COVID 19: агляд сусветнай прэсы



 

 Хаўтуры як прычына парушыць каранцін. А недзе аднаўляюць працу пляжы. Уведзена картка імунітэту ад каронавірусу. Што піша сусветная прэса пра пандэмію каронавірусу? Агляд сусветнай прэсы прадставіў Кастусь Багушэвіч.

Пляжы ў Сіднэі, Аўстралія, зноў адкрываюцца сёння, нягледзячы на каранцін у краіне для барацьбы з распаўсюджваннем каронавірусу. Муніцыпалітэт горада Рэндвік абвясціў аб адкрыцці шэрагу пляжаў, у тым ліку Кугі, Марубра і Клавелі, толькі для таго, каб можна было займацца спортам, паведамляе Huffington Post. Пра гэта заявіў мэр горада, які, аднак, папярэдзіў аб неабходнасці датрымання грамадзянамі пэўных правілаў, за выключэннем вяртання да самаізаляцыі. Рашэнне зноў адкрыць пляжы праз тры тыдні закрыцця, – патлумачыў мэр, – прадыктавана неабходнасцю захавання «псіхічнага і фізічнага здароўя» грамадства. Зрэшты, для іншых пляжаў, апрача названых, захоўваюцца абмежаванні, у тым ліку знакамітага пляжа Бондзі. У Аўстраліі застаюцца элементы рэжыму каранціну, хаця можна сказаць, што краіне ўдалося узяць эпідэмію пад кантроль, перш чым яна сур’ёзна паўплывала на яе сістэму аховы здароўя: напярэдадні зарэгістравана 53 новыя выпадкі заражэння, агулам 6,586 хворых і 71 смерць.

Школы не адчыняцца мінімум да ліпеня, яны адновяць працу пазней за заводы. У Брытаніі пралічваюць усе рызыкі і маюць на ўвазе магчымую другую хвалю каронавірусу, піша The Times. Яшчэ да выходных абмяркоўваліся тры даты вяртання да працы брытанскіх школаў: 11 траўня, 1 чэрвеня і пачатак верасня. Сакратар па адукацыі Гавін Уільямсан на перамовах па пытанні настойваў на тым, што цяпер яшчэ зарана вызначаць дату. Урадавая крыніца, на якую спасылаюцца журналісты The Times, паведамляе, што школы могуць адчыніцца пры пэўных абставінах і ў канцы траўня. Досвед дыстанцыйнага навучання пакуль паказаў кіраўніцтву адукацыйнае галіны, што 2/3 брытанскіх вучняў вучацца на ўроках з дому горш, чым у звычайнай школе.

А вось на поўдні Еўропы, а менавіта дзеці ў Гішпаніі змогуць выйсці на вуліцы пасля 27 красавіка. Гэтае рашэнне агучана пасля таго, як спецыялісты па ахове дзіцячага здароўя ўзнялі трывогу. Яны заявілі, што жорсткі каранцін моцна бʼе па дзіцячай псіхіцы, пра гэта ў панядзелак пішуць некалькі гішпанскіх газет. З сярэдзіны сакавіка, калі пачаўся жорсткі каранцін, у некалькіх дзяцей зафіксаваныя дэпрэсія і іншы нездаровы псіхічны стан. Асабліва цяжка, на думку псіхолагаў і дзіцячых лекараў, даводзіцца дзецям з семʼяў з нізкім прыбыткам, якія жывуць у малых кватэрах. У сваім невялікім веку дзеці ўпершыню апынуліся ва ўмовах, калі больш за месяц не могуць пакінуць межаў свайго дома і максімум, куды могуць выйсці – калідор паміж кватэрамі.

Дзясяткі тысяч чалавек парушылі каранцін у Бангладэш, сабраўшыся на хаўтуры мусульманскага палітычнага лідара ў суботу. Бангладэшская паліцыя паведаміла, што на працэсію ў горадзе Сараіл сабралася не меней за 100 тысяч людзей без масак і іншай абароны. Хавалі Ахмеда Ансары, сталага сябра Ісламісцкай партыі, піша Dhaka Tribune. Кіраўнік паліцыі гэтай мясцовасці Аламжыр Хусэйн сказаў у каментары выданню, што паліцыянты нагадвалі пра неабходнасць прытрымлівацца правілаў абвешчанага каранціну, аднак сітуацыя выйшла з-пад кантролю. У Бангладэш 300 тысяч мячэцяў, з 26 сакавіка дзейнічала забарона на супольную малітву колькасцю больш за 5 чалавек. Аднак цырымонія пахавання пацягнула мноства людзей на парушэнне правілаў. Мясцовыя медыкі баяцца, што гэта можа стаць выбухам эпідэміі ў 160-мільённай краіне. Пакуль у Бангладэш 84 смерці ад каронавірусу, але, як піша Dhaka Tribune, ёсць недахоп тэстаў, адпаведна праблемы з дыягностыкай хваробы, а таксама ўстанаўленнем прычынаў шэрагу смерцяў.

Урад Чылі пачне выдаваць карткі «імунітэту» асобам, якія перахварэлі на каронавірус. У картках будзе пазначана, колькі дзейнічае імунітэт і які вынік далі тэсты на антыцелы. Носьбітам картак будзе давацца права вяртання на працу. Пра гэта заявіла сакратарка Міністэрства аховы здароўя Чылі Паўла Даза. У краіне строгія каранцінныя меры ў сталіцы Сантʼяга і ў правінцыі, Чылі лідзіруе ў Лацінскай Амерыцы па колькасці зробленых тэстаў на каронавірус – яны дазволілі выявіць 10 088 хворых. 133 чалавекі памерлі ад хваробы. З панядзелка, як піша El Mercurio, да працы вяртаюцца дзяржаўныя служачыя. Гэтае рашэнне назваў вельмі супярэчлівым экс-міністр аховы здароўя Чылі Хорхе Хімэнэс дэ ла Хара.

Беларускае Радыё Рацыя