Да 2050 года на поўдні Беларусі надвор’е будзе, як сёння на поўначы Украіны
Агракліматычная зона, характэрная для сённяшняй поўначы Украіны, да 2050 года зойме амаль увесь поўдзень Беларусі. Такі прагноз зрабілі эксперты фінансуемай Еўразвязам праграмы Clima East, паведаміла на прэс-канферэнцыі 24 жніўня ў Менску каардынатар беларуска-ірландскага праекта „Мясцовы клімат” Марыя Фалалеева.
„У траўні скончыўся вельмі вялікі еўрапейскі праект Clima East, у рамках якога былі распрацаваны новыя прагнозы, яны даволі ўражлівыя. Калі цяпер у нас на поўдні краіны толькі з’явілася зона, якая характэрна для Украіны, то да 2040-2050 гадоў яна будзе займаць ўжо не самы поўдзень, а прасунецца на поўнач Беларусі”, — сказала яна.
Так, паводле прагнозаў экспертаў Clima East, новая для Беларусі агракліматычная зона да сярэдзіны стагоддзя распаўсюдзіцца па ўсёй тэрыторыі Гомельскай вобласці, пераважнай часткі Брэсцкай вобласці і невялікай часткі паўднёвага ўскрайку Мінскай вобласці.
Упершыню аб тым, што ў паўднёвых рэгіёнах Беларусі з’явілася новая агракліматычная зона, супастаўная з поўначчу Украіны, 15 верасня мінулага года журналістам паведаміла Марыя Гермянчук, якая ў той час узначальвала Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя (Белгідрамет).
„Калі раней мы назіралі ў Беларусі тры асноўныя агракліматычныя зоны, то зараз іх чатыры, бо адбыўся зрух зон на поўнач, — адзначала яна. — Калі раней першая — самая халодная — агракліматычная зона займала каля 40% усёй краіны, то цяпер яна складае каля 10-12% (пераважна на тэрыторыі Віцебскай вобласці. — БелаПАН.). Другая і трэцяя агракліматычныя зоны засталіся амаль у тым жа маштабе, што і раней”.
У сферы ўплыву чацвёртай агракліматычнай зоны, паводле слоў Гермянчук, гадавая сума тэмператур больш за +10°С перавышае +2.600°С. Гэта было зафіксавана ў Маларыцкім, Драгічынскім, Лунінецкім, Столінскім раёнах Брэсцкай вобласці, Лельчыцкім, Брагінскім, Нараўлянскім, часткова Жыткавіцкім раёнах Гомельскай вобласці. „Максімальна прасунулася на поўнач гэтая агракліматычная зона ў цэнтральнай частцы Гомельскай вобласці, прыкладна да Жлобіна”, — адзначала Гермянчук.