Cуткавы рэкорд смяротнасці пацыентаў з COVID-19
Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 24.873, памерлі 142 чалавекі, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
Такім чынам, за апошнія суткі памерла сем чалавек (рэкорд), а агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 павялічылася на 967, або на 4% (у папярэднія суткі былі 933 новыя выпадкі і чатыры смерці). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што памерлі пацыенты „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”.
Паправіліся і выпісаныя 6.974 пацыенты (+443 за суткі).
У міністэрстве адзначылі, што ў краіне 38 лабараторый ажыццяўляюць аналіз тэстаў на каранавірус. „Праведзеныя 284.445 тэстаў”, — гаворыцца ў паведамленні.
Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку хворых па абласцях і Менску, а таксама колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх і якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”.
12 мая на нарадзе па праекце ўказа аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў цяперашніх эпідэміялагічных умовах галоўнае не статыстыка па колькасці тых, хто захварэў, а выратаванне жыццяў людзей. „Будзем лячыць людзей, будзем глядзець, што будзе далей. Але хачу ў сувязі з тым, што я падняў гэтае пытанне, катэгарычна папярэдзіць, што галавой усе адказваюць за смяротнасць насельніцтва”, — прыводзіць словы кіраўніка дзяржавы яго прес-служба.
„Усе гэтыя паказчыкі, ковідаўскія і нават пнеўманійныя, колькі ў нас там учора было, колькі сёння і якая дынаміка, — гэта ўсё сыдзе, гэта ўсе забудуць. А вось людзі, якія загінулі, якіх мы маглі выратаваць, але не выратавалі, — гэта застанецца”, — упэўнены Лукашэнка.
„Жалезна трэба патрабаваць ад Міністэрства аховы здароўя і ўрачоў захавання жыцця людзей. Я пра гэта ў храме нядаўна казаў, і я гэта бяру на сур`ёзны кантроль”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
belapan.by