Да 80% анказахворванняў паражніны рота выяўляюць на позніх стадыях



У Беларусі да 80% злаякасных захворванняў паражніны рота выяўляюць на позніх стадыях пры аглядзе ў стаматолага, паведаміў галоўны лекар Рэспубліканскай клінічнай стаматалагічнай паліклінікі Андрэй Мацвееў 6 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Паводле яго слоў, летась у сталіцы правялі акцыю па прафілактыцы пухлін галавы і шыі. Прыём ва ўстановах аховы здароўя вялі мультыдысцыплінарныя брыгады ў складзе анколага, ЛОР-лекара і стаматолага. «Анкалагічныя захворванні былі выяўленыя ў 6% пацыентаў. Гэта сярэднесусветная лічба. Іншае пытанне, што выяўленне такіх паражэнняў на позніх стадыях у стаматалогіі дасягае, на жаль, 80%», – падкрэсліў ён.

Мацвееў адзначыў, што Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт (БДМУ) сумесна з Інстытутам фізікі Нацыянальнай акадэміі навук распрацоўваюць айчынны аналаг прыбора, які дазваляе выявіць у роце пацыента наяўнасць змененых тканін. «Гэтая распрацоўка дазволіць нават ідэнтыфікаваць тое ці іншае захворванне і паставіць папярэдні дыягназ», – сказаў ён.

Прафесар кафедры стаматалогіі дзіцячага ўзросту БДМУ Наталля Шакавец паведаміла, што ў Беларусі на два гады працягнуты міжнародны праект «Еўразія» па своечасовым выяўленні прыкмет злаякаснага паражэння тканін і органаў паражніны рота і павышэнні дасведчанасці лекараў у гэтай галіне. У ім бяруць удзел Арменія, Беларусь, Малдова і Нарвегія. Рэалізацыя праекта пачалася ў 2016 годзе з ініцыятывы медуніверсітэта нарвежскага Бергена, ён разлічаны на тры гады. У верасні 2019 года нарвежскі бок выдзеліў грант на працяг праекта па 2021 год.

«Праект аб’яднаў патамарфолагаў (вывучаюць змены ў тканінах пры дапамозе мікраскопа. – БелаПАН.) і стаматолагаў. Ён вельмі важны, таму што патамарфолагі вучаць калег, як правільна даследаваць паражніну рота, на што звяртаць увагу, як забіраць матэрыял на аналіз, акцэнтуюць увагу лекараў і студэнтаў на ранняе выяўленне захворванняў», – сказала Шакавец.

Нарвежскі бок перадаў універсітэтам Менска, Ерэвана і Кішынёва якасныя электронныя мікраскопы для навучання даследаванню ўзятых на аналіз узораў. «У межах праекта мы мяняем праграму падрыхтоўкі студэнтаў-стаматолагаў. На пятым курсе ў іх будзе павялічаная колькасць гадзін па правілах забору біяпсіі і правілах своечасовага выяўлення анказахворванняў», – дадала прафесар.

Яна падкрэсліла, што праблема выяўлення анказахворванняў паражніны рота ў тым, што 60% з іх лекары знаходзяць на позніх стадыях – 3-й і 4-й. «У асноўным запушчаныя хваробы выяўляюць у людзей з праблемных слаёў, якія злоўжываюць алкаголем, заядлых курцоў, людзей, якія прыходзяць да стаматолага ў лепшым выпадку раз на пяць-сем гадоў. Таму яшчэ адна задача гэтага праекта – павысіць дасведчанасць людзей аб тым, што трэба своечасова наведваць стаматолага. СААЗ рэкамендуе гэта рабіць два разы на год, але не шмат людзей прыходзяць так часта», – растлумачыла Шакавец.

У цэлым, адзначаюць стаматолагі, па паказчыках стаматалагічнага здароўя насельніцтва Беларусь знаходзіцца на сярэднееўрапейскім узроўні.

Загадчыца 2-й кафедры тэрапеўтычнай стаматалогіі БДМУ Таццяна Манак дадала, што дзякуючы правядзенню ў краіне на працягу ўжо 30 гадоў праграмы прафілактыкі стаматалагічных захворванняў беларусы сталі менш губляць зубы. «Даследаванні, якія мы праводзім больш за 20 гадоў, паказваюць, што калі раней у чалавека ва ўзросце прыблізна 40 гадоў у сярэднім было да шасці выдаленых зубоў, то цяпер – да чатырох. Аднак гэта не той ідэал, якога хацелася б дасягнуць», – сказала яна.

БелаПАН