COVID-19: агляд сусветнай прэсы
Ізраіль вяртае абмежаванні ў сувязі з новым ростам каронавірусу. Індыя і Кітай вырашаюць памежны канфлікт у Гімалаях.
Пра што напісала сусветная прэса сёння, 3 ліпеня, даведаемся з агляду Кастуся Багушэвіча:
– Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху паведаміў, што ўлады вяртаюць некаторыя абмежаванні з-за росту захворвання COVID-19. Паводле яго слоў, «трэба вярнуцца да рэальнасці з абмежаваннямі, каб згладзіць крывую».
«У пачатку тыдня ў нас было каля 450 хворых у суткі, зараз амаль 1000… Дадзеныя дакладныя і зразумелыя, яны не пакідаюць нам выбару», – сказаў Нетаньяху, яго цытуе The Jerusalem Post. Ён адзначыў, што з-за росту кантактаў людзі заражаюць адзін аднаго. Кабінет міністраў па пытанні барацьбы з каронавірусам прыняў рашэнне абмежаваць колькасць наведвальнікаў у барах, клубах, залах урачыстасцяў да 50 чалавек. Дома можа збірацца да 20 чалавек. Па дадзеных Універсітэта Джонса Хопкінса, у Ізраілі зарэгістравана больш за 26 тыс. выпадкаў каронавірусу. Памерлі 324 чалавекі, акрыялі звыш 17 тыс.
Загадкавая гібель сотняў сланоў у Батсване за апошнія два месяцы. Доктар Найл Маккан заявіў, што ягоныя калегі ў гэтай паўднёваафрыканскай краіне з пачатку траўня заўважылі больш за 350 туш сланоў у дэльце Акаванга. Ніхто не ведае, чаму жывёлы паміраюць, а вынікі лабараторных даследаванняў па атрыманых узорах будуць яшчэ праз некалькі тыдняў, піша ВВС. Між іншым, у Батсване жыве трэцяя частка слановага насельніцтва Афрыкі. Доктар Маккан з брытанскага дабрачыннага нацыянальнага парку выратавання, паведаміў, што мясцовыя прыродаахоўнікі ўпершыню папярэдзілі ўрад у пачатку траўня, пасля таго, як яны правялі палёт над дэльтай. «Яны заўважылі 169 мёртвых сланоў у трохгадзінным палёце», – сказаў ён.
Праз месяц у далейшым расследаванні было выяўлена яшчэ шмат тушак, у выніку чаго іх агульная колькасць склала больш за 350. Гэта абсалютна беспрэцэдэнтна ў плане колькасці сланоў, якія загінулі ў выпадку, не звязаным з засухай. На вялікай адлегласці толькі мёртвыя сланы і нічога больш. Калі гэта быў цыянід, які выкарыстоўвалі браканьеры, можна чакаць іншых смерцяў. Доктар Маккан папярэдне выключыў атручванне прыроднай сібірскай язвай, у выніку чаго летась у Батсване загінулі як мінімум 100 сланоў. Але вучоныя не выключаюць іншага віду атручвання ці хваробы. Доктар Маккан кажа, што шматлікія жывёлы гінуць проста падаючы на пысу, верагодна, нейкае рэчыва атакуе іх неўралагічныя сістэмы. Паводле навукоўцаў, кожны год у Афрыцы ад атручэння, браканьерства ці па натуральных прычынах памірае каля 30 тысяч сланоў.
Пасля напружанай сутычкі паміж індыйскімі і кітайскімі войскамі ў чэрвені разгарэлася напружанасць на межах Гімалаяў. Для мясцовых жыхароў страх за свае выганы застаецца пастаянным. 16 чэрвеня паведамлялася, што па меншай меры 20 індыйскіх салдат былі забітыя ў сутычцы з кітайскімі войскамі ў рэгіёне Ладакх. Кітай не абнародаваў ніякай інфармацыі пра страты, але інцыдэнт хутка выбухнуў ростам напружанасці. Гэта першае ўзброенае сутыкненне ў памежнай зоне прынамсі за 45 гадоў. У справаздачах з траўня гаворыцца, што кітайскія войскі паставілі намёты, выкапалі траншэі і перакінулі цяжкую тэхніку на некалькі кіламетраў унутр тэрыторыі, якую Індыя лічыла сваёй. Гэты крок адбыўся пасля таго, як Індыя пабудавала дарогу даўжынёй у некалькі сотняў кіламетраў, якая злучалася з вышыннай авіябазай, якую яна аднавіла ў 2008 годзе. З тых часоў абодва бакі правялі шматлікія перамовы, каб зняць напружанне. Але ў мясцовых жыхароў вакол даліны Гальвана, дзе вялася смяротная бойка, застаецца страх за іх выганы.
Гэтыя землі маюць галоўнае значэнне для кармлення хатняй жывёлы, бо нават у звычайных умовах корму для буйной рагатай жывёлы ў горным рэгіёне Ладакх мала, што звязана з засушлівымі землямі і маразамі. Мясцовыя жыхары кажуць, што кітайцы пасягаюць на іх выганы кожны год. Але крыніцы ў міністэрстве абароны Індыі паведамілі BBC, што не было ніякіх замахаў на зямлю, паколькі паміж Індыяй і Кітаем пакуль няма ўсталяванай мяжы. «Нельга адмаўляць, што традыцыйныя пашавыя раёны скараціліся. Гэта настолькі ж звязана з ростам насельніцтва, колькі і з тым, што Індыя і Кітай актыўна ахоўваюць свае памежныя тэрыторыі», – заявіла крыніца ў міністэрстве. Абодва бакі абвінавацілі адзін аднаго ў нядаўнім канфлікце, але з таго часу вядуцца перамовы, каб вырашыць пытанне.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ВВС