COVID-19: агляд сусветнай прэсы



Як забяспечыць сабе адпачынак у Новай Зеландыі, хоць і без камфорту? Ці сапраўды праваліўся шведскі эксперымент?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні дае сёння сусветная прэса, падрабязнасці даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

– Універсітэт Джона Хопкінса стварыў інфаграфіку, якую апублікаваў сёння шэраг газет на сваіх палосах. Ён параўноўвае толькі чатыры краіны, але гэтае параўнанне яскравейшае за любое іншае. Выключна скандынаўскія краіны і смяротнасць ад каронавірусу там на 100 000 чалавек. Швецыя, у якой не ўводзіўся каранцін, больш чым у 4 разы  апярэджвае ўсіх суседзяў: 43 смерці на 100 тысяч чалавек. Пры тым што ў Даніі гэты паказчык меней за 10 смерцяў. Фінляндыі ўдалося спыніцца на паказчыку 5,76. Нарвегія — самая паспяховая ў змаганні з каронавірусам, ёй удалося не перавысіць лічбу 4,44. Нагадаем, Швецыя — адзіная краіна Скандынавіі, якая не ўводзіла каранцін на сваёй тэрыторыі, дзейнічалі толькі абмежаванні на масавыя мерапрыемствы, не дазвалялася збіраць на іх больш за 50 чалавек. Прыклад Швецыі часта прыводзілі беларускія ўлады ў апраўданне таго, што яны таксама не ўвялі каранцін. Пры гэтым, праўда, у Беларусі на афіцыйным роўні наогул рабіліся заявы пра несур’ёзнасць хваробы, праводзіўся вайсковы парад, на які прымусовым парадкам „запрашалі” людзей. Да таго ж, напярэдадні галоўны эпідэміёлаг Швецыі Андэрс Тэгнел прызнаў памылку і сказаў, што каранцін усё ж варта было ўвесці.

Наймацнейшая баскетбольная ліга свету НБА ўжо абмяркоўвае магчымасць аднаўлення сезону. Рашэнне будзе прынята ў бліжэйшыя два тыдні. Пра гэта выказаўся функцыянер НБА Адам Сільвер. Ён правёў відэаканферэнцыю з удзелам іншых адказных асобаў лігі і пасля заявіў, што ўдзельнікі аптымістычна настроеныя да планаў аднаўлення сезону, паведамляе ESPN. Матчы ў НБА былі прыпыненыя ў сакавіку, 8 траўня ліга дазволіла некаторым камандам адчыніць трэніровачныя базы, а менавіта тым, якія знаходзяцца ў штатах з менш строгім рэжымам ізаляцыі. Усё гэта кажа пра тое, што бягучы сезон НБА, хутчэй за ўсё, будзе адноўлены. Застаецца толькі даведацца дату і фармат, у якім пройдуць наступныя гульні, якія вызначаць пераможцу. Зрэшты, трэба будзе даведацца і рэакцыю ўсіх клубаў. Паколькі ў сярэдзіне траўня шэраг каманд, асабліва тых, хто прайграў барацьбу за вядучыя пазіцыі, хацеў завяршыць сезон. Яны не бачылі сэнсу выпускаць баскетбалістаў на пляцоўку і рызыкаваць іхным здароўем, асабліва ва ўмовах, калі клуб страціў шанцы на высокія месцы.

Як паехаць за мяжу на зборы, каб яны пераўтварыліся на доўгі адпачынак? Пра гэта можа распавесці каманда па рэгбі „Манума Самоа”. Толькі наўрад ці эмоцыі спартоўцаў будуць станоўчымі. 104 дні таму каманда вылецела са сталіцы свайго вострава Апіі. У планах было правесці два тыдні ў новазеландскім Оклендзе на інтэнсіўных трэніроўках, а потым пераляцець у аўстралійскі Перт, дзе каманда павінна была правесці матч прафесійнай рэгбійнай лігі. Окленд, які павінен быў стаць трэніровачнай базай на два тыдні, стаў родным домам для магутных рэгбістаў. Іх прымусілі прайсці каранцін, які акурат тады ўвёў урад Новай Зеландыі. Іх адправілі ў будынак царквы, які прыстасавалі пад размяшчэнне немясцовых жыхароў, якія апынуліся ў краіне падчас закрыцця межаў. Такім чынам, усе члены „Манума Самоа” вымушаныя былі тры месяцы жыць у царкве, прычым у адным з пакояў пражывала адначасова 20 чалавек. Толькі цяпер, пасля 104 дзён вымушанага перабывання ў Новай Зеландыі, рэгбістаў выпусцілі. Межы Новай Зеландыі і Самоа цяпер адчыненыя. І каманда паляцела назад на Самоа. Але пабачыць свае сем’і хлопцам удасца яшчэ не хутка — наперадзе два тыдні каранціну, які яны мусяць вытрымаць на радзіме. Як сказаў ВВС адзін з членаў каманды Хары Нараян, яны прыляцелі ў Новую Зеландыю ўлетку, а паляцелі назад узімку. У Акіяніі сапраўды зараз пачынаецца зіма.

Беларускае Радыё Рацыя