COVID-19: агляд сусветнай прэсы



У Беластоку адкрываецца адзін са шпіталяў, новыя звесткі пра вакцыну і іншае. Пра што напісала сёння сусветная прэса, даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

Інфекцыяніст, дырэктар Нацыянальнага інстытута алергіі і інфекцыйных хвароб ЗША Энтані Фаўчы, які адначасова з’яўляецца дарадцам Белага дома, заявіў, што ёсць падставы для турботаў з нагоды эфектыўнасці будучай вакцыны супраць каронавіруса. Практычна няма доказаў таго, што ўтвараецца імунітэт да інфекцыі. Таму, нават калі вакцына будзе створана ў 2021 годзе, ніхто не можа быць упэўнены, што вакцынацыя забяспечыць чалавеку доўгатэрміновы імунітэт. Калі COVID-19 выклікае тую ж рэакцыю, што і ў іншых відаў каронавірусаў, „працягласць імунітэту наўрад ці будзе доўгай”, заявіў Энтані Фаўчы ў інтэрв’ю часопісу JAMA. „Калі вывучыць гісторыю ўздзеяння на арганізм іншых відаў каронавірусу, якія выклікаюць прастуду, можна ўбачыць, што імунная сістэма практычна заўсёды трывае ад трох да шасці месяцаў, максімум каля года”, – сказаў інфекцыяніст. На жаль, гэта недастаткова высокая абарона.

Нацыянальны інстытут алергіі і інфекцыйных хвароб супрацоўнічае з біятэхналагічнай кампаніяй Moderna над распрацоўкай вакцыны супраць віруса. Фаўчы заявіў, што з 3 ліпеня ў трэцюю фазу тэставання Moderna запросяць яшчэ 30 000 добраахвотнікаў. Такім чынам, навукоўцы спадзяюцца атрымаць „сотні мільёнаў доз” да пачатку 2021 года, хоць гэта не з’яўляецца гарантыяй таго, што навукоўцы змогуць распрацаваць эфектыўную прафілактычную меру. „На адказ могуць пайсці многія месяцы”, — растлумачыў навуковец. Калі вакцына супраць каронавіруса з’явіцца ў 2021 годзе, гэта будзе рэкорднае дасягненне ў медыцыне, адзначыў эксперт.

Ірландыя выходзіць з каранціну, але ёсць свае абставіны. Як піша ВВС, гатэлі ў Ірландыі адчыняцца толькі 20 ліпеня, у тыя самыя дні як і ў Паўночнай Ірландыі, а вось бары пры гатэлях застануцца зачыненымі. Пры гэтым у гатэлях распрацавана схема сацыяльных дыстанцый для пастаяльцаў і персаналу. Раней, 29 чэрвеня дазволяць адчыніць рэстараны і кавярні, аднак яны будуць прытрымлівацца строгіх санітарных пратаколаў. Пры гэтым адчыняць бары пры гатэлях і пабы ў горадзе ірландцы плануюць толькі 10 жніўня. Лідар партыі Fianna Fáil Мікаэль Марцін, які верагодна стане прэм’ер-міністрам Ірландыі, заявіў, што зараз няма істотных праблем, якія б заміналі павелічэнню дыстанцыі падарожжаў. Пакуль паездкі ўнутры краіны абмежаваныя 5 кіламетрамі, у бліжэйшы час, пры правядзенні другога этапу выхаду з каранціну, Марцін плануе пашырыць радыюс паездак да 20 км. Толькі варта дачакацца абгрунтаванага меркавання навукоўцаў.

І навіна з Беластоку. Пасля перапынку ў тры месяцы аднаўляе прыём пацыентаў шпіталь Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, запрацавалі тры аддзелы. Ужо сёння туды пусцяць у аддзел герыятрыі. Там 17 месцаў, на якіх да пандэміі каронавірусу вылечылі паўтысячы пацыентаў, пераважна ў веку каля 80 гадоў, перадае „Радыё Беласток”. Дырэктар шпіталю Аліцыя Скіндзялеўская паведаміла таксама, што ўжо на выходных адкрыюцца яшчэ два аддзелы: уралагічны і артапедычны. Пацыенты зробяць тэсты на каронавірус і ў выпадку негатыўнага выніку 8-га чэрвеня змогуць прыступіць да працэдураў паводле сваёй хваробы. У панядзелак, 1-га чэрвеня шпіталь перастаў лічыцца заражанай установай. У ім дзевяць палат, у якіх штогод лечацца амаль 8000 пацыентаў з Падляшша, а таксама суседніх ваяводстваў. Перад аднаўленнем запланаваных працэдур усе памяшканні прадэзінфікавалі, і каля трохсот супрацоўнікаў прайшлі тэсты на COVID-19, некаторыя нават некалькі разоў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Jonathan Ernst | Reuters