COVID-19: агляд сусветнай прэсы
Парламенцкія выбары ў Македоніі, ціск на прэсу на Філіпінах і расізм у Швецыі. Такія тэмы ў загалоўках суботы.
Падрабязнасці па азначаных тэмах даведаемся з агляду Кастуся Багушэвіча:
– У Македоніі праходзіць перадвыбарчая кампанія. Сёлета — парламенцкія выбары, якія могуць альбо рэзка змяніць курс краіны, альбо замацаваць планы кіроўных сацыял-дэмакратаў. Выбарчая кампанія паступова заканчваецца, і палітычныя партыі кладуць на стол самыя вялікія казыры альбо выносяць брудную вопратку апанентаў у спробе завабіць грамадзян, каб тыя правільна, на іх думку, паставілі пазнаку ў бюлетэні. Шмат абяцанняў, рэалістычных і менш дасягальных — ад падвышэння мінімальнай і сярэдняй зарплатаў, пенсій, субсідый для фермераў, зніжэння роўню беспрацоўя, стварэння інфраструктурных праектаў, паляпшэння стану здароўя і адукацыі, да пачатку перамоў і хуткага прагрэсу ў кірунку Еўразвязу, піша македонская служба „Радыё Свабода”. „Мы імкнёмся да 2024 года давесці ровень беспрацоўя сярод моладзі да пазнакі ніжэй за 17 працэнтаў. „Гэта амаль удвая ніжэйшы за сённяшні паказчык”, – заявіў лідар сацыял-дэмакратаў, дзейны прэм’ер-міністр Зоран Заеў. А вось абяцанне іншага кандыдата: „Прынамсі на 20 адсоткаў вышэйшыя пенсіі, чым сёння, і вяртанне да старога прававога рашэння, калі пенсія расла два разы на год. За апошнія тры гады яны скрадалі больш за 1000 дэнараў у месяц”, – заявіў старшыня апазіцыйнай правай партыі ВМРО-ДПМНЕ Хрысціян Міцкоскі.
А Насер Зіберы, які можа стаць першым прэм’ерам Македоніі албанскага паходжання, між іншым, канцэнтруецца на тэме здароўя. „Умацаваць патэнцыял аховы здароўя, фінансава матываваць медыцынскіх работнікаў”, – кажа Зіберы. Выбарчая кампанія заканчваецца ў нядзелю, 12 ліпеня, апоўначы. Галасаванне будзе праходзіць тры дні, да 15 ліпеня, у сувязі з мерамі бяспекі. Яно будзе доўжыцца да 21-й гадзіны.
Паводле міжнародных даследаванняў, Швецыя – гэта рай на зямлі. У той жа час часта сцвярджаюць, што наша грамадства працята расізмам. Пытаннем, як жа на самай справе ідуць справы, задаецца аўтарка газеты Svenska Dagbladet Ніна Саломін. Яна шукала адказ на гэтае пытанне ў людзей на звычайнай плошчы ў адным з прыгарадаў Стакгольма. Непадалёк ад плошчы знаходзіцца станцыя метро. Каля яе ўжо з год гандлююць наркотыкамі. Зараз у прыгарадах Стакгольма такое шмат дзе адбываецца. Стандартны набор: кравец, хімчыстка, кафэ, цырульня, магазін Coop і непаўнагадовы наркагандляр. У шапіку з прэсай працуе 22-гадовы бландын. «Швецыя для мяне адназначна лепшая краіна ў свеце. Тут можна атрымаць адукацыю і забяспечыць сабе будучыню, – кажа ён. – Паглядзіце на ЗША. Ды там нават да ўрача не сходзіш, ня згалеўшы».
«Я часам чую розныя каментары ад людзей, якія сюды заходзяць, так што так, без расізму, вядома, не абыходзіцца».
На ўваходзе ў метро працуе жанчына з іспанскім акцэнтам. Яна не любіць тых, хто ездзіць зайцам, і, перш чым адказаць на маё пытанне, хапае аднаго на падлёце.
«У Швецыі вельмі добра жыць. Людзі тут вольныя. Тут паважаюць прыроду і жывёл і клапоцяцца пра іх. Мяне жудасна злуюць тыя, хто смеціць. Цяпер гэта адбываецца нашмат часцей. Але часам тут складаней знайсці працу, калі ў цябе шведская з акцэнтам. Раней я працавала ў эканамічным аддзеле аднаго прадпрыемства. І там не хацелі, каб я мела зносіны з новымі кліентамі. Баяліся, што іх спалохае мая шведская з памылкамі. Ці расісцкая краіна Швецыя? Ды трохі. Але расізм ёсць усюды. У мяне дома, у Чылі, усё значна горш. Там лёгка можна пачуць абразу па колеры скуры ў адрас, напрыклад, мігранта з Гаіці.” Выснова, якую робіць аўтарка Svenska Dagbladet, пазітыўная. Большасць людзей, з якімі яна пагутарыла, былі задаволеныя жыццём у Швецыі.
Аднаму з найбуйнейшых тэлевяшчальнікаў Філіпін, ABS-CBN, было адмоўлена ў новай ліцэнзіі пасля таго, як у траўні канал быў выключаны з эфіру. У пятніцу пераважная большасць парламенцкага камітэта адхіліла просьбу ABS-CBN аб 25-гадовым падаўжэнні тэрміна франшызы як „няслушную”. Уладныя крытыкі кажуць, што праблемы тэлевяшчальніка звязаны з крытыкай у адрас прэзідэнта Радрыга Дутэртэ. Варожасць пачалася яшчэ пасля таго, як ABS-CBN адмовіўся трансляваць рэкламу ў падтрымку Дутэртэ ў 2016 годзе. Тэлерадыёкампанія, якая кіруе дзясяткамі больш дробных радыё- і тэлекампаній, была ўпершыню знята з эфіру 4 траўня. Напярэдадні галасавання перад Кангрэсам людзі размяшчалі плакаты з надпісам „Абараніць свабоду прэсы і спыніць напады”. „Гэта чорны дзень свабоды СМІ ў краіне, якая раней разглядалася як бастыён свабоды прэсы і дэмакратыі ў рэгіёне”, – сказаў пасля рашэння намеснік дырэктара азіяцкай арганізацыі Human Rights Watch Філ Робертсан. Заканадаўцы ад апазіцыі кажуць, што прыпыненне таксама падрывае барацьбу з успышкай каронавіруса, які заразіў больш за 50 000 чалавек у краіне і ад якога загінулі больш за 1300 чалавек. ABS-CBN рэгулярна глядзелі больш за 15 мільёнаў гледачоў, праграмы таксама слухалі па радыё і ў інтэрнэце. У СМІ, заснаваным у 1953 годзе, працуюць каля 11 000 чалавек. У той час як свабода прэсы гарантуецца ў адпаведнасці з канстытуцыяй, Філіпіны – адно з самых небяспечных месцаў у свеце для журналістаў, адзначае Freedom House. „Рэпарцёры без межаў” пішуць, што на журналістаў пачасціліся напады нанятых палітыкамі злачынцаў. У мінулым месяцы Марыя Рэса, кіраўнік папулярнага інтэрнэт-сайта навін „Рапплер”, была прызнана вінаватай у паклёпе па справе, якую бачылі многія як праверку на свабоду СМІ. Цяпер Філіпіны займаюць 136 месца з 180 краін свету паводле Сусветнага індэкса свабоды прэсы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: aa.com.tr