COVID-19: агляд сусветнай прэсы
Пераслед насельніцтва Заходняй Папуа. Беларусь на 67-м месцы ў свеце ў рэйтынгу бяспекі.
Што пішуць выданні розных краін сёння, даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча:
– На тле пратэстаў у Злучаных Штатах выйшла ў авангард і тэма пераследу карэнных народаў. У прыватнасці, вельмі цяжкая сітуацыя захоўваецца ў Заходняй Папуа, якая знаходзіцца пад уладай Інданэзіі. Напярэдадні ў Лондане адбыўся мітынг у абарону правоў жыхароў Папуа і незалежнасці рэгіёна. А цяпер інданэзійскі суд асудзіў сямёх удзельнікаў антырасісцкіх пратэстаў па артыкуле „здрада Радзіме”, якой паводле інданезійскай Канстытуцыі для Заходняй Папуа з’яўляецца Інданэзія, хоць карэнныя жыхары меланезійскай народнасці адмаўляюць прыналежнасць да яе і змагаюцца за незалежнасць. Суд у Балікпапане прысудзіў турэмныя тэрміны ад 10 да 11 месяцаў за выступы супраць пераследу карэннага насельніцтва інданезійскімі ўладамі, піша новазеландскае выданне RNZ. Памянёныя пратэсты адбыліся ў жніўні і верасні мінулага года супраць расізму, які дапускаюць інданезійцы да студэнтаў з Папуа. Турэмны тэрмін атрымаў і лідар пратэстаў Бухтар Табуні. Раней, у красавіку, шасьцёра актывістаў, сярод якіх і людзі паходжаннем не з Папуа, пакараныя тэрмінамі зняволеньня за патрабаванне рэферэндуму па самавызначэнні Заходняй Папуа.
І яшчэ пра правы канкрэтнага народа. На гэты раз уйгураў. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сераду падпісаў прыняты раней Кангрэсам законапраект, які прадугледжвае магчымасць увядзення санкцый супраць кітайскіх службовых асоб, якія маюць дачыненне да пераследу уйгураў і іншых мусульман — жыхароў Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна КНР. У паведамленні Белага дома гаворыцца, што ён „асуджае грубыя парушэнні правоў асобных мусульманскіх меншасцяў у Сіньцзяне … і ўключае ў сябе асаблівыя паўнамоцтвы па накладанні санкцый на канкрэтных асобаў”. У заяве Трампа адзначаецца, што сярод парушэнняў правоў чалавека — у першую чаргу памяшчэнне уйгураў у спецыяльныя лагеры, дзе іх падвяргаюць ідэалагічнай апрацоўцы і прымушаюць працаваць — з канчатковай мэтай выкараніць ідэнтычнасць і рэлігійныя перакананні уйгураў і іншых меншасцяў у Кітаі. Закон, у прыватнасці, прадугледжвае, што амерыканскія спецслужбы і дзярждэпартамент будуць рэгулярна інфармаваць Кангрэс пра сітуацыю уйгураў у Кітаі, а прэзідэнт на працягу 120 дзён павінен прадставіць імёны кітайскіх чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да пераследу уйгураў, супраць якіх будуць уведзеныя санкцыі ў адпаведнасці з Глабальным законам Магніцкага. У законе прама згадана імя лідара Кампартыі Кітая Сі Цзіньпіна, члена Палітбюро ЦК КПК Чэня Квангуа.
Сусветны індэкс міру апублікаваў рэйтынг самых небяспечных краін свету. Спіс базуецца на 23 розных крытэрах, сярод якіх палітычны тэрор, гібель людзей ва ўнутраных канфліктах і колькасць забойтсваў на душу насельніцтва. Справаздача ацэньвае 99% насельніцтва Зямлі, у рэйтынг уключаны 163 краіны. Самай небяспечнай краінай свету застаецца Афганістан. 3 804 чалавекі загінулі ва ўнутраным канфлікце, сярод іх больш за 900 дзяцей. Далей ідуць Сірыя, Паўднёвы Судан, Емен, Ірак. Таксама ў дзясятку найнебяспечнейшых краін уваходзяць Самалі, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка, Лівія, Дэмакратычная Рэспубліка Конга. На 10-е месца паднялася Расея, яна канчаткова ўвайшла ў спіс самых небяспечных краін. Беларусь знаходзіцца ў рэйтынгу на 67-й пазіцыі, што дазваляе называць краіну месцам сярэдняй бяспекі. Тут працягваюцца палітычныя арышты, катаванні, пераслед іншадумцаў. Суседнічаюць з Беларуссю ў рэйтынгу Папуа-Новая Гвінея і Габон. Тры самыя спакойныя краіны свету гэта Ісландыя, Новая Зеландыя і Партугалія.
Беларускае Радыё Рацыя