Cуды над удзельнікамі Дня Волі



У судзе Цэнтральнага раёна Менска  судзілі  ўдзельнікаў святкавання Дня Волі 25 сакавіка, а таксама пікету ў падтрымку асуджанай расейскім судом грамадзянкі Украіны Надзеі Саўчанкі. Гэты пікет адбыўся 21 сакавіка.

Усяго, па дадзеных грамадскіх назіральнікаў і праваабаронцаў, разгледжаны адміністрацыйныя справы адносна 16 чалавек.

Па словах грамадскага актывіста Аляксандра Меха, якога судзілі за  ўдзел у мітынгу у парку Янкі Купалы на Дзень Волі, яго абвінавачанне пабудавана на супярэчлівых і ілжывых сведчаннях міліцыянераў і на фальшывым пратаколе:

– Мне падаецца, што я змог у судзе паказаць, што гэтая справа цалкам сфальшаваная. Я паказаў пры допыце сведкаў, што яны хлусяць. Паказаў на прыкладзе пратакола, што і пратакол складзены хлусліва. А калі сказаць агулам, то проста ідзе расправа, карэктна – праз суды. Таму я заяўляю, што гэтае паседжанне нічога агульнага з правасуддзем не мае.

Тым не менш, Аляксандр Мех аштрафаваны на 50 базавых велічынь. Гэта 10 з паловай мільёнаў беларускіх рублёў. На такую ж суму пакараны сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, маладафронтавец Зміцер Дашкевіч, актывісты грамадскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Леанід Кулакоў і Максім Вінярскі.

Суды над старшынём Аб’яднанай Грамадзяскай партыі Анатолем Лябедзькам і кіраўніком Руху салідарнасці „Разам” Вячаславам Сіўчыкам перанесены. Некалькі спраў яшчэ разглядаюцца.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота svaboda.org