COVID-19: агляд сусветнай прэсы



У Кітаі дзясяткі новых заражэнняў. Туніс церпіць фінансавыя праблемы. Названы галоўныя прычыны высокай захворвальнасці на каронавірус у Лацінскай Амерыцы.

Што напісалі газеты розных краін пра пандэмію ў гэты панядзелак, даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.

– Другая хваля каронавіруса ўжо не гіпатэтычная, а цалкам рэальная. У Кітаі за суткі зафіксавана 49 новых выпадкаў – на 8 меней, чым за мінулыя. 39 з гэтых заражэнняў узніклі менавіта на тэрыторыі Кітаю. Такім чынам колькасць інфікаваных зноў пачала расці, цяпер да Кітаю ў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя няма нараканняў у непрадастаўленні праўдзівай інфармацыі. 10 чарговых раёнаў Пекіна падвергнутыя каранціну з-за наяўнасці ў іх жыхароў, у якіх выяўлены вірус. За апошнія два дні 29 выпадкаў заражэння зафіксаваныя ў людзей, якія прыбылі на тэрыторыю Кітаю з-за мяжы. Дадзеныя прыводзіць «Сіньхуа» са спасылкай на Міністэрства здароўя. Таксама выяўлены 18 чалавек, у якіх ёсць каронавірус, але ён праходзіць цалкам бессімптомна. Агульная лічба выяўленых хворых у Кітаі перавысіла 83 тысячы, больш за 4,5 тысячы чалавек памерлі.

Прэм’ер-міністр Туніса Эліес Фахфах не хоча браць пазыкі за мяжою. Замест гэтага ён проста замарозіць выплаты чыноўнікам. Усе новыя выдаткі будуць пакрытыя ўнутраным доўгам. Паколькі ў Тунісе цяпер адчувальныя праблемы з бюджэтам дзяржавы, прынята рашэнне не выплочваць пакуль ніякіх прэмій дзяржаўным пасадоўцам. Эпідэмія каронавіруса яшчэ больш пагоршыла стан туніскай эканомікі, Reuters, паведамляючы пра сітуацыю ў паўночнаафрыканскай краіне не выключае, што ў бліжэйшыя дні ўрад будзе вымушаны скараціць заробкі працаўнікам грамадскага сектару. Захады кіраўніка ўраду могуць прывесці да канфрантацыі з галоўным прафсаюзам, у выніку чаго можа пачацца серыя страйкаў. Сярэдні заробак па краіне ледзь раўняецца 250 далярам, а інфляцыя сёлета ўжо складае 6,3%. Прэмʼер Фахфах заявіў, што Тунісу неабходныя амаль 1,5 мільярды даляраў на падтрымку эканомікі. Знешні доўг краіны складае каля 60% ВУП.

«Аль-Джазіра» ў панядзелак расказвае гісторыю чылійкі Хільды Бенавідэс. Жанчына працуе валанцёрам у адным з найбяднейшых раёнаў Сантʼяга Пуэнтэ-Альта, гатуючы ежу для людзей. Яна дапамагала людзям састарэлага веку, прыносячы ім абеды дадому. Увечары яна раздавала ахвяраваныя памперсы маладым семʼям, якія засталіся без працы. А затым спадарыня Бенавідэс даведалася, што яе 21-гадовая дачка, якая жыве з ёй, здала станоўчы тэст на COVID-19. «Шмат людзей, якія заражаныя, заразіліся таму, што выйшлі на працу», – упэўненая Хільдэ Бенавідэс. Яна дадае, што людзі павінны былі працаваць, каб харчавацца, таму што фінансавай падтрымкі, якую ўрад надае, недастаткова«. Чылі займае трэцяе месца ў Паўднёвай Амерыцы па колькасці заражэнняў. З яўным апярэджаннем тут ідзе Бразілія, а на другім месцы Перу. Марыя Вікторыя Мурыла, дырэктарка Інстытута даследаванняў Лацінскай Амерыкі Калумбійскага ўніверсітэта ў Нью-Ёрку называе свае асноўныя версіі росту заражэнняў:

– Няроўнасць на кантыненце вельмі вялікая. Урбанізацыя таксама вельмі вялікая. Гэта азначае, што мільёны ў гэтых краінах жывуць у самаарганізаваным жытле, якое афіцыйна нідзе не зарэгістравана. І людзі, якія жывуць у такіх умовах з высокай шчыльнасцю насельніцтва, апынаюцца фактычна без доступу да вады, што ідэальна падыходзіць для заражэння. Ва ўрбанізаваных раёнах цяжка вытрымліваць адлегласць і не менш цяжка трымацца гігіены.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: dw.com