COVID-19 не перадаецца праз укусы кляшчоў



Берасцейскі абласны Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі паведамляе, што COVID-19 не перадаецца праз укусы кляшчоў альбо іншых казюрак. Паводле інфармацыі ўстановы, у сувязі з надыходам актыўнасці лясных крывасмокаў павялічылася колькасць зваротаў жыхароў вобласці, якіх хвалюе гэтае пытанне.

Разам з тым кляшчы з’яўляюцца носьбітамі іншых жыццёва небяспечных інфекцый, таму неадкладна трэба звяртацца па дапамогу медыкаў, – адзначае лекар-эпідэміёлаг Таццяна Кім:

– Максімальна хутка звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Калі вы знаходзіцеся дзесьці далёка, напрыклад на рыбалцы, тады максімальна хутка трэба выняць. І выняць такім чынам, каб не пашкодзіць яго, і каб хабаток не застаўся ў скуры. Каб вы не раздавілі пальцамі гэтага кляшча, трэба зрабіць гэта вельмі акуратна. Калі ёсць магчымасць, то абгарнуць пальцы цэлафанавай плёнкай і выкруціць гэтага кляшча.

Таццяна Кім дадае, што калі атрымалася самім пазбавіцца ад крывасмока, усё адно варта здаць аналізы, каб быць упэўненымі ў адсутнасці клешчавага энцэфаліту.

Беларускае Радыё Рацыя