COVID-19: агляд сусветнай прэсы



Вялікія пратэсты ў Ліване, пагроза зноў увесці каранцін у Албаніі, Егіпет збіраецца ісці на саступкі турыстам.

Пра што зараз піша сусветная прэса ў рубрыцы „каронавірус”, даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

– Прэм’ер-міністр Албаніі Эдзі Рама пагражае зноў увесці строгія каранцінныя захады, паколькі па краіне зноў пайшоў рост заражэнняў, а людзі часта не прытрымліваюцца правілаў дыстанцыявання. Напярэдадні Рама яшчэ раз заклікаў нацыю вытрымліваць дыстанцыю, насіць маскі і пальчаткі. Абмежавальныя захады дзейнічалі ў Албаніі два месяцы, а два тыдні таму большасць з іх была знятая. Радасць была заўчаснай — па краіне ў апошнія тры дні фіксуецца рост заражэнняў, паведамляе Anadolija. За ўвесь час каронавірусам заразіліся 1385 чалавек, 35 памерлі.

Урад Егіпта ўвядзе шэраг фінансавых стымулаў для замежных турыстаў на фоне значнага скарачэння колькасці наведвальнікаў. Натуральна, што скарачэнні звязаныя з пандэміяй COVID-19. Пра гэта паведаміла Xinhua са спасылкай на заяву Міністэрства турызму і старажытнасцяў Егіпта. „Сярод найбольш важных ініцыятыў — адмена патрэбы ў турыстычных візах для наведвальнікаў турыстычных губернатарстваў да 31 кастрычніка”, — гаворыцца ў дакуменце. Акрамя таго, урад прадаставіць „20% зніжку на ўваходныя квіткі ва ўсе музеі і археалагічныя помнікі”, якія будуць дзейнічаць на працягу 15 дзён з моманту прыбыцця ў краіну. Раней Егіпет заявіў аб намеры часткова аднавіць з 1 ліпеня міжнародную паветраную службу ў курортных гарадах. Акрамя таго, у рамках паслаблення каранцінных захадаў улады абвясцілі аб скарачэнні каменданцкай гадзіны — з 14 чэрвеня яна будзе дзейнічаць з 20-й да 4-й.

Тры ўкраінкі, якія збеглі з-пад рэжыму самаізаляцыі, знаходзяцца ў вышуку ў Польшчы. Пра гэта паведамляе Dziennik. Гэта адбылося ў мястэчку Пшэмент у Вялікапольскім ваяводстве. Жанчын пакінулі для назірання пасля таго, як у іхнай суседкі дыягнаставалі каронавірус. Па дадзеных паліцыі, усе трое прыбылі ў Польшчу некалькі дзён таму. Яны працавалі ў адной з мясцовых кампаній. „У той жа час жанчыны вырашылі ўцячы з дома, дзе яны знаходзіліся ў самаізаляцыі. Гэта вельмі безадказныя паводзіны, таму што цалкам магчыма, што яны таксама заражаныя”, – заявіў прэс-сакратар паліцыі Войцех Адамчык. Паводле яго слоў, жанчынам пагражае ад 6 да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Супрацоўнікі каліфарнійскай кампаніі 23andMe, якая займаецца расшыфроўкай геному, лічаць першую групу крыві найменш уразлівай да каронавірусу. Яны прааналізавалі дадзеныя 750 тыс. чалавек, 10 тыс. з якіх хварэлі на COVID-19. Пацыенты з першай групай крыві хварэюць на  каронавірус на 9-18% радзей. Гэта тычыцца і станоўчага, і адмоўнага рэзус-фактараў. Раней пра групы крыві і іх успрымальнасць да новай хваробы казала кіраўніца Федэральнай медыка-біялагічнай агенцыі Расеі Вераніка Скварцова. Як піша „Коммерсант”, яна паведаміла, што больш за ўсё да захворвання COVID-19 схільныя людзі з другой групай крыві, следам ідуць пацыенты з першай і трэцяй групамі. Радзей за ўсё каронавірусам заражаюцца людзі з чацвёртай групай, сцвярджала Скварцова. Дослед каліфарнійскіх вучоных абвяргае яе словы.

А Ліван захлынуўся ў новай хвалі пратэстаў. На фоне каронавірусу і праблемаў, звязаных з ім, эканамічныя праблемы краіны яшчэ больш узмацніліся. Нацыянальная валюта за два апошнія дні страціла 25% уласнай вартасці. Урад Хасана Дзіяба ўсё гучней чуе заклікі сысці ў адстаўку, паведамляе Аль-Джазіра. Магутныя дэманстрацыі адбыліся напярэдадні па ўсёй краіне: ад паўночных гарадоў Акар і Трыпалі да цэнтральнага Зука, а таксама на ўсходзе Лівана ў даліне Бекаа, сталіцы Бэйруце і на поўдні ў Тыры і Набаціеху. Людзі паляць машыны, колы, атакуюць прыватныя банкі. Мінімум 41 чалавек атрымаў траўмы ў Трыпалі, паведамляе Ліванскі Чырвоны крыж. Дзясяткі тысяч ліванцаў за апошнія паўгода страцілі працу, дзясяткі прадпрыемстваў зачыніліся — прычым каронавірус толькі ўзмацніў эканамічны крызіс, але пачаўся ён яшчэ раней. Міністр эканомікі Рауль Нэхмэ абвяргае інфармацыю пра абвал валюты. Ён сказаў, што гэта наступствы маніпуляцый, і ён не верыць, што валюта можа абваліцца на чвэрць усяго за пару дзён. Аль-Джазіра паведамляе, што розныя групы ліванцаў дзейнічаюць разам — шыіцкая большасць, а таксама меншасці сунітаў і хрысціян. Яны супольна  бяруць удзел у пратэстах. Як фігуральна патлумачыў адзін з пратэстоўцаў Хішам Хуры, еднасць неабходная, урэшце курс аднолькава падвысіўся для ўсіх, і для мусульманаў розных групаў, і для хрысціян.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з твітэру албанскі прэм’ер Рама