Да 2025 года Менск цалкам пяройдзе на артэзіянскую ваду



 Да 2025 года сталіца поўнасцю пяройдзе на водазабеспячэнне з артэзіянскіх крыніц, паведаміў 18 лютага на прэс-канферэнцыі начальнік вытворчасці „Мінскводаправод” камунальнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства „Мінскводаканал” Антон Галаскок, адказваючы на пытанне БелаПАН.

Паводле яго слоў, сёння стаіць задача забяспечыць артэзіянскай вадой Фрунзенскі раён і частку Маскоўскага. Для яе рэалізацыі падрыхтаваны план, распрацаваныя перадпраектныя дакументы. „Нам зразумела, як тэхнічна зрабіць перавод на падземныя крыніцы”, — сказаў Галаскок.

Ён падкрэсліў, што да рэалізацыі задачы працягнецца хлараванне водаправоднай вады, якую атрымліваюць з паверхневых крыніц. „Адмовіцца ад хларавання такой вады мы не можам. Гэта вымушаная мера, якая дазваляе выконваць нормы санітарнага заканадаўства. Буйныя гарады Еўропы выкарыстоўваюць хлор для абеззаражання вады”, — адзначыў спецыяліст.

Начальнік вытворчасці „Мінскводаканала” паведаміў, што сёння прадпрыемства наведала французская дэлегацыя. Яе прадстаўнікі, паводле слоў Галаскока, адзначылі, што „вада ў Менску на смак больш якасная, чым у іх у Парыжы”. „Мы дастаткова часта гэта чуем ад нашых гасцей. Вядома, вада з артэзіянскіх крыніц і паверхневых моцна адрозніваецца на смак і пах”, — адзначыў прадстаўнік прадпрыемства.

На пытанне, ці будзе ў сталіцы развівацца сетка фантанчыкаў з пітной вадой, Галаскок адказаў: „У нас ёсць фантанчыкі ў гарадскіх парках, вядзецца праца, каб іх стала ў горадзе больш. Мы падтрымліваем ідэю павелічэння колькасці фантанчыкаў і разглядаем магчымасці іх устаноўкі побач з такімі аб’ектамі, як, напрыклад, веладарожка. Гэтае пытанне прапрацоўваецца, думаю, што неўзабаве яно будзе вырашанае”.

Паводле інфармацыі спецыяліста, у падпарадкаванні „Мінскводаправода” 3.100 км водаправодных сетак, 15 водазабораў, адна станцыя, якая пастаўляе ваду з паверхневых крыніц (забяспечвае 30% аб’ёму водазабеспячэння). Штосутачна горад спажывае 450 тыс. куб. метраў вады. „Уся вада цалкам адпавядае патрабаванням санітарна-гігіенічнага заканадаўства”, — запэўніў начальнік вытворчасці.

belapan.by