COVID-19: агляд сусветнай прэсы



Махлярствы напярэдадні галасавання за папраўкі ў расейскую Канстытуцыю, сутыкненні на індыйска-кітайскай мяжы.

Што пішуць выданні розных краін у сераду, даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:

– У Расеі набліжаецца скандальнае галасаванне па папраўках у Канстытуцыю, якая, на думку шэрагу экспертаў, замацуе пазіцыі Уладзіміра Пуціна ва ўладзе і яскрава падкрэсліць больш нізкі статус карэнных народаў Расеі — удмуртаў, татараў, чувашоў, эрзян, комі ды іншых адносна рускіх. А паколькі з-за каронавіруса галасаванне часткова пройдзе анлайн, пачаліся махлярствы на гэтай глебе. Жыхарам Масквы сталі прапаноўваць за грошы зарэгістравацца на сайце mos.ru і прагаласаваць анлайн ў падтрымку паправак у Канстытуцыю, паведамляе тэлеканал «Дождь». За кожную рэгістрацыю абяцаюць заплаціць па 75 рублёў, за галасаванне са створанага акаўнта – яшчэ 50 рублёў. У дзень прапануюць рэгістраваць мінімум 20 старонак для галасавання, сцвярджаецца ў сюжэце канала. Такая прапанова з’явілася ў чаце у вотсапе, пра які «Дажджу» распавёў адзін з гледачоў. У ліставанні чата карыстальнік з нікам «Алег Віктаравіч» распавёў, што для кожнай рэгістрацыі будзе выдадзена асобная SIM-карта. Затым, паводле яго слоў, для кожнага акаўнта трэба стварыць электронны адрас і ўнесці дадзеныя, якія ён паабяцаў даць пазней. У дні галасавання ўдзельнікі схемы павінны прагаласаваць за папраўкі. Карэспандэнт «Дажджу» сустрэўся з «Алегам Віктаравічам» і атрымаў ад яго 25 SIM-карт. Гэты чалавек загадзя папрасіў усіх зацікаўленых прынесці пашпарты, каб сфатаграфаваць адрасы іх прапіскі.

Улады Індыі заявілі, што ў выніку сутычкі з кітайскімі вайскоўцамі ў правінцыі Ладакх загінулі 20 індыйскіх вайскоўцаў. Гэта першая за 45 гадоў гібель вайскоўцаў на так званай лініі фактычнага кантролю, якая замяняе індыйска-кітайскую мяжу ў рэгіёне. Раней індыйская армія паведамляла, што ахвярамі сутыкнення, якое адбылося ў раёне даліны Галван, сталі трое вайскоўцаў: афіцэр і двое жаўнераў. Аднак пазней стала вядома, што ад раненняў памерлі яшчэ некалькі чалавек. Пры гэтым крыніцы некалькіх індыйскіх СМІ кажуць, што стрэлаў у акрузе не чулі, і мяркуюць, што індыйскіх салдат „пабілі да смерці”. У індыйскіх СМІ пішуць, што страты ў сутычцы панеслі абодва бакі, аднак кітайская армія не прызнала гібель сваіх ваенных. Лінія фактычнага кантролю паміж Кітаем і Індыяй дрэнна дэмаркіравана, пры гэтым прысутнасць у гэтым раёне рэк, азёраў і снежных вяршынь азначае, што яе геаграфічнае размяшчэнне можа мяняцца. Гэта прыводзіць да таго, што вайскоўцы Індыі і Кітая ў многіх кропках нярэдка апынаюцца сам-насам.

Сітуацыя ў Кашміры, на часткі якога прэтэндуюць Індыя, Пакістан і Кітай, у апошнія гады напальваецца. У рэгіёне не спыняюцца сутычкі паміж ваеннымі і ўзброенымі групоўкамі, але на лініі кантролю з Кітаем ваенных сутыкненняў не было ўжо некалькі дзясяткаў гадоў. Гэтая лінія была праведзена па выніках канфлікту 1962 года, у якім Індыя пацярпела паразу. Апошні раз бакі абменьваліся агнём у раёне мяжы ў 1975 годзе, калі на аддаленым перавале ў штаце Аруначал-Прадэш на паўночным усходзе краіны былі забітыя чацвёра індыйскіх вайскоўцаў.

Расейская карпарацыя „Газпром” звярнулася да ўрада Даніі з просьбай дазволіць адпраўляць новыя караблі ў Балтыйскае мора, каб завяршыць будоўлю газаправода „Паўночная плынь-2”. Згодна з публікацыяй агенцтва Bloomberg, гэта заяўка — новы сігнал, што Расея мае намер завяршыць будаўніцтва праекта на 1200 км, які дазволіць ёй транспартаваць газ непасрэдна ў Нямеччыну, нягледзячы на намаганні ЗША спыніць яго. Экалагічны даклад не прадказвае ўзнікненне вялікіх рызык, звязаных з новымі караблямі, прапанаванымі Масквой. Рашэнне можа з’явіцца ў бліжэйшыя месяцы. Пра гэта паведамілі ў Дацкім агенцтве па ахове навакольнага асяроддзя. Група сенатараў абедзвюх партый у гэтым месяцы прапанавала законапраект, які б пашырыў санкцыі ЗША супраць Расеі. У Пентагоне лічаць судны класу ДП3, якія будуць працаваць у акваторыі, пагрозай для нацыянальнай бяспекі ЗША. Страхавыя кампаніі, якія працуюць з расейскімі суднамі, што ўдзельнічаюць у будаўніцтве газаправода, могуць трапіць пад санкцыі, калі Сенат Злучаных Штатаў канчаткова прыме іх.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: vedomosti.ru