Да абласных Дажынак у Слоніме з’явілася новая плошча



У пятніцу, 14 лістапада, у Слоніме адбудзецца Гродзенскі абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2014”.

Амаль чатыры месяцы будаўнікі з усёй Гарадзеншчыны добраўпарадкоўвалі цэнтр горада над Шчарай. Паміж вуліцамі Карла Маркса і Чырвонаармейскай насупраць райвыканкама ў Слоніме з’явілася новая вялікая плошча з трымя фантанамі, якія будуць “запалены” у дзень адкрыцця Дажынак. Будаўнікі шчыра прызналіся, што ў старыжытным Слоніме будзе самая прыгожая плошча ў Беларусі.

Да Дажынак новы выгляд атрымаў і раённы цэнтр культуры, дзе і адбудзецца цырымонія ўручэння прэмій пераможцам абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю 2014 года і святочны канцэрт. Дарэчы, усе мерапрыемствы Дажынак у Слоніме перанеслі на некалькі гадзін пазней. Справа ў тым, што ў Гродна ў пятніцу завітае Аляксандр Лукашэнка, таму старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў яго будзе там сустракаць і, толькі пасля ўсіх сустрэч з прэзідэнтам, ён прыедзе ў Слонім. І толькі тады пачнецца афіцыйная цырымонія адкрыцця Дажынак.

А вось гарадскі парк каля канала Агінскага да канца добраўпарадкаваць будаўнікі не паспелі. Работы будуць працягнуты ўжо вясною. Падчас Дажынак плануецца яшчэ святочнае адкрыццё спартыўнага комплексу і адкрыццё памятнага знака “Герб горада Слоніма” на новай плошчы горада.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара