Covid-19: агляд сусветнай прэсы



Памёр прэзідэнт Бурундзі, які правёў выбары падчас пандэміі. Балгарыя працягнула надзвычайны стан да канца чэрвеня.

Пра што зараз піша сусветная прэса ў рубрыцы „каронавірус”, даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

– На тле пратэстаў супраць расізму ў ЗША і некаторых іншых краінах, а таксама звязаных з імі актамі марадзёрства і скідання помнікаў, крыху адыходзіць на другі план тэма каронавірусу. Але не для ўсіх СМІ. „Аль-Джазіра” ў сераду піша пра Афрыку, у якой колькасць выпадкаў каронавіруса перакрочыла 200 тысяч. Пра гэта афіцыйна паведамілі ў Афрыканскім цэнтры кантролю і прафілактыкі захворванняў. Памерлі ад хваробы ўжо болей за 5,5 тысяч чалавек. Калі ў цэлым кантынент мае не болей за 5% сусветнай лічбы хворых, то асобная краіна — Паўднёвая Афрыка працягвае паведамляць пра рост захворванняў. Амаль 53 тысячы чалавек інфікаваныя ў краіне. Гэта звыш чвэрці выпадкаў у цэлым на кантыненце. Прычым 2/3 усіх паўднёваафрыканскіх выпадкаў прыходзяцца на правінцыю Заходні Кэйп, дзе месціцца Кэйптаўн.

Балгарыя працягнула надзвычайны стан да канца чэрвеня. Пасля зняцця пэўных абмежаванняў па гэтай балканскай краіне зноў пачаў назірацца рост інфекцыі. Прэм’ер-міністар Балгарыі Бойка Барысаў назваў гэта асноўнай прычынай, чаму абмежаванні працягнуцца да канца месяца. Пры гэтым рэстараны і гандлёвыя цэнтры будуць працаваць, як ім нядаўна дазволілі, зняўшы забарону, што дзейнічала з сярэдзіны сакавіка, піша выданне Noviny. Пры гэтым Бойка Барысаў паведамляе, што новыя абмежаванні для людзей уводзіцца не будуць, але грамадзян просяць захоўваць сацыяльную дыстанцыю.

Паўднёвая Амерыка ўжо больш за месяц знаходзіцца сярод рэгіёнаў, якім найбольш пагражае каронавірус. Аднак Аргентына згадвалася ў гэтым плане пераважна не з-за колькасці хворых, якая значна меншая, чым у суседняй Бразіліі, і таксама саступае Перу і Чылі, а з-за таго, што краіну напаткаў чарговы дэфолт. Цяпер жа настаў першы дзень, калі колькасць новых выпадкаў за суткі перавысіла 1000 чалавек. Усяго за ўвесь час у Аргентыне  24 761 выпадак захворвання і 717 смерцяў, 24 з якіх толькі за апошнія суткі. На мінулым тыдні Аргентына абвясціла строгі рэжым самаізаляцыі ў сталіцы, Буэнас-Айрэсе. Зроблена гэта, паколькі менавіта там найбольш пашыраны каронавірус. У іншых рэгіёнах абавязковая толькі сацыяльная дыстанцыя. У Мексіцы, як паведамляе „Аль-Джазіра”, сітуацыя з каронавірусам значна горшая. Прэм’ер-міністр Уга Лопэс Гатэль сказаў, што краіна яшчэ не дасягнула піку, пры тым што хвароба ўжо забрала 14,5 тысяч жыццяў.

Пабылі ў Еўропе, Паўднёвай Амерыцы, а цяпер вернемся ў Афрыку, з якой і пачалі выпуск. Памёр прэзідэнт Бурундзі Нкурунзіза, яму было 55. Афіцыйны твітэр ураду Бурундзі паведаміў, што прычынаю смерці стаў сардэчны прыступ, але ёсць інфармацыя, якая намякае на каронавірус. Паводле твітэру, Нкурунзіза наведаў валейбольны матч у суботу, а пасля яго адчуў сябе кепска і трапіў у лякарню горада Карузі, што ва ўсходнім Бурундзі. Мясцовая апазіцыйная прэса, якая знаходзіцца пад вялікім ціскам з 2005 года, калі Нкурунзіза прыйшоў да ўлады, паведамляе пра тое, што 10 дзён таму Дэнісэ Нкурунзіза, першая ледзі краіны, таемна лётала ў сталіцу Кеніі Найробі па медычную дапамогу. Крыніцы пішуць, што яна захварэла на каронавірус, адпаведна, магла заразіць ім і мужа, што ў выніку прывяло да смерці бурундзійскага дыктатара. У мінулым месяцы ён скасаваў мандат і выслаў з краіны прадстаўніка Сусветнай арганізацыі аховы здароўя за крытыку дзеянняў краіны па прадухіленні пандэміі. Бурундзі падверглі крытыцы за малую колькасць зробленых тэстаў і за актыўную выбарчую кампанію, якая завяршылася выбарамі 20 траўня, у самы разгар пандэміі. Цяпер новым прэзідэнтам павінен стаць паплечнік памерлага Эварыстэ Ндаішыміе, які ваяваў з Нкурунзізам поплеч у грамадзянскай вайне, якая доўжылася з 1993 па 2005 гг. і ў якой загінулі больш за 300 тысяч чалавек. У 2015 годзе, пасля двух тэрмінаў на пасадзе прэзідэнта, Нкурунзіза пайшоў на парушэнне Канстытуцыі і балатаваўся на трэці тэрмін, апанентаў запалохвалі, міжнародныя назіральнікі зафіксавалі больш за 300 пазасудовых смерцяў, якія, верагодна, былі забойствамі палітычных апанентаў. Тады ж, у 2015-м, міжнародныя арганізацыі пазбавілі Бурундзі фінансавай падтрымкі, каб не дапамагаць дыктатуры, сотні тысяч людзей вымушаныя былі бегчы з краіны. Сёлета, калі Нкурунзіза зладзіў галасаванне падчас пандэміі, лідар апазіцыі Агатон Рваса паведаміў, што яго прыхільнікі сутыкаліся з пагрозамі жыццю, катаваннямі і арыштамі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Reuters