Да 30-ці чалавек затрымалі на маршы ў Берасці
Пра гэта паведаміў мясцовы праваабаронца Уладзімір Вялічкін. Нядзельным днём некалькі групаў берасцейцаў, якія налічвалі некалькі сот чалавек, спрабавалі сфармаваць калону.
Людзі збіраліся на набярэжнай Францыска Скарыны і вуліцы Савецкай, дзе адразу некаторых з іх пачалі затрымліваць асобы ў форме супрацоўнікаў АМАП, а рэшта калоны рассейвалася:
– Калі АМАП пачаў пераследаваць людзей па Савецкай у бок кінатэатра, мы выйшлі праз арку з-за дома. У гэты час выйшла яшчэ адна групка АМАПу і проста хапалі людзей, якія стаялі ля прыпынку, ля шапіку Белсаюздруку, іх проста забіралі.
У выніку спробы прайсці маршам у арганізаванай калоне былі толькі дзве: па Савецкай ад Будзёнага і да Машэрава, а таксама па набярэжнай Францыска Скарыны да бульвара Шаўчэнкі. У мясцовых Telegram-каналах з’яўляліся фотаздымкі пратэстоўцаў з бел-чырвона-белымі сцягамі з паасобных акцыяў, як напрыклад фота з акцыі падтрымкі палітвязняў ля СІЗА №7.
Такім чынам берасцейцы працягваць у той ці іншай форме пратэставаць супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце