Covid-19: агляд сусветнай прэсы
Суд Паўднёвай Афрыкі прызнаў меры ўрада па каранціне нелагічнымі і неэфектыўнымі.
У Польшчу пачынаюць запрашаць усё больш работнікаў з Украіны, але агульная іх колькасць упала з-за каронавіруса. Якія тэмы апісвае сёння сусветная прэса, даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:
– Урад Панамы напярэдадні пачаў размарожваць эканоміку, выходзячы з жорсткага каранціну. Але гэта надта не падабаецца прафсаюзам, якія распачалі забастоўкі. Яны прайшлі ў сталіцы. Прафсаюзы ўпэўненыя, што скасаванне абмежаванняў прывядзе да новага ўсплёску захворванняў і росту смерцяў. Пра гэта выказаўся генеральны сакратар найбуйнейшага панамскага прафсаюзу Сантрэкс Сауль Мэндэс. Як піша AFP, Мэндэс параўнаў выхад з каранціну ў гэты момант з выкіданнем у смецце ўсяго, што людзі перанеслі за апошнія тыдні. У краіне зафіксавана 14 095 заражэнняў, 352 смяротныя выпадкі. З 1 чэрвеня ў Панаме зноў запрацавалі будоўлі і шахты. Сауль Мэндэс лічыць, што 74 дзён каранціну недастаткова, і варта было падоўжыць яго. Пратэстоўцы сабраліся напярэдадні каля Міністэрства працы і заявілі, што працоўныя фактычна высланыя на смерць, паколькі шэраг працадаўцаў не толькі не паклапаціліся пра неабходную дыстанцыю паміж супрацоўнікамі, але нават не закупілі антысептычных сродкаў для іх. Прафсаюзы вымагаюць паступовага выхаду з каранціну, а не такога рэзкага, які адбыўся. Таксама пратэстоўцы патрабуюць ад уладаў адмяніць планы па новым заканадаўстве, якое, на іх думку, ідзе толькі на карысць працадаўцам. Ёсць і патрабаванне паляпшэння эканамічных умоў для малога і сярэдняга бізнэсу.
Украінцы вяртаюцца. Польскія працоўныя агенцыі і фірмы зноў наймаюць на працу ўкраінскіх работнікаў, хоць, з аб’ектыўных прычынаў, у меншай колькасці, чым летась. Калі ў красавіку ў Польшчу прыехалі на працу 34 тысячы ўкраінцаў, то ў чэрвені 94 тысячы. Такія звесткі мае Упраўленне памежнай варты Польшчы. Спрыяюць павелічэнню выхад польскай эканомікі з каранціну і пачатак сезону асноўных прац у сельскай гаспадарцы. Сёлета запатрабаванне на замежных работнікаў на 20% вышэйшае, чым летась, сказаў у размове з газетай Rzeczpospolita Анджэй Крокус, прэзідэнт агенцыі EWL, што прымае замежнікаў на працу. 64% рабочых з Украіны пажадала аўтаматычна падоўжыць свой дазвол на працу ў Польшчы. Паводле некаторых ацэнак, цяпер у краіне працуе на 300 ці нават 400 тысяч украінцаў меней, чым у 2019. Пры гэтым некаторыя польскія кампаніі сталі пакрываць украінцам вытраты на праезд да месца працы, адна арганізацыя нават ладзіць чартарныя рэйсы самалётам. Памежны рух паміж дзяржавамі, зрэшты, яшчэ не такі актыўны, як да пандэміі, але ў панядзелак адбылася важная сустрэча намесніка міністра замежных спраў Украіны Васіля Боднара з паслом Польшчы ў Кіеве Барташам Ціхоцкім. На перамовах была дасягнута дамоўленасць, што Украіна і Польшча будуць працаваць над спрашчэннем працэдуры перасячэння мяжы і атрымання рабочых віз, яны таксама разглядаюць магчымасць заключэння пагаднення аб сезонных рабочых.
Вярхоўны суд Паўднёвай Афрыкі прызнаў некаторыя правілы каранціну, уведзеныя ўрадам, „неканстытуцыйнымі і неэфектыўнымі”. Правілы пахаванняў, працы неафіцыйных работнікаў і фізічных практыкаванняў названыя „нерацыянальнымі”. Ураду прадастаўлена 14 дзён на рэфармаванне правілаў. Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка напачатку мела некаторыя з абмежавальных захадаў, прынятых у свеце. У краіне 35 812 пацверджаных выпадкаў і 755 смерцяў. Суд у сталіцы Прэторыі пастанавіў, што прынятыя ўрадам правілы не звязаны з запаволеннем хуткасці заражэння або абмежаваннем яго распаўсюджвання.
„Абмежаваць права на свабоду перамяшчэння з мэтай абмежаваць кантакты з іншымі людзьмі, каб зменшыць рызыку распаўсюджвання віруса, рацыянальна, але абмяжоўваць гадзіны практыкаванняў на адвольна вызначаныя перыяды часу цалкам ірацыянальна”, – цытуе суддзю Нормана Дэвіса сайт News 24. Ён таксама сказаў, што няправільна дазваляць людзям ездзіць на пахаванні, але пры гэтым забараняць зарабляць на жыццё вулічным гандлем, тым больш, дзякуючы яму, выжываюць многія жыхары Паўднёвай Афрыкі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Michele Spatari/AFP via Getty Images