COVID-19: агляд сусветнай прэсы



Хуткасць і перадумовы арганізацыі тэстаў на каронавірус у розных краінах, імкненне Бразіліі хаваць статыстыку і іншыя артыкулы.

Пра што зараз піша сусветная прэса ў рубрыцы „каронавірус”, даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

– „Выдуманыя або зманіпуляваныя дадзеныя.” Бразілія, другая краіна, пацярпелая ад Covid-19 у свеце, не дае на сайт Міністэрства аховы здароўя сапраўднай карты інфекцый. З суботы агульныя дадзеныя аб выпадках заражэння і смерці ўжо не прадастаўляюцца, ёсць толькі штодзённы баланс. Акрамя таго, на працягу некалькіх дзён выданне інфармацыі пераносілася з пяці гадзін дня на дзесяць вечара. Прэзідэнт Жаір Балсанару патлумачыў, што „сукупныя дадзеныя не адлюстроўваюць сітуацыі, у якой знаходзіцца краіна”. „Мы прымаем іншыя захады для паляпшэння сувязі колькасці выпадкаў і пацверджаных дыягназаў”, – дадаў ён. Новы сакратар Міністэрства аховы здароўя Карлас Уізард сказаў газеце O Globo, што цяперашнія дадзеныя „выдуманыя або зманіпуляваныя”. Згодна з дадзенымі Універсітэта Джонса Хопкінса, усяго па Бразіліі больш за 600 000 выпадкаў і 35 000 смерцяў. Як і чакалася, прэтэнзіі сакратара выклікалі гнеў мясцовых прадстаўнікоў у галіне аховы здароўя. „Аўтарытарная, неадчувальная, бесчалавечная і неэтычная спроба хаваць прычыны смерці людзей”, — гаворыцца ў заяве Нацыянальнага камітэту аховы здароўя (Conass), якая аб’ядноўвае рэгіянальных сакратароў аховы здароўя. Пры гэтым Карлас Уізард, якога так крытыкуюць, патлумачыў сваю пазіцыю, дадаўшы, што лічбы не будуць пераглядацца. «Мы не зацікаўлены ў эксгумацыі памерлых. Мы не хочам азірацца на мінулае, нас больш цікавяць сучаснасць і будучыня”, – сказаў ён. Акрамя таго, Уізард паставіў пад сумнеў ранейшы ўлік, які быў зроблены ў папярэднія тыдні, сцвярджаючы, што СМІ паведамляюць несапраўдныя дадзеныя.

Так ці іначай, міжнародныя арганізацыі маюць іншую інфармацыю, менш аптымістычную для Бразіліі. Пасля яе, паводле Універсітэта Джонса Хопкінса, ідуць Перу і Чылі. У Перу больш за 5 тысяч смерцяў, што ў 7 разоў меней за Бразілію, у Чылі 1,5 тысячы памерлых.

Прынц Уільям, герцаг Кембрыджскі, таемна прыняў заяўку на гарачую лінію, створаную Каралеўскім фондам сям’і, каб дапамагчы людзям падчас пандэміі каронавіруса. Уільям і яго жонка герцагіня Кембрыджская Кейт Мідлтан распавялі пра гэта падчас відэаканферэнцыі з іншымі добраахвотнікамі. Прынц Уільям быў адным з 2000 добраахвотнікаў. За сваю працу яны накіравалі людзям больш за 300 тысяч паведамленняў. Герцагіня Кембрыджская таксама давала дапамогу па гарачай лініі, удзельнічаючы ў групавых перамовах з тымі, хто меў патрэбу ў падтрымцы. Лінія Shout 85258 — гэта служба, валанцёры якой кругласутачна абменьваюцца тэкставымі паведамленнямі з людзьмі, якія знаходзяцца ў ізаляцыі і маюць патрэбу ў падтрымцы. Паводле дадзеных APnews, каралеўская сям’я ўклала каля 3 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў у паслугу Shout.

Расейскі часопіс „Нож” выдаў аналітычны матэрыял па захадах праверкі на каронавірус у розных краінах. Аўтары прыйшлі да некаторых высноваў. Паўднёвая Карэя, дзе фармакалагічная індустрыя на высокай стадыі развіцця, займае адну з вядучых галін эканомікі і ўжо валодае вопытам работы з дзяржаўнымі органамі па хуткім ўкараненні новых распрацовак у карыстанне, змагла аператыўна дапамагчы ўраду арганізаваць тэставанне. Да таго ж эканоміка Паўднёвай Карэі ў цэлым пабудавана на значна больш шчыльным супрацоўніцтве паміж дзяржорганамі і буйнымі карпарацыямі. У Брытаніі для прыватнага бізнэсу існуе мінімум юрыдычных перашкод — таму ён з такой лёгкасцю пачаў дапамагаць ураду. У ЗША, нягледзячы на традыцыйна высокую ролю свабоднага рынку і моц прыватнага сектару, менавіта галіна фармакалогіі ў апошні час падвергнулася празмернаму рэгуляванню — з-за распаўсюджвання ідэй аб празмерным уплыве «фармакалагічнага лобі» на прыняцце рашэнняў Кангрэсам і актыўных спробаў фармакалагічных кампаній займець маштабныя дзяржаўныя кантракты. У Расеі ж дзейнасць прыватнага бізнесу, у тым ліку індустрыі лекаў, традыцыйна моцна зарэгулявана, а сярод кантрольных органаў, якія павінны выдаваць ліцэнзіі на новыя прэпараты і тэст-сістэмы, распаўсюджаны недавер да прыватных гульцоў. Таму ў суседняй з Беларуссю Расеі тэставанне на каронавірус было арганізавана павольней, адпаведна, з большай рызыкай для грамадства.

Беларускае Радыё Рацыя