COVID-19: агляд сусветнай прэсы
У паўднёваафрыканскіх школах адкладзены выхад з каранціну, экспрэс-пахаванні ў Нікарагуа, вяртанне турэцкіх басейнаў да працы.
Якія тэмы апісвае сёння сусветная прэса, даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:
– У панядзелак адзін з матэрыялаў New York Times па каронавіруснай тэме прысвечаны сітуацыі ў Нікарагуа. З Беларуссю гэтую краіну лучыць, напрыклад, тое, што яна, як Беларусь і афрыканскае Бурундзі нават не спыняла футбольных чэмпіянатаў і не зачыняла для гледачоў трыбуны, павышаючы рызыку заражэння каронавірусам. Амерыканскае выданне апісвае гісторыю адной нікарагуанскай сям’і: некалькі гадзін пасля таго, як Яміль Асэвэду памёр у бальніцы, работнікі пахавальнай службы ў абарончых касцюмах прывязалі дамавіну да кузава пікапа, адвезлі яе на могілкі і пахавалі ў цёмнай ночы. Па ўсёй Нікарагуа сем’і прымушаюць праводзіць гэтыя „экспрэс-пахаванні”, ехаць на пахаванні ў любы час ночы, не паспяваючы выклікаць ксяндза і набыць кветкі. Хаўтуры адбываюцца так хутка і бессэнсоўна, што сваякоў турбуе, ці не адбылося страшнай памылкі. „Доктар сказаў: Калі вы можаце як мага хутчэй пахаваць яго, зрабіце гэта”, – кажа Аманія Асэвэду, дачка памерлага. „Я не ўпэўненая нават, ці сапраўды ў гэтай закрытай труне ляжаў менавіта ён”. Пры гэтым нікарагуанскія ўлады, прама як і ў Беларусі, штотыднёва сцвярджаюць, што вірус знаходзіцца пад кантролем, пры гэтым трывожныя сігналы пра заражэнні і начныя пахаванні працягваюць паступаць з розных рэгіёнаў краіны. Спартоўцы ў Нікарагуа аказаліся больш рашучымі і смелымі за беларускіх, калі ў футболе ўсё абмежавалася акцыяй у масках ад адной каманды, якая не прынесла жаданага выніку, тады сезон бейсболу адклалі з-за агульнага пратэсту бейсбалістаў, якія проста адмовіліся выходзіць на поле, пакуль сітуацыя не нармалізуецца. Нікарагуанскі ўрад параўноўвае сябе са Швецыяй, якая таксама не абвяшчала каранцін. Але пры гэтым улады цэнтральнаамерыканскай дзяржавы нібы забываюць сказаць, што шведы пры гэтым забаранялі масавыя мерапрыемствы з людзьмі, а ў Нікарагуа канцэрты і іншыя імпрэзы ладзіліся, прычым іх актыўна ладзіў менавіта ўрад.
Пакуль да Беларусі не знікае недавер, і, напрыклад, Летува адмаўляецца пускаць беларускіх грамадзян да сябе, шэраг іншых краін, суседскіх ці паблізу, адкрываюцца ўсё больш. Славаччына і Малдова з 1 чэрвеня аднавілі пункты пропуску на мяжы з Украінай, Вугоршчына пакуль адклала іх адкрыццё. Пра гэта ў каментары Укрінфарму паведаміў прэс-сакратар памежнай службы Андрэй Дземчанка. Ён пацвердзіў, што цяпер працуюць тры пункты пропуску са Славаччынай і 10 з Малдовай. Польшча і Румынія разглядаюць магчымасць адкрыцця дадатковых пунктаў пропуску з Украінай на ўрадавым роўні.
Турэччына выходзіць з каранціну. Адміністрацыя прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана на працягу некалькіх тыдняў паступова здымае абмежаванні, уведзеныя ў сувязі з эпідэміяй каронавіруса. Турэцкія ўлады сцвярджаюць, што эпідэмія каронавіруса ўжо знаходзіцца пад кантролем. З 1 чэрвеня – акрамя рэстаранаў і кавярняў – у краіне таксама будуць адкрыты спартыўныя залы, басейны, пляжы, бібліятэкі і музеі. Яслі і дзіцячыя садкі таксама адкрываюцца, але абмежаванні на свабоднае перасоўванне асоб, старэйшых за 65 гадоў, будуць працягваць дзеянне, піша Anadolu. На сёння ў Турэччыне было выяўлена 163 932 выпадкі каронавіруснай інфекцыі і 4540 смерцяў.
Прэзідэнта Паўднёвай Афрыкі Сірыля Рамафосу хвалілі за ўвядзенне строгага каранціннага рэжыму ў канцы сакавіка. Жыхары рэспублікі былі практычна зачыненыя ў дамах, рудні і фабрыкі пачалі працаваць на 50 адсоткаў магутнасці, краіна таксама забараніла продаж алкаголю і цыгарэт. Аднак гэтыя захады аказалі моцны ўплыў на эканоміку краіны, якая ўжо была ў рэцэсіі да пачатку эпідэміі. У гэтым годзе эканоміка Паўднёвай Афрыкі скароціцца на 7 працэнтаў ВУП, паведаміў цэнтральны банк Паўднёвай Афрыкі. З пачатку чэрвеня выкладанне ў школах павінна аднавіцца, але гэта тычыцца толькі вучняў апошніх класаў пачатковых і сярэдніх школ. Аднак настаўніцкія прафсаюзы і прафесійныя асацыяцыі настаўнікаў заклікалі настаўнікаў сабатаваць гэты ўказ, падкрэсліваючы, што школы не былі забяспечаны сродкамі бяспекі для вучняў. У нядзелю ўвечары аддзел адукацыі змяніў планы, адкладаючы вяртанне вучняў у школу яшчэ на тыдзень. З 1 чэрвеня заняткі пачнуцца толькі ў школах адной правінцыі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота tourdom.ru