такая сітуацыя, разам з бацькам яны глядзелі мясцовыя гроты, пляжы з чорнага пяску, дзе практычна не было людзей, а таксама сустракаліся з гасціннымі таіцянамі. Цяпер яна лічыць, што на Таіці яны былі больш абароненымі, чым калі б засталіся ў Злучаных Штатах. Пра каронавірус яны даведаліся, калі праплывалі Панамскі канал, прачыталі некаторыя навіны на спадарожнікавым тэлефоне, а таксама пагутарылі з сустрэтымі маракамі.
На Таіці ім было дазволена пакідаць яхту толькі для ранішняй зарадкі і набыцця прадуктаў. Але за гэты час былі добрыя адносіны з іншымі маракамі, Крыстэн Панкратц прызнаецца, што яны нават зрабілі сумесны графік, разам рабілі фізічныя практыкаванні, а ўвечары рабілі вечарыну з кактэйлямі, калі кожны быў на сваёй лодцы.
Беларускае Радыё Рацыя