COVID 19: агляд сусветнай прэсы



Як скончаць навучальны год у Летуве, ці пагражае каронавірус катам? Такія тэмы сёння ў загалоўках газет у розных краінах. Гэтыя і іншыя навіны — у аглядзе прэсы ад Кастуся Багушэвіча.

ПС: Швейцарыя плануе паслабіць рэжым каранціну. Міністр аховы здароўя Ален Бэрсэ ў чацвер мае распавесці, якія ахоўныя захады будуць знятыя ці палегчаныя. План, пра які ідзе гаворка, мае складацца з трох этапаў, піша „Tages-Anzeiger”. З 27-га красавіка, магчыма, дазволяць выхад на працу цырульнікам і фізіятэрапеўтам, з захаваннем абмежаванняў на колькасць наведнікаў у салоне адначасова. Другі этап плану — школы. У той момант, як у суседняй Італіі амаль канчаткова вырашана, што школы не на дыстанцыйным, а на стацыянарным навучанні адновяць працу толькі ў верасні, швейцарцы хочуць адчыніць іх 11 траўня. Трэцяя фаза — рэстараны і бары, іх плануецца адчыніць 8 чэрвеня. На дадзены момант у Швейцарыі забаронена знаходзіцца на двары колькасцю больш за 5 чалавек. У папярэднім плане, якім аперуюць журналісты, нічога не йдзе пра аднаўленне масавых мерапрыемстваў. Відаць, улады прымуць рашэнне па іх толькі пасля аналізу наступстваў трох этапаў. У Швейцарыі ад каронавірусу памерлі 973 чалавекі, цяпер фіксуецца падзенне колькасці новых заражаных, піша „Tages-Anzeiger”.

Прафесар аддзелу паталогій у ветэрынарыі Масіма Кастан’яра лічыць, што неабходна праводзіць дадатковыя тэсты на COVID-19 у катоў. Пакуль уздзеянне хваробы на гэтых хатніх жывёлінаў яшчэ не даследавана дастаткова, піша Corriere della Sera. Але прафесар-ветэрынар перакананы, што на гэтым этапе на катоў таксама неабходна накладаць карантынныя захады, якія прымяняюць да сваякоў інфікаванага. Напрыклад, у рэгіёне Венэта каты — гэта цэлае войска, 10 тысяч, паводле апошніх дадзеных Міністэрства аховы здароўя, былі кастрыраваныя. Адпаведна, у многіх дамах ёсць кот, а часам і не адзін. Але як праверыць іх на хваробу? Прафесар Масіма Кастан’яра кажа, што жыхары могуць на добраахвотнай аснове прыносіць сваіх гадаванцаў у клініку, каб ветэрынары правялі аналіз крыві і на шэрагу прыкладаў убачылі, ці здольны каронавірус уплываць на катоў і як. Частка крывянога ўзору потым будзе выкарыстоўвацца для антыцелаў, каб супрацьстаяць каронавірусу, піша Corriere della Sera.

У Албаніі цэлая палітычная сіла выказала незадаволенасць тым, што прадпрымае ўрад краіны ў сувязі з пандэміяй, піша адна з найбуйнейшых газет балканскай краіны Koha Jonë, што на беларускую перакладаецца як „Наш час”. Намеснік старшыні апазіцыйнай партыі „Сацыялістычны рух за інтэграцыю” Петрыт Васілі заявіў, што няправільнае кіраванне ўрада Эдзі Рамы дорага каштуе албанскім грамадзянам. Васілі апублікаваў відэазварот на Facebook, дзе як доктар па спецыяльнасці прааналізаваў памылкі ў стаўленні ўрада да пандэміі, з моманту яе пранікнення ў Албанію на пачатку сакавіка „Дзяржаўная антыстратэгічная палітыка без тэставання на вірус і адсутнасць усякіх захадаў, за выключэннем сямейнага лекара, стварыла хаос, няўпэўненасць, паніку, непрадастаўленне кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, няправільнае і непрафесійнае абмежаванне руху і катастрафічныя эканамічныя наступствы, цалкам неабгрунтаваныя. Зноў спазніліся з захадамі па супрацьстаянні хваробе. Пандэміі, якая ўжо шмат каштавала албанцам! Ёсць нямала фактаў і цэлы аналіз абыходжання з пандэміяй з боку ўрада, які грэбаваў ёю, недаацэньваў яе”, – сказаў Петрыт Васілі. Яго цытуе Koha Jonë.

У залежнасці ад каранціннай сітуацыі, правесці экзаменацыйную сесію ў старэйшай школе ў Летуве вырашана з 21 чэрвеня па 22 ліпеня. Намесніца дырэктара Нацыянальнай агенцыі адукацыі Аста Рананітэ распавяла пра планы на іспыты летувіскай службе Delfi. Атэстат 2020 года, паводле яе словаў, не будзе адрознівацца ад атэстатаў, атрыманых папярэднімі пакаленнямі выпускнікоў школаў. „Выпускнікі маюць магчымасць удзельнічаць у асноўных і, пры неабходнасці, паўторных сесіях, як і ў папярэднія гады — мяняецца толькі час экзаменацыйнай сесіі. Да прыняцця рашэння былі два інтэнсіўныя працоўныя тыдні, падчас якіх працоўная група, створаная па распараджэнні міністра адукацыі, навукі і спорту, абмяркоўвала розныя сцэнарыі і магчымыя рызыкі, калі каранцін пратрымаецца даўжэй, чым мы прагназуем у цяперашні час”, — сказала Рананітэ. Расклад ужо апублікаваны СМІ Летувы. Рашэнне чыноўнікаў сферы адукацыі спадабавалася не ўсім летувіскім вучням. Некаторыя лічаць, што дыстанцыйнае навучанне не з’яўляецца эфектыўным, і ў гэтым выпадку не ва ўсіх ёсць аднолькавыя ўмовы для падрыхтоўкі да іспытаў. Адказваючы на прапановы выпускнікоў, каб замест выпускных іспытаў выкарыстоўваць сярэднюю адзнаку за апошнія два гады, Рананітэ сказала, што пасля пастаяннай падрыхтоўкі да экзаменаў з самага пачатку года цяпер было б недарэчна перайсці на іншую сістэму ацэнкі ведаў…

Беларускае Радыё Рацыя