COVID-19: агляд сусветнай прэсы



У Францыі дапамогуць уразлівым катэгорыям насельніцтва. Расея, верагодна, заніжае смяротнасць ад каронавіруса. У Сербіі вельмі хутка пасля жорсткага каранціну дазволілі масавыя мерапрыемствы.

Пра што зараз піша сусветная прэса ў рубрыцы „каронавірус”, даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

– Эпідэмія каронавіруса, каранцін і частковае беспрацоўе пагрузілі шматлікія сем’і ў вялікія фінансавыя цяжкасці. Шмат людзей звяртаюцца да свайго банка або страхоўшчыка, каб знайсці выйсце. Але пенсійныя фонды таксама могуць ім дапамагчы. Некалькі арганізацый вырашылі стварыць выключэнне ў працы і зладзіць дапамогу для падтрымкі сваіх супрацоўнікаў, якія сутыкнуліся з праблемамі, перадае французскі RTL. Такім чынам, Agirc-Arrco, фонд дадатковага пенсійнага забеспячэння работнікаў прыватнага сектару і наёмных работнікаў, абвясціў пра тэрміновую фінансавую дапамогу ў памеры да 1500 еўра (у залежнасці ад сітуацыі чалавека). Agirc-Arrco таксама прапанаваў дапамогу самым уразлівым катэгорыям пенсіянераў, у тым ліку дапамогу ў пакупках людзям старэйшым за 70 гадоў. У дадатковым пенсійным фондзе для самазанятых (RCI) устаноўлены максімальны аб’ём яго дапамогі ў памеры 1250 еўра. Сума будзе разлічвацца ў залежнасці ад роўню ўзносу чалавека і выплачвацца аўтаматычна, пры ўмове, што чалавек зрабіў унёсак у перыяд з 1 студзеня 2019 года па 15 сакавіка 2020 года. Вольныя прафесіі, натарыусы, юрысты, стаматолагі, ветэрынарныя ўрачы і прадпрымальнікі сферы малога бізнесу таксама могуць скарыстацца адмысловай дапамогай у залежнасці ад страты прыбыткаў з-за каранціну і, у большай ступені, у залежнасці ад сваіх фінансавых цяжкасцяў.

Шэраг спартовых мерапрыемстваў па свеце ўжо аднавіліся, але без гледачоў. У Сербіі пайшлі далей. Там напярэдадні адбыўся матч двух вядучых клубаў краіны „Партызана” і „Црвэны Звэзды”, людзі былі дапушчаныя на трыбуны і прыйшлі ў немалой колькасці, што вынікае, напрыклад, з фотаздымкаў сайту sportklub.rs. Некалькі тысяч чалавек на стадыёне засведчылі бадай самы хуткі выхад краіны з крызісу. Калі ў Італіі яшчэ толькі разважаюць, ці пусціць людзей на трыбуны, прынамсі, у жніўні, у Польшчы і некаторых іншых краінах на трыбуны дапусцяць толькі 10-20% ад агульнай колькасці месцаў на стадыёне, тады ў Сербіі ўсе абмежаванні досыць хутка знялі.

Нізкі ровень смяротнасці ад каронавіруса ў Расеі складана зразумець з таго пункту гледжання, што колькасць яе насельніцтва, сістэма аховы здароўя і ўзроставая карціна ў цэлым падобныя да еўрапейскіх, заявіў  кіраўнік праграмы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па надзвычайных сітуацыях Майкл Раян. Ён назваў незвычайнай колькасць смерцяў у Расеі ў адносінах да ліку пацверджаных выпадкаў заражэння. Раян дапусціў, што гэта можа быць звязана з вялікай колькасцю тэстаў на каронавірус, якія праводзяцца ў Расеі, але дадаў, што ў іншых краінах з маштабным тэставаннем паказчыкі смяротнасці ўсё роўна вышэй. «Важна, каб расейскія ўлады перагледзелі спосаб, якім праводзіцца пацвярджэнне смерці, каб пераканацца, што яны робяць гэта належным чынам», – сказаў прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, яго словы цытуе расейская „Новая газета”. Ён таксама нагадаў, што СААЗ падала адзіныя для ўсіх краін рэкамендацыі па падліку смерцяў ад інфекцыі, але некаторыя з іх карыстаюцца методыкай нацыянальных сістэм аховы здароўя. Так, некаторыя дзяржавы запісваюць у статыстыку ўсе выпадкі смерці пацыентаў з каронавірусам ў рэжыме рэальнага часу, а гэта не выключае завышэння паказчыкаў. Расея, па дадзеных універсітэта Джона Хопкінса, займае трэцяе месца ў свеце па колькасці заражаных. Паводле афіцыйнай статыстыкі, з пачатку эпідэміі на каронавірус тут захварэлі 493 тысячы 600 чалавек, а памерлі — 6300. У ЗША, дзе колькасць заражэнняў перавысіла 2 мільёны, ахвярамі інфекцыі сталі амаль 113 тысячаў чалавек. Другое месца займае Бразілія з 772 тысячамі тых, хто захварэў і 39 тысячамі 600 смерцямі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: france24.com