COVID 19: агляд сусветнай прэсы
Эвакуацыя афрыканцаў з Кітаю, неабходнасць тэлефанаваць перад выхадам з дому ў Буэнас-Айрэсе і іншыя навіны каронавірусу — у аглядзе Кастуся Багушэвіча.
ПС: У рэспубліцы Паўночная Асетыя, якая ўваходзіць у склад Расеі, сотні людзей выйшлі на антыўрадавы мітынг супраць правілаў строгай ізаляцыі. Тыя, хто сабраўся, патрабавалі дапамогі людзям, якія пазбавіліся працы з-за пандэміі COVID-19, піша расейскае выданне „Медуза”. Затым пратэсты ва Уладзікаўказе дасягнулі моманту, калі мітынгоўцы пачалі патрабаваць адстаўкі кіраўніцтва Паўночнай Асетыі. Паводле розных ацэнак, на плошчы Свабоды перад будынкам рэспубліканскай адміністрацыі сабраліся каля 2 тысяч чалавек. Да людзей выйшаў кіраўнік Паўночнай Асетыі Вячаслаў Бітараў. Але паўнавартаснага дыялогу, як піша выданне, не атрымалася. Адбылося некалькі сутычак з паліцыяй і Расгвардыяй, а таксама АМАПам. Некалькі чалавек былі затрыманыя паасобку. Усяго паліцыя Уладзікаўказа заявіла пра 69 затрыманых на акцыі. Аднаго паліцыянта паранілі ў сутыкненні. Сілавікі рашыліся атакаваць і затрымліваць некаторых удзельнікаў толькі тады, калі людзі пачалі разыходзіцца.
У невялічкай цэнтральнаамерыканскай дзяржаве Беліз арыштавана 880 чалавек за парушэнне правілаў надзвычайнага стану. З 1 красавіка ад 8-й гадзіны вечара і да 5-й раніцы знаходзіцца на вуліцах нельга. Нягледзячы на вялікія штрафы і арышты, прадугледжаныя за парушэнне правілаў, для многіх белізеянцаў надзвычайны стан стаў вялікай праблемай. Камісар паліцыі Чэстэр Уільямс паведаміў мясцоваму выданню Amandala, што пераважна арыштаваныя людзі знаходзіліся на вуліцах гарадоў без дазволаў у забаронены час. Ім усім пагражае штраф у 5 тысяч даляраў. У выпадку нясплаты штрафу чалавеку можа пагражаць да 2 гадоў зняволення. У Белізе пачаліся суды над людзьмі, якія парушылі правілы падчас надзвычайнага стану. Як ацэньвае выданне, велізарная колькасць арыштаваных і іх штрафы можа істотна папоўніць дзяржаўны скарб.
Амаль 30 тысяч сталых людзей, старэйшых за 70 гадоў, патэлефанавалі па дапаможным нумары 147 у сталіцы Аргентыны Буэнас-Айрэсе напярэдадні, у першы дзень абмежавання на перасоўванні па горадзе. Такія захады прынятыя кіраўніцтвам Буэнас-Айрэса з-за пандэміі каронавірусу. Паводле звестак, абноўленых у панядзелак у другой палове дня, на лінію паступіла 29 076 тэлефанаванняў, і ў 39 % выпадкаў людзі прызнаваліся, што вырашылі „прыняць рэкамендацыю” гарадскога самакіравання заставацца дома ў якасці прафілактыкі супраць хваробы, піша ў аўторак раніцай шматтыражная сталічная газета La Prensa. Між тым, яшчэ 40% сталых людзей паведамілі, што збіраюцца пакінуць свае дамы, а 21%, а гэта 6 тысяч чалавек, былі вызвалены ад неабходнасці інфармаваць улады горада. У панядзелак кіраўнік мэрыі Буэнас-Айрэса Гарацыа Радрыгес Ларэта абгрунтаваў новыя захады, якія прымаюцца да людзей сталага веку для супрацьстаяння пандэміі каронавірусу. Яны прадугледжваюць неабходнасць спецыяльнага дазволу на выхад з дамоў, адзначае La Prensa.
Кенія стала першай афрыканскай краінай, якая наладзіла цэнтралізаваную эвакуацыю сваіх грамадзян з Кітаю, піша сайт panafricanvisions.com. Амбасада краіны ў Пекіне папрасіла сваіх грамадзянаў, якія маюць патрэбу вярнуцца ў Афрыку, купіць квіткі на самалёт і запоўніць анлайн-форму ў інтэрнэце. Усе грамадзяне Кеніі мусілі прайсці тэст на каронавірус і мець пры сабе на пералёт таксама даведку, што не хварэюць. А таксама пагадзіцца на 14-дзённы каранцін у Найробі, адмовіўшыся ехаць да сваякоў адразу. Аднак у кенійскіх грамадзян выклікала абурэнне неабходнасць на ўласныя сродкі купляць квіткі з Гуанчжоу і Пекіна да Найробі. Яны лічаць, што кенійскі ўрад мусіць патраціць грошы з адмысловага фонду на іх эвакуацыю. Акрамя таго, некаторыя суразмоўцы журналіста парталу Махамеда Мупенды заявілі, што сутыкнуліся з расісцкім абыходжаннем ад уладаў Кітаю, што нібыта яны могуць быць вінаватыя ў другой хвалі каронавірусу, якая можа распачацца ў Кітаі…
Беларускае Радыё Рацыя