Cправа аб гібелі радавога Аляксандра Коржыча перададзена ў пракуратуру
Следчы камітэт перадаў крымінальную справу аб гібелі Аляксандра Коржыча пракурору для накіравання ў суд, паведамляе СК.
Нагадаем, аб завяршэнні расследавання справы аб гібелі Коржыча Следчы камітэт абвясціў 19 красавіка.
Радавога 3-й вучэбнай танкавай роты 3-й школы 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Узброеных сіл ураджэнца Пінска Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка мінулага года знайшлі павешаным у падвале медыцынскай роты. У давядзенні маладога чалавека да самагубства абвінавачваюцца тры сяржанты з яго часці. Ім інкрымінуецца ўчыненне злачынства па ч. 3 арт. 455 КК (злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзейнасць улады). Гэты склад адносіцца менавіта да воінскіх злачынстваў. Справа распачатая менавіта па ч. 3 арт. 455, а не па арт. 145 КК (давядзенне да самагубства), паколькі было ўчынена службовае злачынства, якое мела вынікам цяжкія наступствы.
Як раней паведамлялася, Генпракуратура Беларусі санкцыянавала эксгумацыю цела Аляксандра Коржыча. На гэтым настойвала маці загінулага, паколькі яна не згодная з версіяй следства аб давядзенні сына да самагубства.
Фота: svaboda.org