COVID-19: агляд сусветнай прэсы



Сербскія СМІ пра пратэсты ў краіне, выступ Байдэна супраць Трампа, ліст у абарону дэмакратыі і супраць цэнзуры.

Такія тэмы маюць перадавіцы газет і сайтаў у пятніцу. Падрабязнасці па азначаных тэмах даведаемся з агляду Кастуся Багушэвіча:

– Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн выклаў свой план выратавання ахалоджанай каронавірусам эканомікі, адначасова назваўшы прэзідэнта Дональда Трампа некампетэнтным. Байдэн адзначыў, што яго план у памеры 700 мільярдаў даляраў – гэта самая вялікая інвестыцыя ў амерыканскую эканоміку пасля Другой сусветнай вайны. Парадак дня пад назвай «Адбудуй лепей», падкрэсліў ён, падштурхне бум вытворчасці і тэхналогій. Штаб Трампа адказаў на гэта, што план прынясе краіне «катастрофу». Выступаючы на заводзе металургіі ў родным горадзе Скантона, штат Пенсільванія, у чацвер, Джо Байдэн заявіў, што няўдачы прэзідэнта Трампа «прывялі да страшных чалавечых стратаў і вялікага ўздзеяння на эканоміку». Апытанні грамадскай думкі паказваюць, што Байдэн ужо сёння мае ўдвая большую падтрымку амерыканцаў, чым Трамп. Аналітыкі заклікаюць да асцярожнасці пры інтэрпрэтацыі апытанняў, але перавага Джо Байдэна значна большая, чым у Гілары Клінтан у 2016 годзе ў тым самым пункце перадвыбарчай кампаніі. Паводле кандыдата ад дэмакратаў, асноўнай тэмай плана ёсць «Купляй амерыканскае». Ён прапанаваў павялічыць дзяржаўныя выдаткі на 400 мільярдаў даляраў на ўласна амерыканскую прадукцыю, а таксама хоча выдаткаваць 300 мільярдаў даляраў на даследаванні і распрацоўку новых тэхналогій, уключаючы электрамабілі і сеткі 5G. У дадатак, Байдэн, якога цытуе ВВС, заявіў, што Трамп праваліў план па вяртанні працоўных месцаў, скарочаных з-за пандэміі. «Падчас абвалаў Трамп ратаваў сваіх партнёраў і прыяцеляў, а не вас і вашы сем’і», – дадаў Байдэн.

Вядомыя пісьменнікі, журналісты і навукоўцы напісалі адкрыты ліст, у якім перасцераглі ад стварэння «атмасферы нецярпімасці» ва ўмовах кампаніі за расавую і сацыяльную справядлівасць, якая разгарнулася ў многіх краінах свету. Ліст, які быў апублікаваны ў часопісе Harperʼs, падпісалі больш за 150 чалавек. Сярод іх – пісьменнікі Джоан Роўлінг, Салман Рушдзі і Маргарэт Этвуд, лінгвіст і палітычны публіцыст Ноам Хомскі, філосаф і палітолаг Фрэнсіс Фукуяма, лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі Эн Эплбаўм, абаронца грамадзянскіх свабодаў Надзін Стросэн, шахматыст і палітык Гары Каспараў, джазавы музыка Уінтан Марсаліс.

Аўтары звароту вітаюць рух за грамадзянскія правы, аднак разам з тым выказваюць занепакоенасць з нагоды таго, што ён спараджае новыя прыклады цэнзуры і самацэнзуры.

«Свабодны абмен інфармацыяй і ідэямі, крыніца жыццёвай сілы ліберальнага грамадства, скарачаецца штодня. У той час, як мы прызвычаіліся чакаць гэтага ад правых радыкалаў, у нашым уласным асяроддзі распаўсюджваецца цэнзура, нецярпімасць да супрацьлеглых поглядаў, мода на цкаванне і астракізм, а таксама імкненне раствараць складаныя праблемы ў сляпой маральнай упэўненасці», – адзначаецца ў лісце. Аўтары ліста выказваюць занепакоенасць, што ўсё часцей гучаць заклікі «да хуткага і суровага пакарання за думказлачынствы», тэрмін, уведзены Джорджам Оруэлам. Журналістам забараняюць пісаць на некаторыя тэмы, выкладчыкаў пераследуюць за цытаванне літаратурных тэкстаў у навучальных класах, а кіраўнікоў арганізацый звальняюць за няёмкія памылкі, гаворыцца ў лісце.

Праца над лістом пачалася каля месяца таму па ініцыятыве пісьменніка і крытыка Томаса Чатэртона Уільямса. У гутарцы з The New York Times ён згадаў нядаўнія падзеі, якія заахвоцілі яго да гэтага: вымушаны сыход чальцоў Нацыянальнага таварыства кніжных крытыкаў – з-за таго, што асабістая перапіска, у якой крытыкавалі ліст у падтрымку Black Lives Matter, патрапіла ў СМІ; выпадак у паэтычным фондзе, калі кіраўніцтву давялося звольніцца з-за некарэктнага тону аналагічнага ліста; а таксама звальненне сістэмнага аналітыка за твіт пра даследаванне, якое паказвае, што пратэсты пасля забойства Марціна Лютэра Кінга негатыўна паўплывалі на рэйтынгі Дэмакратычнай партыі – што прывяло да перамогі рэспубліканца Рычарда Ніксана на прэзідэнцкіх выбарах.

Уільямс адзначыў: гэты ліст падпісалі людзі рознага паходжання і веравызнання, рознага ўзросту і сексуальнай арыентацыі, левых і правых поглядаў.

Пратэстоўцы, якія трэці дзень выходзяць на вуліцы па ўсёй Сербіі, не адмаўляюцца ад акцый. Ужо раніцай у пятніцу грамадзяне пачалі зноў збірацца, каб выказаць супрацьдзеянне мерам, якія абвясціў прэзідэнт Аляксандр Вучыч. З сённяшняга дня ў Сербію вяртаецца каменданцкая гадзіна, улічваючы, што сітуацыя з каронавірусам у краіне становіцца ўсё больш складанай, піша Nova S. Аднак у выніку пратэстаў Вучыч схільны адмяніць рашэнне ўвесці каменданцкую гадзіну ў Бялградзе, якая павінна была працягвацца ад сённяшняга дня да панядзелка. За апошнія дні на вуліцах сербскай сталіцы адбылося шмат інцыдэнтаў, гэта і напады на паліцыю, і збіццё паліцыянтамі выпадковых людзей на вуліцах, тысячы грамадзянаў не задаволеныя прапагандай дзяржаўных СМІ. Выпадак з дзяржаўнымі журналістамі здарыўся раніцай у пятніцу, калі грамадзяне, якія сабраліся на плошчы перад сербскім парламентам, атачылі журналістку РТС і крычалі «Сядзі, сядзі» ды «Ідзі дадому». Пратэстоўцы выказваюць сваю нязгоду з тым, як падае інфармацыю дзяржаўны тэлеканал.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: BBC