Cяргей Пантус: Пройдзена кропка незвароту



Грамадскі актывіст з Лідчыны, сябра Руху „За Свабоду” Сяргей Пантус выкліканы на допыт ў Следчы камітэт у якасці сведкі ў сувязі са справай па перашкодзе праезду цягнікоў на Лідчыне. Актывіст лічыць гэты выклік псіхалагічным ціскам і запалохваннем.

На думку актывіста, пратэстныя выступы на Лідчыне суцішыліся, але хутчэй гэта звязана з надвор’ем, чым з запужваннем актывістаў:

– Не думаю, што гэта звязана толькі з тым, што людзі баяцца. Яшчэ якое надвор’е, бачыце. Такім надвор’ем асабліва нічога не паробіш. Гэта збег абставінаў. Але, я думаю, што кропка незвароту пройдзена. Людзі не хочуць, каб было так, як было раней. Людзі не чакаюць, а ўжо прагнуць пераменаў.

Спадар Пантус упэўнены, што ўлада павінна пайсці на кампраміс, а не толькі рэагаваць сілаю:

– Улада павінна рэагаваць не толькі дручкамі міліцэйскімі, але і нейкія захады рабіць, каб усё ж такі грамадства супакойвалася, знайшоўшы кансэнсус. А не адна частка грамадства проста закрыла ў турмах, прыглушыла, забіла  другую частку грамадства.

Цягам апошніх некалькіх дзён прадстаўнікі сілавых органаў прыходзілі на Лідчыне з ператрусам да амаль дзесяці актывістаў, а таксама шукалі актывіста і журналіста Юрыя Дзешука.  

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: mff.by