COVID 19: агляд сусветнай прэсы



У Манголіі ўвялі велізарныя штрафы за з’яўленне на вуліцы без маскі. У Злучаных Штатах каронавірусам заразіліся каты. Падрабязнасці — у аглядзе сусветнай прэсы Кастуся Багушэвіча.

ПС: У штаце Нью-Ёрк, ЗША, знайшлі каронавірус у двух хатніх катоў. Як паведамляе Associated Press, Цэнтр па кантролі і прафілактыцы захворванняў і Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША лічаць, што каты могуць заразіцца ад іх уладальнікаў ці суседзяў. Адна жывёла выявіла прыкметы хваробы прыблізна праз тыдзень пасля таго, як гаспадар на кароткі час захварэў на рэспіраторныя захворванні. Аднак дыягназ COVID-19 у чалавека не ўстаноўлены. Уладальнікі паведамляюць, што жывёла часам выходзіла на двор і магла заразіцца ад інфікаванага чалавека звонку. Уладальнік другога ката захварэў на каронавірус. У цяперашні час у катоў ёсць сімптомы рэспіраторных захворванняў, і ветэрынары чакаюць, што яны адужаюць.

У адрозненне ад сваіх суседзяў, Швецыя так і не абвясціла агульны каранцін. Стратэгія, накіраваная на стварэнне шырокай базы для імунітэту пры абароне груп рызыкі, такіх як людзі састарэлага ўзросту, сталася супярэчлівай. Але ў бліжэйшыя тыдні Швецыю дасягне эфект статку, піша CNBC. Галоўны эпідэміёлаг Агенцыі грамадскага здароўя Швецыі Андэрс Тэгнэл сказаў, што колькасць новых захворванняў у Стакгольме і ваколіцах зараз абыходзіцца без рэзкіх скачкоў, сітуацыя ў іншых рэгіёнах Швецыі стабільная. 60% насельніцтва, на думку эпідэміёлага, маюць неабходны імунітэт, але патрэбны яшчэ доўгі перыяд для выпрацоўкі належнага ад каранавірусу. Канкрэтна ад каранавірусу сярод жыхароў Стакгольма, на думку Тэгнэла, ужо 20% маюць імунітэт, а цягам бліжэйшых тыдняў такіх стане яшчэ болей. Разам з тым ён прызнае, што група рызыкі, а гэта пажылыя людзі, сапраўды падвяргаецца вялікай рызыцы. У Стакгольме 15 322 выпадкі заражэння, ва ўсёй суседняй Даніі 8 тысяч, а ў Фінляндыі 4. Пры гэтым насельніцтва Даніі і Фінляндыі меншыя за шведскае, адпаведна адсотак хворых у краінах прыкладна аднолькавы, хоць Данія з Фінляндыяй даўно прынялі захады па каранціне, чаго не зрабіла Швецыя. Зрэшты, колькасць смерцяў большая якраз у шведаў — ужо 1 937 выпадкаў. У Швецыі тэсты рабіліся толькі тым, хто звяртаўся ў бальніцу, але цяпер іх робяць і работнікам бальніц, а таксама прадстаўнікам некаторых ключавых прафесій. Мерапрыемствы з удзелам болей за 50 чалавек забароненыя, а ў цэлым бары, рэстараны, начныя клубы працуюць. Працуюць і школы. Пры гэтым дазволены і перамяшчэнні паміж Даніяй і Швецыяй.

Дзяржаўная камісія па надзвычайных сітуацыях Манголіі забараніла грамадзянам краіны з’яўляцца ў грамадскіх месцах без ахоўнай маскі або рэспіратара. Генерал Бадрал, кіраўнік Дзяржаўнага ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях, сказаў мясцовай прэсе: «Чалавек, які не носіць маску падчас інфекцыі, наўмысна наносіць шкоду здароўю іншых людзей». Згодна з законам аб парушэннях, які прадугледжвае адказнасць за парушэнне правілаў каранціну і санітарна-гігіенічных нормаў, грамадзянін, які не выконвае рашэнне, прынятае Дзяржаўнай камісіяй па надзвычайных сітуацыях, ці не носіць маску, будзе аштрафаваны на 150 000 тугрыкаў. Гэта амаль 50 тысяч еўра. У Манголіі ахоўныя маскі прадаюцца ва ўсіх аптэках, у гандлёвых цэнтрах і ў маленькіх гандлёвых павільёнах. Манголія закрыла мяжу ў канцы студзеня, з таго моманту людзі сталі насіць маскі…

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя